Ганаровы статус «Школы міру» атрымала Обальская сярэдняя школа

Главное Образование Общество

«Сонца навек, шчасце навек»

Злёт юных пасланнікаў міру прайшоў у Шумілінскім раёне. Гасцей з Віцебска, Наваполацка, Гарадка, Дуброўна гасцінна сустракалі ў раённай гімназіі і Обальскай СШ.

У вобласці сёння працуюць пяць «Школ міру». Першай стала СШ № 1 Гарадка, якая адкрылася ў 75-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Гарадоцкага раёна. Дзейнічаюць атрады юных міратворцаў у СШ № 28 і гімназіі № 5 Віцебска, Наваполацкай СШ № 2, Асінторфскай школе Дубровенскага раёна.
Напярэдадні Міжнароднага дня міру гэты ганаровы статус атрымала і Обальская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай. Павіншаваць юных міратворцаў прыбылі кіраўніцтва раёна, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Капшуль, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і духавенства.
Вітаючы ўдзельнікаў злёту, старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава заклікала іх быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, добрымі і міралюбівымі.
– Зусім не выпадкова першая «Школа міру» адкрываецца на обальскай зямлі. Менавіта тут дзейнічала падпольная камсамольская арганізацыя «Юныя мсціўцы», якая наносіла сур’ёзную шкоду праціўніку, – гаварыла Ірына Мікалаеўна. – Быць пасланнікамі міру – вялікі гонар і адказнасць у справе ўмацавання міру.
– Сёння яшчэ пяць устаноў адукацыі ў вобласці змагаюцца за права стаць «Школамі міру» – у Полацку, Віцебску, Лепелі, – адзначыў член праўлення Беларускага фонду міру Уладзімір Каташук. – Вельмі сімвалічна, што дадзеная падзея адбываецца напярэдадні Міжнароднага дня міру.
Уладзімір Сяргеевіч заўважыў, што Шуміліншчына славіцца традыцыямі міратворчасці яшчэ з тых часоў, калі раённую арганізацыю ўзначальвала Галіна Гаўрылаўна Пеніна.
– Самае галоўнае – гэта мір у краіне, мір на планеце. Калі я чую, што недзе на зямлі ідзе вайна, мне становіцца страшна. Я хачу, каб людзі жылі ў згодзе, – кажа юны міратворца, шасцікласніца Вікторыя Ляўшова.
25 хлопчыкаў і дзяўчынак Обальскай школы сказалі клятву пасланнікаў міру. Абяцалі быць адданымі сваёй Радзіме, берагчы і абараняць яе, шанаваць памяць тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя міру.
– Наша школа з гонарам носіць імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай – легендарнага члена Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы», – сказала дырэктар установы Іна Чарнічэнка. – Упэўнена, што кожны вучань ведае, як у гады вайны тагачасныя школьнікі, не шкадуючы жыцця, адважна змагаліся з ворагамі, рабілі дыверсіі, супрацоўнічалі з партызанамі. Не сумняваюся, што іх гераізм і бясстрашша натхняюць сучасных дзяцей, робяць іх сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.
Дырэктар адзначыла, што ганаровы статус школы дасць старт новым патрыятычным праектам і карысным кантактам.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Дзмітрый Хома заўважыў, што статус Обальскай школе прысуджаны невыпадкова, гэта стала вынікам нястомнай карпатлівай працы. Звяртаючыся да юных міратворцаў, ён заўважыў, што мір трэба берагчы любой цаной.
Павіншаваць юных пасланнікаў міру прыехаў міратворца 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады горада Віцебска Яраслаў Міндзюль.
Далей былі канцэрт, працавалі шматлікія майстар-класы, ладзіліся экскурсіі ў музей Обальскага камсамольскага падполля, Свята-Ануфрыеўскі храм, арганізаваны іншыя мерапрыемствы, якія дазволілі юным міратворцам бліжэй пазнаёміцца, намеціць сумесныя планы на будучае.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №74 ад 22.09.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *