Белорусские яблоки польским уступают только в цене

Экономика

У студзені з’елі 5 тон яблыкаў
Пра карысць ужывання гародніны і садавіны, вырашчанай у сваёй мясцовасці, ведае, напэўна, кожны. Таму абыдзем пакуль развагі пра пастаўку ў гандлёвыя кропкі раёна замежнай садавіны і гародніны, звернем увагу на  прапанову  традыцыйнай расліннай прадукцыі. Тут сёлета, трэба адзначыць да гонару работнікаў нарыхтоўчай структуры райспажыўтаварыства, як ніколі багатыя паліцы магазінаў. Сакавітая капуста коштам 1110 рублёў за кілаграм упрыгожвае вітрыны. Па ўсяму відаць, добра захоўваюцца бульбачка і буракі, іх прапаноўваюць па 1980 і 1270 рублёў за кілаграм, прыходзь, набірай. Не падводзіць пакуль і цыбуля ні выглядам, ні коштам, крыху больш за тры тысячы. Вось толькі моркву (2100), пэўна, ніяк не ўдаецца захаваць у прыдатным выглядзе. Ёсць у магазіне “Садавіна-гародніна” квашаная капуста, мочаныя памідоры і гуркі. Жадаючыя падмацаваць арганізм вітамінам “С” могуць прыкупіць тут і журавіны.
Як расказала намеснік начальніка аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Тэрэса Лукашова, найбольшым попытам зараз карыстаюцца беларускія яблыкі. Пакупнікі ахвотна разбіраюць вітамінныя плады, тым больш, што па смаку яны не горшыя за замежныя, а па кошце таннейшыя. Толькі за студзень магазіны раёна прадалі больш за пяць тон яблыкаў.
А ўвогуле, у агароднінасховішчах закладзена на сёлетні асенне-зімовы перыяд 350 тон бульбы, па 40 тон морквы і буракоў, 200 тон капусты, 80 тон цыбулі, 50 тон яблыкаў.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.

На пытанне: “Якое месца на вашым стале займае традыцыйная для беларусаў садавіна-гародніна і дзе вы яе набываеце?”, адказы мы атрымалі розныя.
Ніна Іванаўна (43 гады):
–  У маёй сям’і асабліва важныя ў прыгатаванні страў бульба, капуста, буракі, морква, а таксама яблыкі і замарожаныя ягады. Вырошчваем усё на ўласным участку.
Калі хочаце, параю дэсерт з морквы і буракоў. Патрыце на мелкай тарцы гэту багатую вітамінамі гародніну (морква сырая, бурак лепш вараны). Дабаўце цёрты яблык (лепш антонаўку), лыжку мёду, перамяшайце, пакладзіце ў шырокі бакал. Паверце, будзе прыгожа, смачна, і карысна…
Ганна Сямёнаўна (72 гады):
– Быў час, усё вырошчвала сама. Сёння мне, пенсіянерцы, гэта ўжо не па сілах, таму іду ў магазін. Палічыла, што на месяц на гародніну і яблыкі ідзе крыху больш за сто тысяч. Гэта мне па кішэні, і няма клопату ні з вырошчваннем, ні з захоўваннем.
Святлана (28 год):
– Бульба, белакачанная капуста – гэта добра. Але нам з мужам больш падабаецца пекінская і цвятная капуста, хочацца зімой не салёных, а свежых гуркоў, салодкага перцу. Вось за гэтай гароднінай трэба прабегчыся па шумілінскіх магазінах, і яны ў нас чамусьці значна даражэйшыя, чым, напрыклад, у Віцебску.
Аксана (26 год), прадавец:
– Калі б вам “пашчасціла” працаваць у магазіне, упэўнена, вы б толькі з традыцыйнай прадукцыяй і хацелі б працаваць, назаўсёды разлюбілі б замежную садавіну і гародніну. Забяспечыць ёй тэмпературны рэжым захавання ўдаецца  на кароткі тэрмін. Мандарыны і ківі гніюць, бананы чарнеюць, на пекінскай капусце і перцах хутка паяўляецца цвіль…
Безумоўна, гэта не павінна хваляваць пакупніка. Таму трэба кіраўніцтву шукаць магчымасць  абсталяваць аддзелы ўсім неабходным для працяглага захоўвання таварнага выгляду такой прадукцыі, а  спецыялістам адпрацаваць усё да дробязяў (колькі заказваць, як захоўваць, калі і якія рабіць скідкі…), каб прадавец не заставаўся крайнім…
Надрукавана ў №11 ад 07.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *