Рейд по проверке сторожевой охраны в районе продолжается

Бяспека Сельское хозяйство Экономика

Ферма наводшыбе. Вартаўніка няма
Разам з участковым міліцыянерам РАУС Дзмітрыем Ліпскім і вядучым спецыялістам райсельгасхарчу Наталляй Мончык едзем на фермы і майстэрні УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” і КУСГП “Сіроцінскі”. Правяраць вартаўнікоў. Паўторны рэйд у гэтыя гаспадаркі незнарок: менавіта тут два тыдні таму было шмат парушэнняў.
Ці выправілі? Так, зрухі да лепшага ёсць, але не ўсюды, робіць выснову ўчастковы інспектар.
Прыязджаем на ферму Саломенка. Тэрыторыя асветлена. На шум УАЗіка з бытоўкі выходзіць вартаўнік.  “Цішыня кругом, адразу ж чутна, як пад’язджае машына, – гаворыць мужчына. – Вось прапальваю печку, агонь падтрымліваю ўсю ноч – і самому цёпла, і трэба ж вады даяркам нагрэць для прамыўкі даільнай сістэмы. Вада спатрэбіцца і ў выпадку начных ацёлаў”. На першы погляд здаецца, што на ферме ўсё ў парадку. Прэтэнзіі хіба можна прад’явіць толькі па пажарнай бяспецы: на грубцы сушацца анучы, дровы (на здымку). Гэта недапушчальна. Тым больш, што вартаўнік  увесь час не знаходзіцца ў пакоі адпачынку, і за парадкам ў кароўніку сочыць, і ацёлы прымае.
Пакой адпачынку на ферме Зямцы сустрэў холадам. Гэта адчуваецца, нават калі заходзіш з вуліцы. “З печкай тут усё ў парадку, а вось дроў не нарыхтавалі, – скардзіцца вартаўнік. – Цяпер яшчэ не вельмі холадна, а зімой што будзем рабіць? Стараюся ўвесь час хадзіць, у нас сёлета ўкралі транспарцёры з фермы, дык цяпер боязна, што злодзеі зноў з’явяцца”. Вартаўнік адказвае за два памяшканні – кароўнік і цялятнік. Размешчаны яны адзін ад аднаго метраў за трыста. Далекавата.
Па майстэрнях у Добрыне і Пабедзе не было ніякіх прэтэнзій: вартаўнікі на месцы, тэхніка ў арачніках, трактары стаяць у радок, тэрыторыя асветлена.
А вось ферма Залужжа сустрэла поўнай цемрай, тут быццам і жыццё спынілася. З ліхтарыкам заходзім у кароўнік. Знаходзім цёмны пакой адпачынку. І раптам з цемры  знянацку раздаецца гучны голас: “Хто тут?” Запальваецца святло. Перад намі малады чалавек, прадстаўляецца вартаўніком. На пытанне, чаму сядзіць у цемры, адказвае: “Мне сказалі эканоміць…”
А вось на ферме Паратоўка не эканомяць. Апоўначы святло тут гарэла і ў кароўніку, і ў цялятніку. Але праходзім ўздоўж па памяшканнях, гукаем. У адказ – цішыня. “Сёлета тры разы падчас начных рэйдаў пабываў на гэтай ферме, – гаворыць Дзмітрый Ліпскі. – Два разы вартаўніка тут не было, заспелі толькі аднойчы, і тое быў п’яны”.
Так што, калі б нехта вывеў з хлява карову, і святло не перашкодзіла б – ферма знаходзіцца наводшыбе…
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *