Веснік Камітэта дзяржкантролю

Вестник Комитета госконтроля

Веснік Камітэта дзяржкантролю
Прыпіскі
Маніторынгам, праведзеным Камітэтам дзяржкантролю вобласці ў Расонскім лясгасе, устаноўлены факты прыпісак аб’ёмаў выкананых работ пры правядзенні выбарачных санітарных высечак у Краснапольскім лясніцтве.
Па дакументах усё выглядала чыста і гладка: складзены акт абследавання пашкоджаных насаджэнняў, выпісаны лесасечны білет на правядзенне выбарачнай санвысечкі на плошчы 18 га, у жніўні-верасні высечка праведзена на плошчы 17 га, нарыхтавана больш за 300 м куб. драўніны, лясніцтвам аформлены пуцявыя лісты на тралёўку і падвозку сартыментаў. Нарыхтаваная драўніна была рэалізавана спажыўцам. За ўказаныя работы за кошт сродкаў бюджэту была налічана і выплачана зарплата ў суме 2,5 тыс. руб., спісана 0,7 т гаруча-змазачных матэрыялаў на суму 1 тысяча руб.
Пры вывучэнні месцаў санітарных высечак устаноўлена, што работы фактычна не праводзіліся (у асобных месцах імітавана правядзенне высечкі, на лесасеках знаходзілася каля 20 м куб. нарыхтаванай драўніны, якая, як высветлілася, была нарыхтавана напярэдадні прыезду правяраючых).
Загадамі Віцебскага ДВЛГА і ДЛГУ “Расонскі лясгас” за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты ляснічы Краснапольскага ляс-ніцтва, памочнік ляснічага і два майстры лесу лясніцтва. Акрамя таго, з вінаватых асоб спаганяецца кошт аплачаных, але не выкананых работ (2,5 тыс. руб.), а таксама кошт неабгрунтавана спісаных ГЗМ (1 тыс. руб.)
А што ж на практыцы?
Для пражывання ці адпачынку Лепельскі раён вельмі прывабны. На тэрыторыі раёна размешчана 136 прыгожых азёр, больш за 80 рэк і ручаёў. Жамчужына прыроды Беларусі – Бярэзінскі біясферны запаведнік, з яго некранутай прыродай, вялікай разнастайнасцю біялагічных відаў жывёл і раслін. Немалаважны фактар – блізкасць буйных гарадоў, у тым ліку сталіцы краіны. Лепшага месца для таго, каб пабудаваць свой домік у вёсцы, развіваць экатурызм, цяжка знайсці. А што ж на практыцы?
Праверка Камітэта дзяржкантролю вобласці Лепельскага райвыканкама паказала, што мясцовымі органамі ўлады не прымаюцца дастатковыя меры ў вырашэнні пытання прадастаўлення грамадзянам зямельных участкаў для будаўніцтва (абслугоўвання) жылых дамоў, калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва.
Так, у парушэнне патрабавання заканадаўства, згодна з якім мясцовыя выканаўчыя камітэты абавязаны фарміраваць пералікі свабодных зямельных участкаў для мэт прадастаўлення іх грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва, не была размешчана інфармацыя пра свабодныя пасля зносу лядашчых дамоў 274 зямельныя ўчасткі, што маюць адпаведную інфраструктуру.
Па выніках праверкі прыняты меры па ўхіленні парушэння. У пералікі свабодных (незанятых) зямельных участкаў дадаткова ўключана 216 зямельных участкаў. Службовыя асобы, якія дапусцілі парушэнні пры фарміраванні поўных пералікаў свабодных участкаў, будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №90 ад 20.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *