Хотели сжечь сухую траву, а сожгли полдеревни…

Актуалии Бяспека

Са старой бочкі атрымліваецца добрая печка для спальвання смецця.

Вясна без надзвычайных здарэнняў


Для адных прыход вясны – чаканая радасць, час, калі нарэшце можна заняцца любімымі і карыснымі справамі, выйсці на агарод і прысядзібны ўчастак прыбрацца і навесці парадак. Для супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях гэты перыяд – сапраўдны галаўны боль, няспынныя выезды на тушэнне палаў.

Міфы пра карысць палаў
У народзе трывала ўкараніўся міф пра спрыяльнае ўздзеянне палаў на навакольнае асяроддзе, маўляў, такім чынам можна паскорыць рост маладой травы. На самой справе – адна шкода.
Па-першае, адмерлая раслінная біямаса паслужыць крыніцай гумусу, глебавай урадлівасці і асновай для новага жыцця. Палы знішчаюць біяразнастайнасць і ўрадлівасць, парушаюць натуральную прыродную раўнавагу і садзейнічаюць распаўсюджванню хвароб і шкоднікаў раслін.
Па-другое, у выніку  выпальвання адбываецца дэградацыя расліннага покрыва, збядняецца яго відавы склад. У агні гіне насенне кветак, пустазелле ж наадварот, маючы магутныя карані, выжывае і павялічвае сваю колькасць.
Па-трэцяе, з прыходам вясны прачынаюцца павукі, божыя кароўкі, чмялі і матылькі, выходзяць з укрыццяў жабы, яшчаркі і вожыкі, хаваюцца ў сухой траве зайчаняты, садзяцца на гнёзды жаваранкі, кнігаўкі і курапаткі. Пры моцным травяным пажары гінуць практычна ўсе жывёлы, якія жывуць у сухой траве ці на паверхні глебы.
Па-чацвёртае, пры пажарах у атмасферу выдзяляецца вялікая колькасць ядавітага дыму, а пры спальванні смецця, у прыватнасці, пластыку (ПВХ) у паветра трапляюць таксічныя рэчавы.
Спецыяльная печка ў дапамогу
Выратавальнікі раяць спальваць смецце ў спецыяльнай печцы. “Печку можна зрабіць са старой бочкі, пральнай машыны, нерабочай газавай пліты, –  расказвае супрацоўнік РАНС Вадзім Півавараў. – Самы просты варыянт: у 200-літровай бочцы выразаецца адтуліна ў днішчы. Калі ёсць магчымасць, у канструкцыю можна дабавіць трубу і дзверцы з зашчапкай. Атрымаецца нешта накшталт “буржуйкі”, зручнай і бяспечнай. Бочка ўстанаўліваецца гэтай адтулінай уверх на цэглу ці металічную падстаўку з рашоткай для прытоку паветра. Бочка загружаецца смеццем і падпальваецца. Каб не было вялікай колькасці іскраў, выразаную адтуліну часткова закрываюць лістом жалеза. Па меры спальвання смецце дабаўляецца ў бочку. Пасля выдалення попелу можна спальваць пластыкавыя пакеты, бутэлькі і інш.”.
Палім смецце ў кастры
Пры развядзенні кастра трэба прыняць меры, каб агонь не распаўсюдзіўся за межы пляцоўкі, а таксама забяспечыць пастаянны кантроль за працэсам гарэння. Абавязкова наяўнасць сродкаў тушэння: рыдлёўкі і вядра з вадой. Выратавальнікі нагадваюць, што спальваць адходы дапушчальна пры слабым ветры і пры захаванні наступных адлегласцяў: 10 метраў ад будынкаў і збудаванняў, 20 метраў ад ляснога масіву, 30 метраў ад месцаў, дзе складзіруецца сена і салома. На прысядзібных участках можна гатаваць ежу ў спецыяльных прыстасаваннях на мінімальнай адлегласці да будынкаў не менш 4 метры.
Выязджаем на шашлыкі
Адпраўляючыся на шашлыкі, людзі выбіраюць маляўнічыя месцы, а ад’язджаючы адтуль, пакідаюць пасля сябе горы смецця, бітае шкло, пластык. Забываюць пры гэтым нават патушыць касцёр, кідаюць у траву акуркі і запалкі. Адзін парыў ветру – і агонь спальвае ўсё на сваім шляху.
Каб адпачынак на прыродзе быў бяспечным, варта дакладна прадумваць усе меры бяспекі, не пакідаць непатушаныя кастры, запалкі, акуркі, шкляныя бутэлькі, не праходзіць міма травы, якая гарыць. Пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі абавязкова паведамляць пра ўзгаранне ў дзяжурную службу МНС па нумары 101.
Парушальнікам – штраф
“Пры выяўленні фактаў парушэння заканадаўства вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, – паведаміў Вадзім Півавараў. – За выпальванне сухой расліннасці ці непрыняцце мер па ліквідацыі палаў прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь (ад 245 да 980 рублёў). А вось за распальванне кастра ў забароненых месцах чакае папярэ-джанне ці штраф да 12 базавых велічынь  (294 рублі). У выключных выпадках парушальнікі могуць быць прыцягнуты і да крымінальнай адказнасці”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №25 ад 29.03.2019 г.