Детские SOS-деревни Беларуси приглашают на работу родителей-воспитателей

Образование Общество

Кожнае дзіця мае права  жыць у любячай сям’і
Мы не робім нічога асаблівага.
Мы проста хочам даць дзіцяці тое, што ёсць у іншых дзяцей”.
Герман Гмайнер,  аўстрыйскі сацыяльны педагог, аўтар і стваральнік дзіцячых вёсак SOS

Кожнае дзіця мае права на тое, каб расці ў любячай сям’і, у атмасферы клопату і ўзаемаразумення. Але жыццё часам бывае вельмі жорсткім: страта бацькоў, абыякавасць, а часам бяздушныя адносіны ў роднай сям’і — усе гэтыя беды, на жаль, часта выпадаюць на долю малых.
Ідэя выхавання дзяцей, якія засталіся без бацькоў, ва ўмовах, набліжаных да сямейных, актыўна рэалізуецца ў нашай краіне з дапамогай такіх сацыяльных праектаў, як дзіцячыя вёскі і гарадкі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, прыёмныя сем’і.
Гэтыя праекты паспяхова развіваюцца, і ў сувязі з гэтым узнікла вострая патрэба ў бацьках-выхавальніках — людзях, якія гатовы раздзяліць сваё жыццё з дзецьмі, клапаціцца пра іх і дарыць ім сваю любоў.
Калі вы гатовы падарыць любоў і клопат дзецям-сіротам, вы можаце стаць бацькамі-выхавальнікамі ў прыватнай сацыяльна-педагагічнай установе адукацыі “SOS-Дзіцячая вёска Магілёў” ці ў прыватнай сацыяльна-педагагічнай установе адукацыі “SOS-Дзіцячая вёска Бараўляны”. Бацькамі выхавальнікамі могуць стаць як сямейныя пары, так і незамужнія жанчыны ва ўзросце ад 28 да 45 год, з дзецьмі або без дзяцей, якія маюць вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю. Калі незамужняя жанчына, працуючы выхавальніцай, вырашыць выйсці замуж, гэта не будзе перашкодай для прадаўжэння кар’еры ў SOS-Дзіцячай вёсцы.
Інфармацыя па тэлефонах:
8(0222) 27 61 31 — Магілёў,
8(017) 265 40 41 — Бараўляны.
Бацькам-выхавальнікам прапануюцца камфортныя ўмовы працы і пражывання — асобныя сучасныя дамы для кожнай сям’і, годная аплата працы, прафесійная дапамога і падтрымка псіхолагаў і педагогаў па пытаннях выхавання дзяцей, дапамога адміністрацыі ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў. Час работы бацькамі-выхавальнікамі залічваецца ў агульны працоўны стаж, што гарантуе права на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і пенсійнае забеспячэнне.
У выпадку, калі бацькамі-выхавальнікамі становіцца сямейная пара, працоўныя адносіны заключаюцца з адным з бацькоў. У той час як другі можа працягваць работу па сваёй асноўнай спецыяльнасці. Апекай жа і выхаваннем дзяцей, вядома ж, займаюцца абодва.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаем кандыдатаў з усёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Дзеці чакаюць вашай падтрымкі і любві. Можа, менавіта вы станеце самым блізкім чалавекам у іх жыцці.
Алена ЛЯХ, спецыяліст па развіцці персаналу грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска”.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *