В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

Пра махінацыі з кансервамі і пірс для дырэктара
Папера сцерпіць усё, нават прыпіскі і тыя факты, за якія ўсё ж па галоўцы не гладзяць.  На ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат” пра гэта, відаць, не ведалі. Генеральны дырэктар (зараз ужо былы: звольнены 28 кастрычніка 2011 года па ўзгадненні бакоў) пайшоў на такія “вытанчаныя” хітрыкі, што, здавалася, і камар носа не падточыць. Але вяровачка вілася нядоўга: спынілі зламысніка і хітругу, выкапалі тое, што “цягне” на крымінал. Кіраўнік са жніўня 2009 г. па чэрвень 2011 г. даручаў па падробленых дакументах паказваць рэалізацыю кансервавай прадукцыі, у выніку “набегла” кругленькая сума — 20,5 мільярда рублёў. Навошта было так рабіць? Усё вельмі проста: каб забяспечыць выкананне даведзеных паказчыкаў па запасах і рэалізацыі гатовай прадукцыі, афармляліся фіктыўныя дакументы.  Ішло налічэнне прэміяльных, рабіліся пералічэнні абавязковых страхавых узносаў, і гэтая сума склала 25,4 мільёна рублёў. Больш таго, скажалася дзяржаўная справаздачнасць, прасцей кажучы, паказвалі на камбінаце добрую міну пры нікуды не вартай  гульні.
На працягу красавіка-чэрвеня 2011 года 15 разоў па ўказанні кіраўніка адпраўляўся грузавы аўтамабіль для  дастаўкі бетону на платную стаянку ў Оршы, якая будавалася і дырэктарам якой быў сын дырэктара. У рабочы час на працягу 2009-2011 гг. работнікі ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат” выраблялі, дастаўлялі і рабілі мантаж надводнага гаража і пірса для былога генеральнага, прычым да яго на дачу іх завозіла і забірала з дачы  па “смешных” цэнах камбінатаўская машына.
Не хацеў адставаць ад боса яго намеснік (зараз былы). Ён без узгаднення з генеральным заключаў кантракты, на падставе якіх рэалізоўвалася прадукцыя ў Расійскую Федэрацыю без папярэдняй аплаты. Кіраўніцтва закрывала вочы на той факт, што, нягледзячы на пратэрмінаваную запазычанасць камбінату, у Расійскую Федэрацыю адпраўлялася   новая партыя тавараў. Усе гэтыя суб’екты гаспадарання РФ не разлічыліся з камбінатам у поўным аб’ёме.
Не забяспечылі на камбінаце захаванасць сваёй уласнасці. Праверка ўстанавіла недастачу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на агульную суму 1,6 мільярда рублёў.
Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат” і двух работ-нікаў камбіната. У адносінах да службовых асоб прадпрыемства ўзбуджана 5 крымінальных спраў.
Праверку праводзілі супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Віцебскай вобласці, упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці і кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Дзве крымінальныя справы
Узбуджаны дзве крымінальныя справы ў адносінах да грамадзянкі З. з Віцебска  і грамадзяніна Р. з Полацка. У першым выпадку З. ажыццяўляла валютна-абменныя аперацыі, атрымаўшы пры гэтым незаконна даход у суме больш як 258 мільёнаў рублёў. Другі “прадпрымальнік” нарыхтоўваў лом і адыходы чорных металаў з наступнай здачай у Полацкі цэх РУП “Віцебскдругмет”, атрымаўшы ад указанай дзейнасці даход на суму звыш 40 мільёнаў рублёў.
Надрукавана ў №38 ад 15.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *