«Битва дворов» прошла в Шумилино. Футболисты 6 часов сражались за победу

Актуалии Моладзь Навіны Спорт

Шэсць гадзін гульні нумар адзін
У нядзелю 25 жніўня прайшоў розыгрыш чацвёртага турніру па дваравым футболе «Бітва двароў».

2016 год. Максім Крыгін і Аляксандр Прусакоў арганізуюць на футбольнай пляцоўцы ў «Верхнім» горадзе Шуміліна першы турнір па дваравым футболе. Тады за перамогу змагаліся толькі дзве дзіцячыя каманды. Ці маглі падумаць тады арганізатары, што турнір стане традыцыйным, і ў ім будуць браць удзел каманды з усяго раёна?
Сёлета да двух шумілінскіх арганізатараў далучыўся віцяблянін Сяргей Мароз, а турнір сабраў дзевяць каманд у дзвюх узроставых катэгорыях. За перамогу змагаліся юныя футбалісты і футбалісткі ад 7 да  16 год з «гары» і «брыкету», аграгарадкоў Светласельскі і Слабада. Футбольныя матчы судзілі настаўнік Шумілінскай СШ №1 Сяргей Сахончык і інструктар-метадыст фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Павел Барысаў.
Такую яркую і бескампрамісную барацьбу могуць падарыць толькі дзеці з іх дзіцячымі імпэтам і максімалізмам. Колькі было  розных падзенняў, удараў на нагах і збітых да крыві каленак?! Толькі гэтыя «дробязі» не маглі спыніць юных футбалістаў на шляху да перамог. Асабліва «малышоў», якіх заўзята падтрымлівалі іх галоўныя балельшчыкі – маці і таты.
Больш чым шэсць гадзін доўжыўся турнір. Увесь гэты час «Верхні» горад жыў футболам, дарослыя і дзеці забыліся пра гульні ў тэлефонах і камп’ютарах.
Сярод «малышоў» прызавыя месцы размеркаваліся так: першае – «Брыкет-2», другое – «Тытан», трэцяе – «Брыкет-1».  У старэйшай узроставай групе перамагла каманда «Алмаз», другімі сталі футбалісты з «Тарнада», трэцімі – з «Маладзёжкі».  Акрамя дыпломаў і медалёў, пераможцаў чакаў і сюрпрыз ад фізкультурна-аздараўленчага цэнтра – камандны абанемент у басейн.
А завяршыліся спаборніцтвы традыцыйна: агульным чаяваннем, дзе галоўным быў торт у выглядзе футбольнага поля.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2019 г.