Прошла профилактическая акция правоохранительных органов «Альтернатива»

Закон Общество

Не нашкодзь сабе і людзям

Па ініцыятыве ўпраўлення ўнутраных спраў на мінулым тыдні была праведзена прафілактычная акцыя “Альтэрнатыва”. Мэту акцыі агучыў старшыня назіральнай камісіі райвыканкама В. А. Мядзвецкі: папярэджанне злачыннасці сярод тых, хто быў калісьці асуджаны, хто пабываў за кратамі ці  на выпраўленчых работах.
У актавай зале ПМК-70 сабраліся больш за 30 чалавек з кагорты былых асуджаных ці з яшчэ непагашанай судзімасцю з Шуміліна, Обалі, Язвіна, Крывога Сяла і іншых вёсак раёна. Некаторыя з іх толькі вярнуліся з турмы, трапілі пад амністыю, іншыя паспелі ўжо ўладкавацца на работу. На жаль, на рахунку некаторых па некалькі злачынстваў.
У большасці выпадкаў на злачынства ідуць нецвярозыя, адзначыў у сваім выступленні начальнік РАУС Р. К. Бабіч. Але ў чалавека заўсёды ёсць альтэрнатыва: сядзець у турме ці лячыцца ў ЛПП, працаваць, сумленна зарабляць грошы, любіць, ствараць сям’ю. Выбар – за кожным. “Мы будзем рады працягнуць руку дапамогі кожнаму, хто звернецца да нас”, – адзначыў Раман Канстанцінавіч.
На жаль, такіх зваротаў у апошнія гады нямнога. І не толькі па нашаму раёну. Пракурор Я. Ю. Гуляеў прывёў трывожныя лічбы: па вобласці сёлета злачыннасць павялічылася больш як на 34%. Прычым, 71% злачынстваў — на рахунку непрацуючых ці маючых судзімасць. Таму працаўладкаваць такіх людзей вельмі важна. Чалавеку, які цэлы дзень заняты на рабоце, некалі думаць пра крадзяжы ці грабяжы. А ўладкавацца ў раёне ёсць дзе: не хапае тынкоўшчыкаў, муляраў, жывёлаводаў, механізатараў. Абы хацелася б працаваць — жадаючых упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама накіроўвае вучыцца. У вёсках раёна можна атрымаць жыллё, малазабяспечаным аказваюць матэрыяльную дапамогу. Дзяржава робіць усё, каб дапамагчы чалавеку цвёрда стаць на ногі, знайсці сябе ў любімай справе, забыцца на мінулыя памылкі.
Да гэтага заклікаў і настаяцель Свята-Сяргіеўскай царквы, благачынны Шумілінскага раёна Фёдар Пучынскі, які згадаў вядомую прытчу пра блуднага сына. Так і былыя асуджаныя павінны знайсці свой адзіны правільны шлях, перастаць супрацьстаяць закону і духоўнасці, прытрымлівацца хрысціянскага запавету “не нашкодзь”: сабе самому, сям’і, дзецям  і ўсім людзям.
Вынікі  сходу  падвёў начальнік упраўлення прафілактыкі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама А. Р. Рукаль. Ён адзначыў, што дзяржава не ставіць кляймо на былых асуджаных, а спрабуе ім дапамагчы працаўладкавацца, дае шанс для будучага жыцця. А добры аўтарытэт заслужыць можа кожны — працай і сумленнасцю.
Автор Лариса КИСЕЛЁВА
Опубликовано в №63 от 17.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *