Пресс-конференция Президента Республики Беларусь Александра Лукашенко представителям белорусских и зарубежных СМИ

Актуалии

23 снежня, пятніца, Мінск. У вялікай зале Нацыянальнай бібліятэкі сабралася звыш чатырохсот журналістаў. Яны прадстаўляюць каля трохсот СМІ – беларускіх: рэспубліканскіх і рэгіянальных, а таксама замежных. Для іх Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка дае прэс-канферэнцыю.
Пытанняў шмат. Журналістаў цікавіць усё: перспектывы развіцця Беларусі, узаемаадносіны з Расіяй, Украінай, Польшчай, Кітаем, Еўрасаюзам, рашэнне дэмаграфічных праблем, дзяржаўны падыход да захавання беларускай мовы, мэтазгоднасць продажу “Белтрансгазу” і павышэння пенсійнага ўзросту і нават тое, якога падарунка чакае Прэзідэнт у Новы год.
За чатыры з лішкам гадзіны кіраўнік краіны паспявае адказаць амаль на пяцьдзесят пытанняў.

Вынікі 2011-га. Погляд у 2012-ты
Падводзячы вынікі адыходзячага 2011 года, Прэзідэнт адзначыў: «Я не хацеў бы, каб падобны год яшчэ паўтарыўся ў маім жыцці прэзідэнцкім… Але больш за ўсё я не хацеў бы, каб ён паўтарыўся ў гісторыі нашай краіны. Гэта быў вельмі складаны і няпросты год».
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што 2011 год застанецца ў гісторыі як год вялікіх урокаў: “Мы атрымалі добры ўрок на будучае. Жыць трэба па сродках. Калі хочам добра жыць, трэба больш працаваць. Аксіёма. Мы зразумелі, дзе нам трэба падкарэкціраваць нашу палітыку, на што звярнуць увагу, каб такога больш не паўтарылася”.
Што датычыць наступнага 2012 года, Аляксандр Лукашэнка выказаў аптымістычныя прагнозы: “Наступны год чакаецца нават лепш па ўсіх параметрах эканамічнага развіцця, чым самыя лепшыя гады, калі мы жылі нядрэнна… Мы будзем мець прыкладна 107%, можа, крыху больш росту ВУП. Нават пры гэтых цяжкасцях гэта вельмі добры паказчык, і нямногія краіны маюць такі ВУП. Разумееце, мы гэта атрымліваем не за кошт высокіх цэн на энерганосьбіты, а за кошт рэальнага сектара эканомікі».
Ёсць усе падставы, на думку Прэзідэнта, разлічваць у наступным годзе на захаванне тэндэнцый стабілізацыі цэн, што намеціліся ў гэтым годзе, а таксама на зніжэнне інфляцыі да ўзроўню 19-20%.
Праца. Зарплата. Пенсія
Прэзідэнт краіны падкрэсліў, што заработная плата ў Беларусі будзе залежаць ад прадукцыйнасці працы: ”Асноўны эканамічны закон аб суадносінах росту заработнай платы і прадукцыйнасці працы будзе захоўвацца няўхільна: працуеш больш – атрымай больш, не працуеш больш, значыць больш не атрымаеш”.
Рост заработнай платы павінен суправаджацца ростам вытворчасці – такое патрабаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка: “У нас павінна быць дастаткова тавараў, каб не было перакосу. У бюджэт можна грошы атрымаць, калі заціснуць прадпрыемствы і павялічыць падаткі, забраць апошняе і аддаць людзям, але пагубіць вытворчасць. А не будзе вытворчасці, праз год усё паўторыцца зноў”.
Пытанне наконт пенсійнага ўзросту Прэзідэнт Беларусі лічыць зараз неактуальным. “Мы пенсіянераў асабліва не распесцілі, — сказаў ён, — ці варта гаварыць пра тое, што трэба павялічваць пенсійны ўзрост? Пакуль мяне ў гэтым ніхто не пераканаў, і я вам кажу, што мы гэтае пытанне перад сабой не ставім. Але калі будзе крыху ніжэй пенсія, чым у суседзяў, не крыўдуйце”.
Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пенсійны ўзрост 55-60 гадоў сёння ўжо анахранізм у сусветнай палітыцы.
Між іншым, як паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна, колькасць пенсіянераў у Беларусі дасягае амаль 2,5 мільёна, і кожны чацвёрты з іх працуе. Плануецца, што ў наступным годзе на выплату пенсій будзе накіравана звыш 37 трыльёнаў беларускіх рублёў.
Адносіны з Расіяй і Еўрасаюзам, Кітаем
Журналісты закранулі пытанне аб мэтазгоднасці продажу “Белтрансгазу”. Прэзідэнт Беларусі  расказаў, што пры прыняцці рашэння кіраваўся эканамічнымі і фінансавымі выгодамі, што гэта здзелка была звязана з іншымі дамоўленасцямі з Расійскай Федэрацыяй. У прыватнасці, з выдзяленнем расійскага крэдыту на будаўніцтва АЭС, з вызначэннем цаны на нафту на будучы год.
Наконт уступлення Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што  беларускіх таваравытворцаў гэта не закране, хаця не рэкамендаваў асабліва расслабляцца. Прэзідэнт расказаў таксама, што Беларусь вядзе перагаворы па ўступленню ў СГА, што дасць краіне новыя магчымасці ў рабоце з Еўрапейскім саюзам, іншымі дзяржавамі.
Што датычыць узаемаадносін з Еўрасаюзам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «Беларусь зрабіла 21 крок насустрач ЕС, а Еўрасаюз у адказ — ніводнага». “Яны хочуць зламаць канстытуцыйны лад краіны… Скажу прама – гэтага не будзе. Народ Беларусі атрымаў сваё права быць народам упершыню за ўсю гісторыю. І мы яшчэ і таму не пацерпім ніякага дыктату з боку усходу, захаду, поўдня ці поўначы”, — заявіў ён.
Актыўна развіваюцца адносіны Беларусі з Кітаем. «Мы ганарымся нашымі адносінамі з гэтай магутнай дзяржавай, якая на працягу 15-20 гадоў, я ўпэўнены, будзе першай у свеце, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас самыя добрыя адносіны, вельмі добрыя перспектывы». І тое, што Кітай інвеставаў у развіццё Беларусі 15 мільярдаў долараў, Прэзідэнт назваў адным з фактараў бяспекі беларускай дзяржавы.
Палітычныя рэформы і памілаванне асуджаных
Палітычныя рэформы ў Беларусі будуць праведзены, прычым ужо ў бліжэйшы час, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, ён адзначыў, што гэта не датычыцца змянення заканадаўства пад правядзенне будучых парламенцкіх выбараў. Ён таксама падкрэсліў, што не будзе ўмешвацца ў будучыя парламенцкія выбары, і параіў апазіцыйным лідарам ісці «ў народ», працаваць з выбаршчыкамі, каб прадстаўляць інтарэсы сваіх партый у парламенце: «Які парламент выбераце вы, народ, такі ў нас парламент і будзе”.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці збіраецца ён памілаваць асуджаных за падзеі 19 снежня 2010 года, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Тыя, аб кім вы сказалі, яны перад законам роўныя. Вы, яны — усе роўныя. Гэта я хацеў нагадаць перш за ўсё».
Беларуская мова і Новы год
“Беларуская мова не будзе забытая, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка журналістаў, занепакоеных лёсам роднай мовы. – Я нікога не арыентую не размаўляць на беларускай мове. Можаце гаварыць на беларускай, на рускай, на трасянцы — хто як хоча, я нікога не папракаю. Права кожнага чалавека — выбіраць”.
Для адраджэння нацыянальнай культуры, захавання беларускасці ў нашай краіне зроблена вельмі многа, падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што плануе прыняць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў наступным годзе ў горадзе Глыбокае.
Напярэдадні Новага года Прэзідэнт Беларусі  заклікаў усіх рабіць добрыя справы. Ён перакананы, што Новы год павінен быць святам для кожнага, страшна, калі гэтага пазбаўлены дзеці. Кіраўнік краіны штогод сам прымае ўдзел у дабрачынных мерапрыемствах, да гэтага заклікаў і іншых. А наконт таго, якіх падарункаў ад Дзеда Мароза чакае Прэзідэнт, Аляксандр Лукашэнка адказаў, што лепшым падарункам для яго будзе добры настрой у дамах беларусаў.
У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел і прадстаўнікі СМІ Віцебскай вобласці. Дэлегацыю журналістаў Віцебшчыны ўзначаліў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Аляксандр Кліцуноў.
Аліна ПЯТРОВА і паводле матэрыялаў БЕЛТА.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2011



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *