Если в кране нет вады — вы забыли про долги

Общество Экономика

Чаму ў кватэрах няма вады? Адключылі за даўгі…

Шчыра кажучы, няёмка сябе адчуваеш, калі некаму запазычыў. Але так несамавіта адчувае сябе далёка не кожны. Перад дзяржавай запазычылі за “камуналаў” па раёне больш за тысячу чалавек. “Менавіта столькі асабістых рахункаў пратэрмінавана, – удакладняе юрысконсульт камунгасу В. А. Емяльянаў. – Агульная сума доўгу насельніцтва за камунальныя плацяжы зараз складае 122,4 мільёна рублёў. А на 1 студзеня 2011 года сума была 185,2 мільёна”. І самая вялікая сума доўгу ў аднаго з жыхароў райцэнтра перад камунгасам – разам з пеняй амаль пяць з паловай мільёнаў рублёў. Як у камунгасе працуюць з даўжнікамі? У мінулыя гады абразалі ацяпляльныя батарэі (такіх даброт пазбаўлена каля 20 кватэраздымшчыкаў), летась і сёлета абразаюць у кватэрах ваду. Не, робяць гэта не знянацку, а некалькі разоў папярэдзіўшы. Але, як паказвае практыка, такія папярэджанні мала на каго дзейнічаюць. Затое адключэнне гарачай і халоднай вады, асабліва ў шматпавярховых дамах, – метад дзейсны. “Людзі пачынаюць варушыцца, думаць, дзе зарабіць грошы, каб пагасіць даўгі, – гаворыць Вячаслаў Анатольевіч. – Ды і калі ў суседа абрэзалі ваду, аб гэтым ведае ўвесь пад’езд. Людзі баяцца, каб з такой непрыемнай місіяй не прыйшлі і да іх. Сёлета адключылі ваду ў 15 кватэрах, а вось у мінулым годзе было 68 адключэнняў. Неплацельшчыкам тлумачым, што за самавольнае падключэнне вады пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Ёсць выпадкі, калі праз месяц-другі пасля адключэння вады знаходзіліся грошы на пагашэнне даўгоў па квартплаце. Напрыклад, такое здаралася ў Мікіцісе. У такім разе зноў падключалі ў кватэрах ваду, праўда, не бясплатна…” За даўгі без вады засталіся не толькі неплацельшчыкі ў райцэнтры, але і некалькі чалавек з Обалі, Мікіціхі, Мікалаёва, Добрына. Калі чалавек не плаціць за кватэру больш за тры месяцы (як правіла, сума доўгу набягае больш за трыста тысяч рублёў), то камунгас падае іск у суд. Сёлета пададзена 483 такія заявы на суму 188,6 мільёна рублёў. Прычым тры заявы, пададзеныя на высяленне лю-дзей, былі задаволены. Жыхар са Светласельскага, які ператварыў сваю кватэру ў сапраўдны сметнік, быў выселены на вуліцу, – гаворыць Вячаслаў Анатольевіч. – Кватэра пры гэтым перайшла ва ўласнасць дзяржавы. Хапае кватэр, дзе антысанітарыя. Маем спіс такіх сем’яў. Напрыклад, сёлета за антысанітарыю ў кватэрах штраф ад 10 да 20 базавых велічынь атрымалі 14 чалавек. Ёсць і яшчэ кандыдаты”. Дарэчы, ёсць і кандыдаты на высяленне з кватэр. Напрыклад, рыхтуюцца дакументы на двух жыхароў Обалі…

Ларыса КІСЯЛЁВА.

Надрукавана ў №92 ад 29.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *