В Шумилинском районе ёлочные базары начнут работать с 22 декабря

Актуалии Новости Общество

Ёлачныя базары – з 22 снежня
Па інфармацыі дырэктара Шумілінскага лясгаса Аляксандра Лабынцава, ёлачныя базары ў нашым раёне пачнуць сваю работу 22 снежня.
Усе жадаючыя набыць галоўны атрыбут навагодняга свята павінны звяртацца ў мясцовыя лясніцтвы. Кошт навагодніх дрэў у залежнасці ад іх памеру будзе вагацца ад 8 рублёў і вышэй.
У той жа час лесаводы нагадваюць, што самастойная нарыхтоўка елак і сосен без дазваляльных дакументаў забаронена, і незаконная высечка хваёвых дрэў караецца немалымі штрафамі. У прыватнасці, за незаконнае знішчэнне, у тым ліку незаконную парубку альбо пашкоджанне драўнінна-хмызняковай расліннасці закон прадугледжвае штрафы ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь на фізічную асобу, ад 20 да 200 БВ – на індывідуальнага прадпрымальніка, ад 50 да 300 БВ – на юрыдычную асобу.
У гэтыя пераднавагоднія дні, зазначыў А. С. Лабынцаў, работнікі лясгаса сумесна з  прадстаўнікамі тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, работнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пераходзяць на ўзмоцнены рэжым аховы лясоў для недапушчэння незаконных высечак хваёвых дрэў. Арганізаваны аператыўныя рэйдавыя мерапрыемствы, на аўтадарогах, якія праходзяць каля лясных масіваў, сумесна з супрацоўнікамі ДАІ будуць выстаўлены кантрольныя пасты.
Акрамя гэтага, на тэрыторыі дзяржаўнага ляснога фонду ўстаноўлены відэакамеры, якія дазваляюць весці назіранне за лесам. Так што з гэтым лепш не жартаваць, каб не азмрочваць сабе перадсвяточны настрой.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №98 ад 18. 12.2018 г.