Безопасность детей в автотранспорте

Бяспека

Крэслы –  не па ўзросце, а па вазе
З пачатку года ў нашай рэспубліцы адбылося больш за 400 аварый, у выніку якіх пацярпелі ці загінулі непаўналетнія.
Толькі па Віцебскай вобласці з дзецьмі-пасажырамі зарэгістравана 17 аварый, у якіх адно дзіця загінула, 19 былі шпіталяваны з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Двое дзяцей ва ўзросце да двух гадоў, адзін ва ўзросце да чатырох гадоў, пяцёра дзевяцікласнікаў і дзевяць падлеткаў 6-7 класаў атрымалі цялесныя пашкоджанні.
Вельмі сур’ёзныя траўмы ў час ДТЗ атрымліваюць дзеці, якія сядзяць не ў дзіцячых крэслах і не прышпілены рамянямі. Як паказваюць даследаванні, дзеці, якія сядзяць на штатных сядзеннях і прышпілены звычайнымі рамянямі бяспекі атрымліваюць цялесныя пашкоджанні  ў пяць разоў часцей, чым тыя, хто едзе на сядзеннях, падабраных па росту і камплекцыі. Дарэчы, выкарыстанне дзіцячых аўтамабільных крэслаў можа зменшыць на 70-90% рызыку атрымання дзіцяці траўмы або смяртэльнага зыходу. Тлумачыцца гэта тым, што дзіцячыя шыйныя пазванкі яшчэ не зусім моцныя і пры сутыкненні не здольныя ўтрымаць  галаву. Як правіла, вынік аварыі – пералом пазваночніка. Напрыклад, у час лабавога сутыкнення транспартных сродкаў пры хуткасці 50 кіламетраў у гадзіну дзіця вагою 25 кілаграмаў рухаецца наперад пад дзеяннем энергіі з сілай снарада вагою ў адну тону, што раўназначна падзенню з чацвёртага паверха. У такой сітуацыі, нават знаходзячыся на руках у дарослага чалавека, дзіцяці не пазбегнуць цяжкіх траўм.
Галоўны крытэрый у выбары крэслаў не ўзрост, а вага дзіцяці. Усяго прадугледжана пяць груп спецыяльных дзіцячых утрымліваючых устройстваў. Прычым яны павінны ўстанаўлівацца толькі на задніх сядзеннях. Як паказваюць даследаванні, самае бяспечнае месца ў аўтамабілі на сярэднім заднім сядзенні.
Акрамя выкарыстання спецыяльных утрымліваючых устройстваў для бяспекі пасажыраў, неабходна захоўваць наступныя правілы: закрываць дзверы аўтамабіля на перасцерагальную засоўку, не пакідаць на заднім сядзенні цяжкія і вострыя прадметы, бо ў момант рэзкага тармажэння яны могуць траўміраваць дзіця. Нельга дазваляць малому ў час руху стаяць на заднім сядзенні, бо ў выпадку ДТЗ  яно можа пераляцець праз спінку пярэдняга сядзення і ўдарыцца аб пярэдняе шкло ці панэль. Калі вы сапраўды клапоціцеся пра бяспеку вашага малыша пры перавозцы яго ў аўтамабілі, абавязкова купіце аўтакрэсла.
Для самых маленькіх падыдуць аўтакрэслы групы 0 (вага дзіцяці да 10 кілаграмаў) і 01 (вага да 13 кілаграмаў). Крэслы групы 1 трэба купляць дзецям, якія важаць 9-18 кілаграмаў, групы 2 – 15-25 кілаграмаў, групы 3 – 22-36 кілаграмаў.
В. БУРЛАКОЎ, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы ДАІ РАУС.
Надрукавана ў №96 ад 13.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *