Заседание пункта общественного порядка г.п. Шумилино

Общество

“Трэцяга разу не будзе!”
Часта дарослыя вельмі паходзяць на малых дзяцей. Сваімі паводзінамі, клятвеннымі абяцаннямі не рабіць таго, чаго не трэба. Ну, скажам, пацягнулася рука за чужымі рэчамі, за   грашыма ў чужой кішэні. Схапілі за руку, а ён моліцца: ”Больш не буду!” Сеў аднойчы за руль “пад мухай”, злавілі, а ён на калені: ”Таварыш міліцыянер, даруйце, такога больш не паўторыцца!” Тое самае пра тых, хто п’е без меры і часта. Перад членамі грамадскага пункта аховы парадку г. п. Шуміліна, пасяджэнне якога вяла намеснік старшыні камісіі Л. А. Грузневіч, ся-дзелі маладыя хлопцы, дарослыя мужчыны, знешне даволі прыстойныя людзі. Каяліся. Двое, як пад дыктоўку, клятвенна запэўнілі камісію практычна аднымі і тымі ж словамі: “Трэцяга разу не будзе!”
Трэці, апошні раз — тая мяжа, за якой пачынаецца афармленне на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Ніхто з мужчын, якіх запрасілі на размову, не хацеў паехаць на адпачынак у такі “санаторый”, таму і бухалі, вобразна кажучы, сабе ў грудзі, кляліся, што “больш такога не бу-дзе”.  А “такога” — гэта значыць, не трапляцца на вочы міліцыянеру.  Вядома, вельмі было б нядрэнна, каб яны наогул кінулі піць, бо гэтае “зелле” нічога, акрамя праблем, чалавеку не прыносіць.
Вось трое сяброў-таварышаў з базы райспажыўтаварыства, разгрузіўшы вагон, справу замачылі. Аказалася мала. Заскочылі ў магазін “Эканом” за півам, палічылі, што іх прадавец аблічыла, і ўчынілі скандал. Прадаўцы выклікалі міліцыю. Двое затрыманых — маладыя і нежанатыя, праўда, у аднаго з іх у “актыве” ўжо два пратаколы. Трэці меў сям’ю, развёўся, да дачкі, якая засталася з маці, наведваецца рэдка. Што, за гарэлкай няма часу?..
Якіх толькі гісторый не наслухаешся на такіх пасяджэннях! Адзін мужчына меў добры і ўхвальны намер — памяняць падлогу, якую “з’еў” грыбок. Але ў суботу пачаў не з падлогі, а з піва. Жонка яго не зразумела, пачаўся скандал, жанчына выклікала міліцыю. У другога была сям’я, але сёння ён жыве з маці ў адной кватэры. ”Сваю пакінуў жонцы, — гаворыць ён. — Прыехаў з Поўначы, дзе быў 15 гадоў. Амаль чатыры гады жыву ў Шуміліне, выязджаю на заробкі ў Расію…”. А пасварыўся з маці за тое, што тая, як Плюшкін з вядомай паэмы Гогаля, цягне ў хату ўсякі хлам. Ён у трохпакаёвай кватэры займае “дзіцячы” пакой, аднак жа не можа прабіцца часам з-за хлам’я  на кухню. А скандал учыніў, наступіўшы на “корак”. Жыццё ніяк чалавека не навучыць: калі ты хочаш даказаць сваю справядлівасць, сваю праўду, даказвай цвярозым. Маці 75, у яе ёсць свой старэчы “капрыз”, таму  з ёй варта абыходзіцца вельмі асцярожна. Усіх чакае старасць, і невядома, як кожны з нас яе сустрэне, з якімі дзівацтвамі.
Яшчэ адна гісторыя прывяла проста ў шок. Сям’ю, у якой муж і жонка даўно пенсіянеры, проста ліхаманіць ад рэўнасці і прэтэнзій алькоўна-сексуальнага плана. Жанчына абвінавачвае гаспадара ў тым, што ён “прапівае пенсію”, бадзяецца абы-дзе, “цягае жанчын лёгкіх паводзін”, ён катэгарычна з гэтым не згаджаецца. Жывуць яны разам дзевяць гадоў, і, па словах гаспадыні, трэшчыну сямейнае жыццё ў іх дало адразу ж, як толькі  сышліся. Жанчына падала на развод, кватэра на ёй. Куды гаспадару? На радзіму, на Міншчыну, дзе яго ніхто не чакае? Праўда, падчас гаворкі ўзнікла дзіўнае ўражанне: гэтыя людзі, якім за 70 гадоў, як ніхто лепш апраўдваюць вядомае народнае выслоўе: ”Мілыя сварацца — толькі цешацца”.
І нарэшце — пра тых запрошаных для прафілактыкі, якім я ўдзячны за падказку загалоўка для нататкі. Адзін, больш сталага веку, які прыйшоў на пасяджэнне са старэнькай матуляй, кляўся: ”Піць не буду!” А маці пра-сіла: “Не адпраўляйце яго нікуды, ён добры, ён і дровы паколіць, і гарод абарэ…”. Другому няма і 30. Прыгожы, статны юнак, а чарка губіць. Хочацца верыць, што яго словы: “Трэцяга разу не будзе!” — не пусты гук…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №82 ад 25.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *