В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

Ферма стала даўгабудам
Полацкім міжраённым камітэтам дзяржкантролю выяўлены факт безгаспадарчасці ў н. п. Гарбачова Расонскага раёна пры рэканструкцыі раённым аграсэрвісам малочна-таварнай фермы на 400 галоў для прывязнога ўтрымання буйной рагатай жывёлы.
Дагавор падраду на выкананне будаўніча-мантажных работ заключаны з Расонскай ПМК-63. Рэканструкцыя фермы ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў райаграсэрвісу і льготнага крэдыту банка (частка працэнтаў пагашаецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту). Пры гэтым крэдытныя рэсурсы не былі асвоены ў поўным аб’ёме, у верасні на пазыковым рахунку мелася рэшта грашовых сродкаў на суму 92,4 млн. руб. А разам з тым ферма пераўтварылася ў даўгабуд пры нарматыўнай працягласці рэканструкцыі згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй 10,2 мес. З моманту пачатку рэканструкцыі фермы прайшло ўжо 27 месяцаў, але ў верасні бягучага года яе гатоўнасць склала 62,5%.
Больш таго, пры наведванні аб’екта адзначана няякаснае выкананне работ. Райаграсэрвіс не прызначыў адказную службовую асобу па кантролю за правядзеннем будаўніча-мантажных работ на ферме.
З кастрычніка 2010 года райаграсэрвіс выкарыстоўвае ферму, якая недабудавана і не ўведзена ў эксплуатацыю, для стойлавага ўтрымання жывёлы. Гатоўнасць аб’екта на дадзены момант складае ўсяго 56,3%, а не за гарамі зіма. Пытанне застаецца на кантролі ў Камітэце дзяржкантролю вобласці.
Транспартная праблема вырашана
З удзелам Камітэта дзяржкантролю вырашана транспартная праблема работнікаў ААТ “Рудакова”.
Многія работнікі сельгаспрадпрыемства (тут працуе звыш 600 чалавек) пражываюць у аграгарадку Ноўка, іншыя — у абласным цэнтры. У час сустрэчы ў ліпені з кіраўніком Камітэта дзяржкантролю А. Якабсонам людзі скардзіліся на нязручную работу грамадскага транспарту і прапаноўвалі прадоўжыць маршрут аўтобуса да цяплічнага камбіната ААТ “Рудакова”. Кіраўнік кантрольнага ведамства паабяцаў разабрацца з гэтым пытаннем.
Пасля ўмяшальніцтва кантрольнага органа ў даную сітуацыю, месяц таму Віцебскі аўтапарк №1 па буднях арганізаваў работу аўтобуснага маршрута №41 “Смаленскі рынак — ААТ “Рудакова” з прыпынкам “Камбінат “Цяплічны”. На маршруце працуе адзін аўтобус, які выконвае 6 рэйсаў у дзень. Па водгуках работнікаў камбіната праблема з праездам да месца работы і назад вырашана.
Пра парадак у інтэрнатах
Камітэтам дзяржкантролю пры правядзенні маніторынгу па пытаннях стану жыллёва-бытавых умоў пражывання ў інтэрнатах Віцебска навучэнцаў ліцэяў і каледжаў выяўлены шэраг парушэнняў.
Па-першае, ні службай МНС, ні санітарна-эпідэміялагічнай службай не праводзіцца праверка гатоўнасці будынкаў інтэрнатаў да навучальнага года.
Напрыклад, у размешчаным у цэнтры горада інтэрнаце “Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа”, дзе вучацца швейнаму майстэрству, жыццё як быццам спынілася ў мінулым стагоддзі. Будынак 1960 года пабудовы даўно без капрамонту: згнілі вокны і не адчыняюцца для праветрывання, на сценах трэшчыны, вуглы пакояў верхняга паверху зацякаюць, хол для адпачынку з тэлевізарам адгароджаны ад жыльцоў металічнай рашоткай.
Адзначаны шэраг парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі і санітарных нормаў.
Самае дзіўнае, што каледж мае другі інтэрнат, які на трэць пусты. Праўда, ён таксама не рыхтаваўся да навучальнага года. У холах склады атрыманай у жніўні мэблі, матрацы, падушкі і пральнае абсталяванне.
Для ўхілення заўваг кіраўніцтву каледжа спатрэбіўся адзін дзень. Атрымліваецца, што кантроль павінен быць штодзённым?
Па-другое, пры пражыванні ў інтэрнатах навідавоку грубае парушэнне нарматываў жылой плошчы на аднаго вучня, калі пад выглядам наяўнасці свабодных месцаў пакоі прадастаўляюцца для пражывання асобам з іншых арганізацый. Да прыкладу, у інтэрнаце “Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя” (пр. Чарняхоўскага) вучні займаюць толькі два паверхі з васьмі. 201 навучэнца размясцілі ў 53 пакоях: па 5 чалавек у 3-х месны нумар.
Узнікае заканамернае пытанне: чаму за кошт сродкаў, выдзеленых на ўтрыманне ўстановы адукацыі, утрымліваецца жыллёвы фонд, а дзеці жывуць на кватэрах? Толькі па папярэдніх даных 56 чалавек знімаюць кватэры, у той час як у інтэрнаце пражываюць работнікі “Беларусбанка”, “Белтэлекама”, “Альянспласту”, “Жылбуду” і інш.
Асобы, вінаватыя ў парушэнні правілаў прадастаўлення жылых памяшканняў у інтэрнатах, нясуць адказнасць згодна з заканадаўствам. Але да пачатку праверкі ёсць некалькі тыдняў самім навесці элементарны парадак.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №80 ад 18.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *