СЕМЬЯ БЕЗ НАСИЛИЯ. РЕЙД

Общество Семья

На мінулым тыдні ў межах рэспубліканскай акцыі “Дом без насілля” з удзелам раённых і абласных службаў праводзілася мерапрыемства, якое ахапіла ўвесь раён. У кожны сельсавет была накіравана група, у складзе якой працавалі педагогі, прадстаўнікі праваахоўных органаў, пажарнай службы і іншыя адказныя. Такая ж група працавала і ў Шуміліне.
Такім чынам, удалося пабываць у кожнай нядобранадзейнай сям’і нашага раёна, дзе гадуюцца дзеці. Цікавіліся ўмовамі пражывання, здароўем малых, наяўнасцю ежы, пасцельнай бялізны і ўсяго неабходнага. Асаблівая ўвага – бяспецы. Пячное ацяпленне, электраправодка, тэмпературны рэжым у памяшканнях – любы непарадак адзначаўся ў пратаколах наведванняў.
Удзел у мерапрыемстве прыняў і намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Работу курыравала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама Т. В. Аляхновіч. Яна ж адзначыла неабходнасць і важнасць такіх наведванняў, заўважыла, што, як ні шкада, але нагода ладзіць падобныя мерапрыемствы ніяк не адпадае.
На тэрыторыі Светласельскага сельсавета, дзе ў складзе групы працавала і карэспандэнт, наведалі сем’і, што трапілі ў поле зроку сацыяльных службаў у Светласельскім, Язвіне, Ужляціне, Башнях і Лескавічах. Адразу ж хочацца заўважыць (гэта ж адзначае і педагог-псіхолаг раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Юлія Уласевіч), шмат хто з іх стараецца. І ў падтрыманні парадку ў доме, і ў выхаванні дзяцей. Стараюцца весці здаровы лад жыцця. Пахваліць сапраўды было каго. Што безумоўна радуе, дык, гэта тое, што настойлівасць сацыяльных службаў у сваёй рабоце прыносіць вынік. Не заўжды, але ж. Бацькі прывыкаюць да нечаканых візітаў і стараюцца пастаянна падтрымліваць парадак, каб было нагатавана, каб дзеці былі дагледжаны.
Трапіўшы на ўлік, пазбавіцца ад пастаяннага кантролю сацыяльных службаў можна толькі праз шэсць месяцаў. Праўда, выпадковых людзей, так скажам, у гэтым спісе небагата. У асноўным прыходзіцца наведваць, бывае, што і па два разы на ты-дзень тых, хто ніяк не хоча наладжваць сваё жыццё. Варта адзначыць і тое, што патрабуюць ад іх не так і многа: арганізаванае месца для дзіцяці (для адпачынку і заняткаў), адносны парадак у доме, нармальна функцыянуючае, бяспечнае ацяпленне і электраправодка, аптымальны набор прадуктаў. Але не ўсім гэта пад сілу, не ўсе могуць адэкватна ацаніць сітуацыю. І яўную антысанітарыю, з якой вымушаны змірыцца маленькія дзеці, лічаць нормай. Да іх свядомасці, як правіла, дужа цяжка дакрычацца. І яшчэ іх адрознівае цвёрдая ўпэўненасць у тым, што нехта ў нечым без сумнення ім абавязаны.
Усім, каму неабходна, былі зроблены заўвагі, дадзены тэрміны для выпраўлення сітуацыі. Таксама да ўвагі былі прынятыя ўсе просьбы і звароты.
Кажуць: не судзі, а ніхто і не бярэцца. Шкадаванне ёсць, непаразуменне таксама, часам, здзіўленне. Хочацца ўнікнуць, зразумець, што вымагае ад чалавека такога гаротнага існавання, здаецца, проста безнадзейнага. Выпадак, абставіны жыцця, глабальная апатыя? А можа, і сапраўды так складваецца, што няма ў чалавека, часам, ніякага шанцу ўзбіцца на дабрабыт, займець добрае жыллё, забяспечыць сваіх дзяцей усім неабходным (і цацкі таксама). Можа, і не  вінаватыя яны? Але ж “лёс да кожнага прыходзіць босы”, кажуць. Магчыма, і не такі босы — да некага. Але ўсё ж большасці з нас самім прыходзіцца “абуваць яго ў боты”. Думаць, меркаваць, наладжваць сваё жыццё…
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *