В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

Калі тэрмін сышоў…
Правераны тры гандлёвыя аб’екты, размешчаныя ў г. Дуброўна. Мэта праверкі: прааналізаваць, ці парушалася заканадаўства пры рэалізацыі тавараў. Трэба адразу адзначыць, парушэнні выяўлены ва ўсіх правераных магазінах. У адным з іх тавары 22 найменняў прадаваліся з прайшоўшым да 7,5 месяца тэрмінам прыгоднасці, асобныя тавары захоўваліся з парушэннямі санітарыі, гатовыя да ўжывання суседнічалі з паўфабрыкатамі.
Адзначым, што і ў астатніх двух магазінах Дуброўна рэалізоўваліся прадукты, у якіх сышоў тэрмін прыгоднасці. Акрамя гэтага, не заўсёды выконваліся патрабаванні асартыментнага пераліку, рабочыя месцы прадаўцоў былі загрувашчаны таварамі.
Матэрыялы праверкі накіраваны для рэагавання ў Дубровенскі райвыканкам.
Пра вепраў і вальеры
Праведзена пазапланавая праверка  работы Мёрскай і Докшыцкай раённых арганізацыйных структур РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Устаноўлены факты здабычы ў 2010 годзе аднаго вепра да двух гадоў у забароненым для адстрэлу месцы ў Мёрскім раёне, там жа летась адстрэлена сяголетка казулі еўрапейскай звыш устаноўленага плана, а гэта значыць, нанесена шкода навакольнаму асяроддзю на суму 4,6 мільёна рублёў. Трафейны ліст тут, як правіла, не афармляецца. Як, дарэчы, не быў атрыманы дазвол на рэканструкцыю канторы з перабудовай яе на “Дом паляўнічага і рыбалова”. Усе факты парушэнняў — нагода пакараць вінаватых у адміністрацыйным парадку.
У аналагічнай Докшыцкай арганізацыі ўстаноўлены самавольны захоп зямельнага ўчастка плошчай 31,86 га пад аб’ект “Вальер для ўтрымання і развядзення дзікай жывёлы каля в. Камайск”. Пры будаўніцтве вальера няправільна праведзена агароджанне сеткай. Матэрыял пададзены ў суд для разгляду.
Упор — на папярэджанне
Падведзены вынікі работы Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці за 2011 год і вызначаны задачы на год 2012-ы. Адзначана, што ў кантрольнай дзейнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі Прэзідэнта Беларусі зроблены акцэнт на папярэджанне парушэнняў. Пераважна праводзіўся маніторынг дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. У выніку дзеянняў Камітэта зэканомлена і спынена выплат дзяржаўных сродкаў на суму 14,7 мільярда рублёў. У бюджэт спагнана 34,7 мільярда рублёў. Пры гэтым колькасць праверак скарацілася на 30%.
Што датычыцца зваротаў грамадзян, то іх колькасць у Камітэт змяншаецца, а значыць, больш эфектыўна працуюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Больш за ўсё  зваротаў паступіла з г. Віцебска (311), прычым іх колькасць у параўнанні з 2010 годам зменшылася амаль на 100. Каб больш глыбока вывучыць сітуацыю і аператыўна прыняць рашэнні, арганізаваны 74 “прамыя лініі”, “гарачыя тэлефоны”.
Задачы на 2012 год не менш напружаныя і адказныя. У полі зроку будуць знаходзіцца пытанні энергетычнай бяспекі, эканоміі, імпартазамяшчэння, нарошчвання экспарту, прыцягнення інвестыцый і іншыя надзённыя задачы.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *