Пожарная безопасность. Штраф за “жучок”.

Бяспека Официально

Паставіў “жучок” – атрымай штраф
Кожны з нас стараецца не парушаць заканадаўства. Але ёсць шэраг выпадкаў і сітуацый, якія могуць прывесці да адміністрацыйнай адказнасці, калі мы пра гэта нават не падазраём. Напрыклад, за захламленне люка на балконе пагражае штраф у памеры 30 базавых велічынь.
Артыкулам 23.56 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Парушэнне заканадаўства пажарнай бяспекі” папярэджвае, што за грэбаванне патрабаваннямі тэхнічных прававых актаў сістэмы супрацьпажарнага нарміравання чакае папярэджанне або штраф у памеры да 30 базавых велічынь. А калі правілы пажарнай бяспекі парушаны асобай, адказнай за іх выкананне, то гэта вядзе да штрафу ў памеры ад 30 да 50 базавых велічынь.
У дамах многіх жыхароў нашага раёна ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Праз год-паўтара ў іх “садзіцца” батарэйка. У адпаведнасці з п.13.6  “Правілаў пажарнай бяспекі для жылых пабудоў, інтэрнатаў, індывідуальных гаражоў і садаводчых таварыстваў” наймальнік павінен падтрымліваць апавяшчальнік у рабочым стане. Парушэнне гэтага правіла таксама вядзе да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу да 30 базавых велічынь.
На жаль, маюць месца выпадкі, калі менавіта адсутнасць батарэек у апавяшчальніку каштавала чалавеку жыцця. Напрыклад, у в. Саннікі Круглянскага раёна  ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём у прыватным доме адбыўся пажар, у якім загінулі тры чалавекі. Гаспадыня дома, яе сужыцель і іхні агульны знаёмы пасля ўжывання спіртных напіткаў заснулі і не змаглі выбрацца з палаючага дома. А калі б працаваў апавяшчальнік, то трывожны сігнал маглі б пачуць суседзі ці прахожыя і дапамагчы людзям выбрацца з полымя.
Часта людзі не ўдзяляюць належнай увагі электраправадам, разеткам, электрапрыборам. На жаль, і ў некаторых жыхароў нашага раёна пераматаныя ізаляцыйнай стужкай правады лічацца нормай. Напэўна, не ўсе ведаюць, што за гэта пагражае штраф у памеры да 30 базавых велічынь. Як, дарэчы, і за “жучкі”, якія нехта яшчэ ставіць у электралічыль-ніках.
Бывае, што і няспраўны халадзільнік прыводзіць да пажару. Менавіта так здарылася з жанчынай аднаго з гарадскіх пасёлкаў. Яна не звярнула ўвагі, што халадзільнік працаваў з перабоямі. І дарэмна. Аднойчы ноччу гаспадыня прачнулася ад едкага паху дыму. Ратуючыся, атрымала апёкі.
У Законе Рэспублікі Беларусь “Аб пажарнай бяспецы” гаворыцца, што кожны грамадзянін павінен ведаць і выконваць патрабаванні пажарнай бяспекі дома, у быце. Бацькі павінны вучыць бяспецы дзяцей. Але часта, калі дарослыя на рабоце, дзеці прадастаўлены самі сабе. Падчас яны знаходзяць ў інтэрнэце цікавыя звесткі пра тое, як самастойна зрабіць петарды ці як ярка будзе гарэць касцёр, калі ў яго даліць гаручую вадкасць. Дарэчы, за распальванне кастроў у забароненых месцах, за ілжывае паведамленне пра выбух або падпал адміністрацыйная адказнасць наступае з 14 гадоў.
Добра, калі дзіця з дзяцінства бачыць станоўчы прыклад дарослых. Калі бацькі ўдзяляюць сваім дзецям патрэбную ўвагу, то, напэўна, не здарыцца такіх трагедый, як у Брэсцкай вобласці. Трынаццацігадовы Пеця за паўгода здзейсніў два наўмысныя падпалы. Па яго віне гарэла школа, гарэў дом матчынага сужыцеля. У першых двух выпадках людзі не пацярпелі. А вось у трэці раз не абышлося без ахвяр. Калі бабуля хлопчыка лягла спаць, унук разліў па пакоі бензін і падпаліў. Бабулю не ўдалося ўратаваць…
І. КРУКАЎ, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Надрукавана ў №84 ад 01.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *