Военная прокуратура: преступлений стало меньше на 53%

Общество Официально

А палкоўнік пакрываў прапаршчыка
У канцы мінулага года ў Віцебскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры адбылося выніковае каардынацыйнае пасяджэнне па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у войсках Віцебскага і Заслонаўскага гарнізонаў. Прысутнічалі камандзіры вайсковых часцей.
На пасяджэнні было адзначана, што ў паднаглядных пракуратуры вайсковых часцях агульная колькасць злачынстваў у параўнанні з папярэднім годам зменшылася на 53% (з 21 да 10). Колькасць злачынстваў, якія звязаны з праходжаннем вайсковай службы, скарацілася на 70%. На 30% паменшылася і колькасць агульнакрымінальных злачынстваў, зарэгістравана адно злачынства, звязанае з крадзяжом (у 2010 годзе было 5). На 60% (з 21 да 8) скарацілася колькасць асоб, звязаных  са злачынствамі. Сярод іх два ваеннаслужачыя тэрміновай службы (у 2010 годзе да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 14 салдат тэрміновай службы).
Колькасць злачынстваў, звязаных з гвалтоўнай матывацыяй ва ўзаемаадносінах паміж ваеннаслужачымі, скарацілася з 10 да аднаго факта.
Адно злачынства звязана з нестатутнымі адносінамі (у 2010 годзе – 8). Прычым, гэта злачынства здзейсніў не салдат, а старшы прапаршчык 29-й зенітна-ракетнай брыгады, які выкарыстаў насілле ў адносінах да афіцэра. За здзейсненае злачынства прапаршчык асуджаны Віцебскім міжгарнізонным ваенным судом на пяць месяцаў арышту з утрыманнем на гаўпвахце Узброеных Сіл. Крымінальная справа разглядалася на выязным судовым пасяджэнні, на якім прысутнічалі афіцэры і прапаршчыкі брыгады.
У ходзе следства было высветлена, што гэтае злачынства было скрыта камандзірам гэтай вайсковай часці палкоўнікам А. Ён, ведаючы пра факт насілля, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў і адказнасці за нізкі ўзровень дысцыпліны ў часці, у вызначаны законам тэрмін не прызначыў службовае раследаванне, не правёў праверку.
У адносінах да палкоўніка А. была ўзбуджана крымінальная справа. У снежні ён быў асуджаны ваенным судом на два гады пазбаўлення свабоды з адтэрміноўкай на адзін год. Гэта злачынства адносіцца да карупцыйных, бо службовая асоба дзейнічала з-за ўласнай зацікаўленасці, выкарыстоўваючы сваю ўладу.
У мінулым годзе зафіксавана адно злачынства, якое звязана з ухіленнем ваенаслужачага ад праходжааня ваеннай службы. У 2009-2010 гадах такіх злачынстваў не было.
У верасні 24-гадовы радавы Л. самавольна пакінуў адну з віцебскіх часцей. Да яго ў госці прыехала знаёмая з Расійскай Федэрацыі, і яны ўдвух вырашылі бегчы ў Маскву. У Оршы радавы быў затрыманы. Яго вярнулі на месца службы. Было вырашана не заводзіць крымінальную справу, вырашылі перавыхаваць на месцы.
У лістападзе да Л. зноў прыехала дзяўчына. І зноў была спроба пабегу. Малады чалавек спадарожным транспартам дабраўся да Смаленска, дзе быў затрыманы ваенаслужачымі Віцебскай ваеннай камендатуры. У адносінах да радавога Л. узбуджана і раследуецца крымінальная справа пра дэзерцірства, за якое прадугледжваецца пакараннне да сямі год пазбаўлення свабоды.
Рэалізацыя прафілактычных мер, якія прадугледжаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, Віцебскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратурай ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з кіраўніцтвам паднаглядных вайсковых часцей. Па ініцыятыве ваеннай пракуратуры кожная другая крымінальная справа разглядаецца на выязных судовых пасяджэннях у вайсковых часцях у прысутнасці асабовага складу.
Прафілактычная работа – асноўны накірунак дзейнасці Віцебскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры. І яна прыносіць вынікі. Станоўчая тэндэнцыя  скарачэння злачынстваў назіраецца ў 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе. У выніку актыўнай прафілактычнай работы не было дапушчана злачынстваў у 2631-й авіяцыйнай базе ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў, 19-й асобнай механізаванай брыгадзе, 231-й артылерыйскай брыгадзе, 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёне і 2-м спецыяльным міліцэйскім батальёне.
На пасяджэнні былі акрэслены задачы на 2012 год.
У. АЛІЗАРЧЫК, віцебскі міжгарнізонны ваенны пракурор.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *