“Подводные камни” маркетинга. Про “золотую” манку и белорусскую гречку

Общество Экономика

Пра “залатую” манку і беларускую грэчку
Ніхто не западозрыць мяне ў тым, што я “добрая” гаспадыня: капусту не квашу, гуркі не салю, сняданкі не гатую (і дзе толькі маё сумленне?). Ды я і не прэтэндую на такое высокае званне. Таму закупам прадуктаў займаюся, мякка скажам, рэдка. Думаю, што для гэтага дастаткова ўручыць мужчыне спіс неабходнага – справіцца. Канешне, пра тое, што цэны зараз скачуць, узлятаюць, дазваляюць сабе іншыя акрабатычныя вольнасці, я ведаю. Таму, калі ў магазіне “Ганна” мне прапанавалі манныя крупы па 9 тысяч 620 рублёў за 800 грамаў, а кукурузную — па 11 200 за тыя ж грамы, я, канешне, здзівілася, але заплаціла, спісаўшы ўсё на інфляцыю, высокі курс долара і сусветны фінансавы крызіс.
Праўда, дома мяне высмеялі разам з маімі “залатымі” крупамі і прапанавалі больш не “падключаць” гаспадыню, а займацца тым, што атрымліваецца лепей. Я і не супраць, але ведаць маштабы трагедыі ўсё ж хочацца.
І што высвятляецца? У магазіне “Садавіна-гародніна” кіло (кіло-о-о!) манкі каштуе 5600, ва ўніверсаме “Цэнтральны” — 5960, у “Вежы” — 3640 (!!!). Адшукаць што-небудзь даражэйшае за 9 тысяч 620 рублёў (усяго за 800 грамаў, прычым) пад назвай “крупы манныя” мне так і не ўдалося.
Калі вы думаеце, што крупы гэтыя асаблівыя, а есці іх можна без масла і цукру, то памыляецеся. Што да мяне, дык мне гэтая каша наогул у горла не лезе. Падумаць толькі, за выкладзеныя грошы можна было купіць тры кілаграмы той жа манкі плюс два кілаграмы кукурузных круп (гэтыя “сонечныя” крупы прадаюцца сёння па 5-6 тысяч за кіло) – усяго пяць кіло. А ў мяне на руках аказаліся толькі 1 кілаграм 600 грамаў.
Кажуць, рынак павінен урэгуляваць цэны. Ён і рэгулюе, толькі заўжды знойдуцца такія, як я, і на “залаты” тавар. Буду рада, калі мой прыклад для некага стане навукай.
Сёння, ахвяраваўшы сціпласцю і няёмкасцю, варта ўдакладняць у прадаўца кошт тавару. У супермаркетах ёсць нагода старанна вывучаць прад’яўленае на паліцах, бо таннейшы тавар, як правіла, адсунуты далей, ганарова прыкрыты суродзічам з больш кідкім цэннікам. Гэта ж не забаронена, гэта зараз называецца маркетынгам. Толькі канкрэтнаму пакупніку, нам з вамі, такое звычайна каштуе грошай, зарабляюцца якія не так лёгка, як трацяцца.
Працягваючы харчовую тэму, хацелася б даведацца і пра абяцаную нам танную беларускую грэчку. Якая, дарэчы, ужо з поспехам прадаецца ў віцебскіх магазінах па 15-16 тысяч за кілаграм. На паліцах шумілінскіх крамаў я такой не знайшла (скажу чэсна, абышла не ўсе гандлёвыя кропкі). Калі арыентавацца на галоўны магазін горада, то там гэтыя крупы нам прапануюць па 22 тысячы за 800 грамаў (значыць, па 27 тысяч за кілаграм). Па ўсім відаць, пакуль гэтую не раскупім, танных круп мы не ўбачым.
Вось так, раз і назаўсёды ў мяне адпала жаданне стаяць у адной чарзе  з сапраўднымі гаспадынямі: страшна ўявіць, якіх намаганняў і спрыту каштуе ім заставацца на варце харчовай бяспекі сваіх сем’яў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *