Портрет нарушителя общественного порядка

Закон Общество

Партрэт з натуры
Чарговае пасяджэнне савета грамадскага пункту аховы парадку. Старшынствуе А.М. Зайцаў, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Удзел бяруць прадстаўнікі розных сфер дзейнасці: тут і прафсаюзы, і юрысты, і моладзь, і праваахоўнікі, і многія іншыя. За тры гадзіны работы ўдаецца “прапусціць” 25 чалавек – “падапечных” ці “пацыентаў”, як хочаце.  Гэтым жа саставам і без перапынку працуе і наглядальная камісія пры райвыканкаме, куды запрасілі пяць чалавек, што нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі.
У каго ёсць “шанс” трапіць на падобныя мерапрыемствы? У тых, хто злоўжывае спіртнымі і нецвярозы знаходзіцца ў людных месцах; у тых, хто вызваліўся з месцаў заключэння і нідзе не працуе; у тых, хто любіць паскандаліць з роднымі і не толькі; і нават у тых, хто “ўсяго толькі” нецэнзурна выказваецца.
З імі гутараць паасобку, некаму прапануюць дапамогу ў пошуку працы, медыцынскую ці якую іншую. А некаму проста даюць канкрэтны тэрмін на выпраўленне ці працаўладкаванне. І калі за гэты час чалавек не зробіць ніякіх крокаў насустрач сабе, яму “абяцаюць” пуцёўку ў лячэбны працоўны прафілакторый, чаго, заўважым, не жадае ніхто з іх.
Варта адзначыць, што ўсе гісторыі, якія расказваюць пра сябе гэтыя людзі, падобныя адна да адной, як блізняты. І, як яны сцвярджаюць, канкрэтна ад іх саміх у гэтым жыцці нічога не залежыць. А такія сітуацыі – усяго збег нейкіх недарэчных абставін і  наогул – выключэнне. Тыповы партрэт таварыша (па назіраннях менавіта на гэтым пасяджэнні) выглядае прыблізна так:
узрост: бліжэй да пенсіі ці пенсіянер (як бы парадаксальна гэта ні гучала);
пол: здаецца, мужчынскі (з 25 – 6 жанчын);
сямейныя абставіны: адзінокі;
занятак: нідзе не працуе ці перабіваецца разавымі заробкамі, валацужнічае, сустракаецца з сябрамі;
абвінавачваецца: “у п’яным выглядзе…, у грамадскім месцы…, паўторна на працягу года”;
абставіны: быў дзень нараджэння (Дзяды, шасціны) – прыйшлося выпіць. А так – я не п’ю (“магу піць, магу – не піць”);
абяцанні і вывады: прабачце, больш не буду.
Неяк так, з невялікімі папраўкамі на кожнага, выглядае агульная карціна.
Заўважым, што былі сярод гэтага кантынгенту і маладыя сімпатычныя хлопцы, якія, што называецца, памыліся ўпершыню і, здаецца,  разумеюць усю непрывабнасць сітуацыі. Тут галоўнае – давесці да іх, што ўсё сур’ёзна, што яны ўжо дарослыя і за свае памылкі адказваць прыйдзецца самім і спаўна.
Наўрад ці можна спадзявацца, што людзі, якія п’юць і нідзе не працуюць усё сваё свядомае жыццё, ураз выправяцца і стануць жыць па-чалавечы. Але калі яны не будуць парушаць грамадскага спакою – гэта таксама добра, гэта таксама вынік работы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №98 ад 20.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *