НАДБАВКИ ЗА ТЕЛЯТ

Вопрос-Ответ

Дзе надбаўка за цяля?
У рэдакцыю патэлефанавала жыхарка в. Данілава П. К. Папалава, расказала, што ў лютым яна здала цяля ў “Лаўжанскі”, грошы атрымала. А вось надбаўку да закупачнай цаны, якую дае дзяржава, чакае і сёння.  Нагадаем, што за кожны кілаграм жывой вагі цяляці плацяць 27 тысяч рублёў. А надбаўка з рэспубліканскага бюджэту складае 2480 рублёў за кожны кілаграм.
Пытанне нашай чытачкі мы адрасавалі кіраўніцтву ААТ “Лаўжанскае”.  Як нам паведаміла галоўны бухгалтар ААТ “Лаўжанскае” Г. С. Мазанкова,  здадзенае цяля заважыла 100 кілаграмаў. “А дзяржаўная  надбаўка прадугледжана за цяля да ста кілаграмаў,  – удакладняе сітуацыю галоўны спецыяліст райсельгасхарчу А. В. Плаксіна. – Калі б цяля было, скажам, 99 кілаграмаў, надбаўку б гаспадары атрымалі. А за сто кілаграмаў ужо не плаціцца”.
Некаторыя вяскоўцы ўпэўнены, што лаўжанцы спецыяльна завышаюць вагу цяляці. “Але ж нам гэта зусім нявыгадна, – тлумачыць галоўны бухгалтар ААТ “Лаўжанскае” Г. С. Мазанкова. –  У такім разе за кожны завышаны кілаграм гаспадарка заплаціць па 27 тысяч рублёў. Ды і кожны з гаспадароў прысутнічае пры абмеры цялят і ўсё бачыць на свае вочы. А надбаўка да закупачнай цаны – гэта дзяржаўныя грошы, а не нашага акцыянернага таварыства. Магчыма, не ўсе гаспадары ведаюць, што пажадана здаваць цялят, якія не дараслі да ста кілаграмаў. На жаль, у гэтым годзе дзяржаўныя надбаўкі не атрымалі чатыры чалавекі, якія здалі цялят  вагою па сто і больш кілаграмаў”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №34



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *