Как на тоненький ледок…

Бяспека

Вы ступілі на лёд
Штогод на вадзе гінуць людзі. У час першых маразоў многія выходзяць на лёд, не задумваючыся пра асцярожнасць, тым самым ставяць сябе ў небяспечнае становішча. Заўсёды трэба памятаць пра простыя, але вельмі важныя меры бяспекі.
Праверце на трываласць
Бяспечным для адзіночнага пешахода з’яўляецца лёд зеленаватага колеру, таўшчынёй не менш 7 см. Для абсталяванага катка – таўшчынёй не менш 10-12 см, а для масавага катання – 25 см. Не правярайце трываласць лёду ўдарамі нагі – гэта павялічвае рызыку апынуцца ў вадзе.
Бяспечная лыжня
Зразумела, на лыжах пераходзіць рэчку ці возера куды больш бяспечна, чым пешшу. Але і тут ёсць свае тонкасці. Паглядзіце: магчыма, побач ужо ёсць пракладзеная лыжня. Калі такой няма, то трэба адшпіліць мацаванне лыжаў, каб пры неабходнасці хутка ад іх пазбавіцца. Палкі лепш трымаць у руках, не накідваючы петлі на кісці. Рукзак рэкамендуецца накінуць на адно плячо. Калі вы пераходзіце возера групай, то памятайце, што адлегласць паміж лыжнікамі, ды і пешаходамі, павінна быць не менш чым пяць метраў.
Рыбакам на заметку
Аматары падлёднай рыбнай лоўлі, нягледзячы на сумны вопыт сваіх калег, выходзяць на рэчкі і азёры нават у час моцных адліг. Што параіць у такіх выпадках? Не прабівайце некалькі лунак побач, не збірайцеся вялікімі групамі ў адным месцы, не лавіце рыбу каля прамыін, нават калі там і самы лепшы клёў. Заўсёды трымайце пад рукамі лінь – трывалую вяроўку даўжынёй 15–20 метраў з завесай на адным канцы і грузам вагой 400-500 грамаў на другім.
Вызваліцца з падлёднага палону
Калі ўсё ж вы праваліліся пад лёд, трэба дзейнічаць хутка і ўпэўнена: кінуць у бок берага замацаваны на поясе лінь, шырока раскінуць рукі па баках лёду і без рэзкіх рухаў спрабаваць выбрацца на трывалы лёд. Затым, лежачы на жываце ці спіне, рухацца ў бок берага, адначасова клікаючы на дапамогу.
Прыйсці на дапамогу
Калі вы сталі сведкам таго, як чалавек праваліўся пад лёд, крыкніце яму, што вы спяшаецеся на дапамогу. Накіроўвайцеся да палонкі толькі паўзком, шырока раскінуўшы рукі. Лепш падкласці пад сябе лыжу, фанеру альбо дошку. Не падпаўзайце да самага краю, за некалькі метраў да вады працягніце таму, хто трапіў у бяду, вяроўку, палку ці іншы прадмет, што ёсць пад рукою.  Гэта можа быць рэмень, шалік, дошка. Калі вас некалькі, можна легчы на лёд ланцужком, трымаючы адзін аднаго за ногі, і такім чынам рухацца да пралому. Падаўшы пацярпеламу падручны сродак, пастарайцеся выцягнуць яго на паверхню лёду і паўзком выбрацца з небяспечнай зоны. Адразу чым-небудзь накрыйце пацярпелага, як мага хутчэй дастаўце яго ў цёплае месца.
Небяспечныя месцы
І лыжнікам, і рыбакам, і любому, хто вырашыў прайсціся па лёдзе, варта яшчэ на беразе звярнуць увагу на сцежкі ці сляды, падумаць, дзе могуць чакаць небяспечныя месцы. Лёд можа быць нетрывалым каля сцёку вод (напрыклад, з фермы, прамысловага прадпрыемства). Звычайна лёд тонкі і рыхлы каля чароту, пад гурбамі, у месцах, дзе водарасці ўмёрзлі ў лёд. Абыходзьце пляцоўкі, дзе б’юць крыніцы, дзе хуткае цячэнне, дзе ўпадае ручай. А яшчэ лепш увогуле не праяўляць самаўпэўненасці, паказной смеласці і не выходзіць на лёд у непрыстасаваных для гэтага месцах. Такое геройства можа дорага каштаваць. Будзьце асцярожныя, не стаўцеся абыякава да свайго жыцця!
У. ВЯРЛОЎ, старшыня раённага таварыства ратавання на водах.
Надрукавана ў №98 ад 20.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *