Учимся на ошибках. Короткое замыкание, сгорела плата. Что делать?

Закон Общество

Скарга, якую “нарадзіў” газавы кацёл
Скарга на пустым месцы нараджаецца рэдка. У нашым выпадку праўду шукаць інваліда 2 групы В. М. Лугіну з в. Прыазёрная вымусілі выключныя абставіны: з яе скупой па сутнасці пенсіі давялося заплаціць за рамонт газавага катла 539 тысяч рублёў. “Дапамажыце вярнуць грошы!” —  слёзна  просіць жанчына, тэлефануючы ў рэдакцыю газеты.
Праўда, гісторыя гэта здарылася 23 кастрычніка 2011 года. У той дзень “заіскрыла” на электрычным слупе, выклікалі майстроў з   РЭС. Прыехалі, наладзілі “электрыку”, але газавы кацёл не ўключыўся. В. М. Лугіна ўстрывожылася, патэлефанавала ў  СТАА “Альфа-Калор” г. Віцебска, якая абслугоўвае газавае абсталяванне.  Прыехалі. “Паляцела электронная плата”, — сказалі. Замянілі плату, жанчына аддала за рамонт грошы. “Плату, што сапсавалася, не выкідвайце: яна Вам спатрэбіцца”, — папярэдзілі.
Кола, як кажуць, закруцілася. Дакладней, закруціў яго зяць жанчыны, які і заняўся справай. Звярнуўся са скаргай у энергазбыт. Там сказалі: “Не ў нашай кампетэнцыі” і перадалі заяву ў раён электрасетак. Неўзабаве прыехала камісія з Віцебска і дала заключэнне. Акт праверкі, датаваны 17 лістапада 2011 года, пераслалі В. М. Лугінай. У акце адзначана, што 23 кастрычніка г. г. “напружанне на ўводзе ў Ваш дом (дом В. М. Лугінай — аўт.) адпавядала норме. Пры абследаванні кантактных злучэнняў слядоў падгарання або парушэнняў надзейнасці злучэнняў правадоў  не выяўлена”. І далей: “Пры пад-ключэнні ацяпляльнага газавага катла да электрасеткі дома дапушчаны шэраг парушэнняў патрабаванняў інструкцыі па эксплуатацыі абсталявання. Спецыялісты СТАА “Альфа-Калор” не падключылі зазямляючыя кантакты сілкуючай разеткі да “нуля”, не абсталявалі кацёл стабілізатарам напружання, не зрабілі асобны аўтаматычны выключальнік падключэння катла. Гэтыя факты ўказваюць, што падключэнне катла да электрасеткі праводзілася некваліфікаваным і непадрыхтаваным персаналам.”
Удакладнім: СТАА “Альфа-Калор” толькі падключае газавы кацёл з тым, каб запусціць прыродны газ, і ставіць электроніку на абслугоўванне. Уся электрыка “завязана” на гаспадару. Аб гэтым сказалі ў “адным акне” РВУ “Шумілінарайгаз”, там жа і не пакінулі сумненняў пра кампетэнтнасць фірмы “Альфа-Калор”. Так што В. М. Лугіна павінна была наняць электрыкаў-прафесіяналаў, а не спадзявацца на славутае “авось”.
Здаецца, можна ў гісторыі паставіць кропку, калі б не пару нюансаў, на якіх хочацца засяродзіць увагу. У сям’і В. М. Лугінай баяцца падаваць заяву ў суд для кампенсацыі выдаткаў на рамонт катла. “Мы ж не ведаем, куды той суд паверне?” — прызнаецца жанчына. А каб зніклі такія сумненні, патрэбна была прафесійная экспертыза па лініі энергетыкаў. Ёсць лабараторыя ў Віцебску, але ніхто туды не звяртаўся, не кажучы пра Мінск, дзе і выносяць, па словах начальніка раённай энергаінспекцыі Я. М. Лебедзева, самы дакладны “вердыкт”, які і стаў бы нагодай для заявы ў суд. Але такая экспертыза каштуе нямала грошай…
І апошняе. Калі В. М. Лугіна звярталася ў  РЭС з заявай, адзін малады спецыяліст электрасетак павёў сябе, мякка кажучы, недалікатна. Начальніку Д. В. Муркову належыць, на нашу думку, вучыць кадры абыходлівасці і такту, ветлівасці і прыстойнасці. Асабліва ў дачыненні да людзей сталага веку.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №94 ад 06.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *