18 мая в 16.30 начнётся праздник улицы Ленинской Несколько страниц их истории улицы Ленинской г.п. Шумилино

Актуалии Векапомнае Край шумілінскі

Шумилино, улица Ленинская. Май 2012 г.

“Вулічныя” абразкі
Рыхтуючыся да свята вуліцы Ленінскай у Шуміліне, мы проста не маглі абысціся без успамінаў нашага актыўнага грамадскага карэспандэнта, краязнаўцы Віктара Улюценкі. Ён з бацькамі жыў некалі на сціплай вуліцы Безыменнай, з якой вулачка неўзабаве выводзіла чалавека на Ленінскую. Нібы выводзіла ў людзі, бо Ленінская была вуліцай люднай і гаманкой.
Віктар Васільевіч данёс у рэдакцыю свой рукапіс з успамінамі. Аўтар яго падзяліў на невялічкія абразкі — як астраўкі памяці, як дзіцячыя залацінкі карэннага шумілінца.
Барадаты брукар
“Мне было чатыры гады, калі брукавалі вуліцу, — згадвае В. В. Улюценка. — Я любіў глядзець, як працуюць брукары. Двое мужчын, шыракаплечых, з бародамі, стоячы на каленях, старанна выкладвалі камяні і пастуквалі па іх вялікімі драўлянымі малаткамі.  Выкладвалі каменне па даўняму бруку, які даўно і глыбока “ўехаў” ужо ў зямлю.
Брукаванка атрымлівалася ладная і высокая, з узвышэннем пасярэдзіне. З таго часу ў мяне ў свядомасці адклаўся той вобраз брукара — муляра, абавязкова з сажнёвымі  плячамі і барадой”.
Вуліца “мычала”
“У Шуміліне раней ледзь не ўсе трымалі кароў. Не была выключэннем і вуліца Ленінская. Мы жылі на заходніх “рубяжах” мястэчка, гналі кароў ад прамкамбіната да  вёскі Губіца. Гаспадыні пад дзённую дойку хадзілі да гурту самі, вечарам  выпраўлялі дзяцей. Тыя не ішлі з пустымі рукамі, абавязкова прыхоплівалі акрайчык чорнага хлеба — як прыманку.
Наша “каровіна арцель” заканчвалася на мяжы з гасцініцай. У гурце было амаль сорак кароў і вечарам  вуліца Ленінская проста танула ў каровіным рыку і мычанні. А пастухом доўгі час і нязменна быў Скуратаў”.

Магазин "Култтовары". Фото 60-х годов из архива Шумилинского историко-краеведческого музея

Крама і афіша
“Побач з сённяшняй аўтастанцыяй быў хлебны магазін, — піша В. В. Улюценка. — У ім было адно акно, праз якое і прадавалі хлеб.  Працаваць крама пачынала ў 10, а часам і ў 11 гадзін  дня.  Выдавалі тады (у сярэдзіне 50-х) па адной, а на пачатку 60-х — па дзве буханкі на сям’ю. У чарзе стаялі дзеці і старыя, бо час быў рабочы. Чарга расцягвалася да самой гасцініцы, займаючы дарогу вуліцы Ленінскай. Побач з крамай стаяў драўляны стэнд для кінаафіш, так што прыйшоўшы за хлебам, кожны ведаў, які фільм будзе ісці”.
Пра кібіткі і “гарачы” лёд
“У першай палове 50-х па вуліцы Ленінскай часта праязджалі цыганскія табары.  Кібіткі грукаталі коламі, на задніх восях тарабанілі чайнікі, каструлі, іншае цыганскае начынне. Выходзілі цікаваць дарослыя, дзяцей не пускалі, казалі, што цыгане скрадуць.
Цераз дарогу ад сённяшняй аўтастанцыі была пажарная часць, а на месцы аўтастанцыі — пажарны вадаём. Зімой ён замярзаў, і мы да знямогі гулялі ў хакей, дацямна стукалі клюшкамі і галёкалі. Тады дзяцей было на вуліцы кішма…”
Пукі з лазовай кары
“У 60-ыя гады нарыхтоўчая кантора закупляла сухі луб з лазы. Мы кару проста называлі лазой. У заробкі хадзілі ўсе, асабліва дзеці, якія маглі нядрэнна зарабіць на лазе, каб купіць футбольны мяч, схадзіць у кіно.  Сухую кару, скручаную ў пукі, прасавалі і адпраўлялі вагонамі ў Віцебск.  Загадчык райзага Пётр Курыленка быў для нас казачнікам, бо грошы аддаваў за тавар зараз жа, толькі ў іншым будынку. Па вуліцы Ленінскай цэлае лета ішлі  павозкі, цягнулі людзі тачкі, каляскі-двухколкі…”

Митинг около здания райкома КПБ (теперь библиотека), 1972 г.

І гармоніка светлыя зыкі…
“У 60-я людзі любілі дэманстрацыі. Прыходзілі, каб і пасвяткаваць, і сустрэцца са знаёмымі, паказаць свае ўборы. Усе калоны ручайкамі сцякаліся ў адну “рэчку” — на вуліцу Ленінскую.
Цэнтральная плошча тады  была побач з будынкам, дзе сёння месціцца аддзел адукацыі. Там манціраваліся трыбуны, адтуль гучала палкае партыйнае слова. Калі праходзіла калона прамкамбіната (прадпрыемства размяшчалася на Ленінскай), усе ажывалі. Уперадзе калоны побач са сцяганосцамі ішлі гарманісты, і калі ступалі на плошчу, хвацка расцягвалі свае мяхі. А калону ўзначальваў Лаўрыновіч — майстар бандарнага цэха”.
За строем строй
“Раней штогод праводзіліся ваенныя вучэнні. Для дзяцей гэта было святам. Па Ленінскай за строем строй ішлі салдаты, пры зброі і спявалі паходныя песні. На вуліцы выходзілі ўсе, а мы, падлеткі, станавіліся ў строй і прасілі байцоў што-небудзь пранесці: біклагу, падсумак, рэчмяшок. Аднойчы я цэлыя два кіламетры нёс гранатамёт і ад шчасця не ведаў, куды сябе дзяваць”.
Дзіцячая бібліятэка
“На беразе пажарнага вадаёма размяшчалася дзіцячая бібліятэка.  Мы любілі заходзіць сюды. Загадвала бібліятэкай Сыч, звалі яе Марыяй, яна была граматным спецыялістам, ахвотна нас прымала, раіла, што пачытаць. Жыла яна па вуліцы Горнай, што за “лініяй”.
Школа і кіно
“У 1964 годзе на вуліцы “вырас” будынак школы (у хуткім часе там справіць наваселле школа мастацтваў – рэд.). Аднак ён усіх вучняў змясціць не мог. Часта вучні займаліся ў старых будынках (якія былі на месцы цяперашняй СШ № 1 – рэд.) і рабілі пераходы са школы ў школу. На гэта гублялася сама меней 15 хвілін. Настаўнікі сачылі, каб дзеці не разбегліся, не збеглі ў кіно, што здаралася нярэдка…”
Левіт і шоу
“У 1966 годзе ў сённяшнім будынку аддзела адукацыі размяшчалася раённая бальніца. Зімой на Новы год упершыню рознакаляровымі агеньчыкамі запалі ёлку. Лямпачкі фарбавалі ўручную, у розныя колеры. Ладзіў гэтае ёлачнае шоу загадчык гаспадаркі ЦРБ Левіт. На радасці быў настоены ўвесь пасёлак. Левіт абяцаў, калі, вядома, знойдзе рэле, што лямпачкі будуць мігцець…”
“Лаўсанавыя” хлопцы і зіхоткія дзяўчаты
“У маю бытнасць падлетка прыйшла сапраўдная рэвалюцыя на моду і эстраду. У магазінах прадаваліся музычныя электраінструменты. Гэта быў час нараджэння “Стылю” і “Сярэбраных гітар”. Дыскатэкі (тады называлі прасцей — танцы) праходзілі ў РДК кожную сераду, суботу і нядзелю. Хлопцы ў лаўсанавых касцюмах, дзяўчаты ў зіхоткіх сукенках, спадніцах, хусцінках з блёсткамі ішлі па вуліцы Ленінскай да ДК. Мы, падлеткі, сядзелі на дрэвах уздоўж вуліцы  і разглядалі прыгожых юнакоў і дзяўчат. Мы ведалі сваіх футбалістаў і лёгкаатлетаў, ведалі і ўсяляк бралі з іх прыклад.”

Перекрёсток улиц Ленинская и Луначарского

Калоны дэманстрантаў вялі па брукаванай Ленінскай
Як вядома з гісторыі, Шуміліна размяшчалася ўздоўж чыгункі. Гэта не дзіўна, бо такое рассяленне давала магчымасць свабодна выязджаць у Віцебск, Полацк і далей. Як асобная адзінка, вуліца Ленінская асабліва выдзелілася ў пасёлку Шуміліна ў пасляваенныя гады. Сёння жыхароў, якія пасяліліся на Ленінскай у 50-ых–60-ых, засталося няшмат. Сярод іх Раіса Васільеўна Пагодзіна з дома № 10 і Людміла Іванаўна Якаўлева з дома № 13.
Вось што расказвае пра жыццё на цэнтральнай вуліцы пасёлка Людміла Іванаўна Якаўлева:
– На сёння наш шматкватэрны дом адзін са старэйшых па году забудовы. Мы засяліліся сюды ў 1951. Бацька Іван Васільевіч Якаўлеў быў ваенны. Пасля вайны служыў у Беларускай ваеннай акрузе. У 1951 быў накіраваны намеснікам ваенкома ў Шумілінскі ваенкамат. Вось так мае мама Пелагея Іванаўна, тата і я сталі жыхарамі вуліцы Ле-нінскай. Памятаю, як выглядала вуліца ў канцы 50-ых–пачатку 60-ых. Напрыклад, на месцы магазіна “Ганна” быў драўляны будынак і ў ім у свой час была аптэка, потым жылі сем’і, працаваў райвыканкам.
З вяртаннем у ліпені 1966 года Шумілінскага раёна ў прыбудове да сённяшняй «Ганны» (недзе праз год) адкрылі гаспадарчую групу па адводзе зямельных участкаў. Вельмі патрэбныя туды былі кадры. Галоўны архітэктар Валянціна Іванаўна Блыкіна прапанавала мне пайсці ў гэту службу. Так я і засталася працаваць у гэтай галіне.
Пазней будынак і прыбудову займалі кабінеты паліклінікі.
Добра памятаю дэманстрацыі, якія праходзілі па брукаванай вуліцы Ленінскай. У сямейным архіве захаваўся маленькі здымак, на ім бачна, як мой бацька вядзе калону. За калонай праглядваецца (вышэй) незабудаваная яшчэ горка ўздоўж чыгункі і драўляныя будынкі на Ленінскай.
Памятаю, як будавалі ўнівермаг (сённяшні будынак райспажыўтаварыства). Усе вучні пасля школы заходзілі на будаўніцтва: было цікава.
Раіса Васільеўна Пагодзіна:
– Дом № 10, дзе я жыву і сёння, пабудавалі ў 1961 годзе. На месцы дома № 12 стаяў драўляны будынак, дзе пасля вайны знаходзіўся райкам партыі. Мая маці Хрысціна Якаўлеўна працавала там прыбіральшчыцай. Не памятаю, калі дакладна, здаецца, у сярэдзіне 50-ых, райкам пераехаў, а нам і яшчэ тром сем’ям у тым будынку далі па пакою. Памятаю, як мы з сястрой хадзілі ў школу. Гэта зараз тут сучасны двухпавярховы будынак, а пасля вайны (а я пайшла ў школу ў 1947) на гэтым месцы стаялі некалькі маленькіх драўляных хатак і ў іх месціліся па два класы.
Забудова двухпавярховых дамоў з цэглы па гэтай частцы Ленінскай (ад вул. Сіпко да райпо) пачалася ў 1960-ым. У 1961 годзе пабудавалі наш дом і маме далі ў ім кватэру,  дом № 9 – у 1968 і ў 1969 пабудавалі дом № 12 і № 16.
З цікавых чутак
Гаварылі, што, калі ўзводзілі будынак сённяшняга райспажыўтаварыства (1956-1957гады), адзін з будаўнікоў жартаваў, што ў катлаване, які капалі пад фундамент, знайшлі бутэльку з залатымі манетамі. Жарт удаўся, бо па пасёлку пайшлі чуткі і людзям было цікава: можа, выкапаюць там яшчэ які клад.
Вуліца славілася бочкамі
Старэйшыя жыхары, што жывуць па вуліцы Ленінскай, згадваюць, што ў 50-я гады на  стыку вуліц Ленінскай і Кірава (на месцы сённяшняга забойнага цэха “Вітконпрадукта”) месціўся Шумілінскі прамысловы камбінат. У бандарным цаху тут выраблялі драўляныя бочкі. Вядомым бондарам на ўсю акругу быў Генадзь Лаўрыновіч. Гаварылі, што толькі бондару Лаўрыновічу з яго залатымі рукамі ўдавалася зрабіць такія бочкі, якія не развальваліся больш за сто гадоў.
Бочкі прадавалі па ўсёй рэспубліцы. “У канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў бочкі цэлымі партыямі заказваў Гомельскі тлушчавы камбінат. “Шумілінскі прамкамбінат наймаў машыны з розных прадпрыемстваў вазіць бочкі, – расказвае жыхар Шуміліна Валерый Міхайлавіч Цыркуноў. – Я тады працаваў вадзіцелем у сельгастэхніцы, часта таксама вазіў бочкі на Гомель. Як цяпер помню, бочкі былі такія ўсе роўныя, адна пад адну. На абрашэчаны прычэп ставіў іх у тры ярусы. За адзін раз завозіў на  Гомельскі тлушчавы завод больш за дзвесце бочак. Там у іх захоўвалі тлушч, выкарыстоўвалі і для засолкі гуркоў”.
Ашчадная каса
Непадалёк  ад будынка сённяшняга лясніцтва ў 60-я гады была ашчадная каса. Доўгі час начальнікам тут працавала былы сакратар Сіроцінскага падпольнага райкама камсамола Наталля Леанідаўна Герман, затым ашчадную касу ўзначаліла Марыя Іванаўна Нікіціна.
“А ахоўнікам ашчаднай касы працяглы час была Крысціна Данілаўна Шалахава,  –  дадае  А. М. Цыркунова. – Яна была маёй суседкай, не дажыла да ста гадоў усяго тры месяцы…
Крысціна Данілаўна ўвогуле была цікавым чалавекам. Як выдатны стралок, яна мела значок ДТСААФ.  Яе муж Аляксандр Піліпавіч  быў арганізатарам першых калгасаў на Шуміліншчыне. Затым працаваў старшынёй сельвыканакамаў у Амбросавічах, Лявонаве, Язвіне”.
Проста была галоўнай
“Назву Ленінская вуліца атрымала ў 1924 годзе ў гонар У. І. Леніна, – гаворыць жыхарка райцэнтра, гісторык Людміла Мікітаўна Грыгор’ева.  – А да гэтага часу вуліцу проста называлі галоўнай. У 1924 годзе яна не была падобная на сённяшнюю: тут размяшчаліся толькі невялічкія домікі”.
“А непадалёк ад сённяшняй аптэкі (у бок пошты) была яўрэйская вуліца, – расказала нам жыхарка Ленінскай  Іна Данілаўна Ліўшыц. –  У 60-я гады тут жылі Галынскія, Старасельскія і інш.”
Райкам партыі
З 50-х гадоў і да пачатку 70-х гадоў  у сённяшнім будынку раённай бібліятэкі размяшчаўся райкам партыі. “А на першым паверсе быў райкам камсамола, – згадвае былы работнік  райвыканкама Вольга Пятроўна Аўчыннікава. – У 60-я гады ў гэтым жа будынку размяшчалася ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Начальнікам быў Леанід Раманавіч Глазкін”.
Даваенная хлебапякарня
На вуліцы Ленінскай да Вялікай Айчыннай вайны была пабудавана хлебапякарня. Яе будынак практычна поўнасцю захаваўся пасля ваеннага ліхалецця. Хлебапякарня забяспечвала хлебам і батонамі ўвесь раён. Хаця ў канцы 40-х з хлебам было напружана – на сям’ю выдавалі па паўбуханкі.  Старэйшыя жыхары вуліцы Ленінскай прыгадваюць, што побач з хлебапякарняй быў дом Івана Лебедзева. Ягоная жонка працавала хлебапёкам, а сам Іван  доўгі час развозіў на кані хлеб ва ўсе магазіны Шуміліна. “Жыхары Шуміліна старанна і ўнікліва выглядалі каня Івана Лебедзева, – згадвае адна са старэйшых жыхарак вуліцы Ленінскай  Анастасія Маісееўна Цыркунова. – На калёсах была ўстаноўлена невялікая будка,  у якую складвалі хлеб. Яго прывозілі ў магазіны яшчэ цёплым. Хлеб раней прадаваўся вагавы – буханкі былі большыя і меншыя.  Кілаграм белага хлеба каштаваў 22 капейкі, а чорнага –  18 капеек. Гэта памятаю дакладна, таму што некаторы час працавала прадаўцом у адным з магазінаў Шу-міліна. У шумілінскіх хлебапёкаў асабліва смачным атрымліваўся белы хлеб”.
Друкарня і рэдакцыя – на Ленінскай
У доме нумар 74 па Ленінскай, які бачыце на фотаздымку, раней размяшчалася друкарня. Відавочцы згадваюць, што ў 40-х– пачатку 50-х гадоў тут працавалі Радзючэнка і Іванова. А за друкарняй месціўся невялічкі будыначак, дзе стаяў рухавік. Ён каштаваў нямала грошай – яго бераглі, і каб у будынку захаваць цяпло,  сцены з усіх бакоў абмазвалі глінай. Рабілі гэта кожную восень, бо гліна за лета растрэскваўся. Атрымлівалася не вельмі гладка і акуратна – будынак знешне нагадваў скляпок.
У другой палове будынка друкарні размяшчаўся аддзел адукацыі, згадвае старэйшая жыхарка вуліцы Ленінскай Г. Л. Цвяткова.
“А рэдакцыя ў 50-я гады таксама размяшчалася па вуліцы Ленінскай, у будынку сённяшняй бібліятэкі, – успамінае Ала Вацлаваўна Пугіна. – Тады я была яшчэ дзяўчом, але добра гэта памятаю, бо мая маці працавала ў рэдакцыі тэхнічкай, і я часта прыходзіла, каб дапамагчы ёй. Рэдактарам у тыя часы быў Саламонаў.”
Равесніца раёнкі
Газеце “Герой працы” і мне  – па восемдзесят, – усміхаецца наша чытачка з вуліцы Ленінскай Зінаіда Кузьмінічна Іванова. – Мы равеснікі. Выпісваю раённую газету больш за пяцьдзесят гадоў і, як мне здаецца, апошнім часам, нягледзячы на ўзрост, яна памаладзела і папрыгажэла”.
Зінаіда Кузьмінічна з пачатку 60-х гадоў працавала ў райкаме партыі загадчыцай бібліятэкі партыйнага кабінета. Тут было многа кніг Леніна і Сталіна, многіх партыйных дзеячаў, і ніводны сход не праходзіў без цытат з гэтых кніг, згадвае З. К. Іванова. Добрым словам успомніла жанчына сакратароў райкама партыі, якія працавалі ў 50-60-я гады: Ляўхненка, Іваноў, Жолудзеў, Жуклевіч.
Некалькі гадоў Зінаіда Кузьмінічна адпрацавала старшым інструктарам па кадрах райспажыўтаварыства. І сёння жанчына з гордасцю захоўвае раённую газету, датаваную 9 снежня 1978 года, дзе чытаем: “На сумесным пасяджэнні праўлення райпо і райкама прафсаюза работнікаў гандлю было абмеркавана пытанне аб прысуджэнні звання “Заслужаныя ветэраны працы калектыву” работнікам спажывецкай кааперацыі раёна”. Сярод перадавікоў, якія за бездакорную працу ўдастоены гэтага звання – Зінаіда Кузьмінічна Іванова. Увогуле з раённай газетай у жанчыны звязана многа ўспамінаў: калісьці ў ёй пісалі пра яе бацьку, Кузьму Арцёмавіча Градоўкіна, які загінуў у пачатку Вялікай Айчыннай вайны, чытала Зінаіда Кузьмінічна шмат заметак пра сваіх калег па рабоце, знаёмых і родных. Чытае і зараз, прычым, “ад коркі да коркі”. Добра помніць, як у 1970-м узводзілася тая частка будынку, дзе зараз знаходзіцца рэдакцыя.
Зінаіда Кузьмінічна – чалавек аптымістычны, цікавіцца міжнароднымі навінамі,  любіць вырошчваць вулічныя кветкі. Ганарыцца сваім сынам і дачкой, вельмі любіць чатырох унукаў.
Жыхары Ленінскай
Усяго на вуліцы Ленінскай пражывае 287 чалавек, падлічылі ў камунгасе, з іх  – 47 дзяцей і падлеткаў. 30 школьнікаў вучацца ў СШ №1.

Шумилино, улица Ленинская. Май 2012 г.

На вуліцы Ленінскай жывуць дзве ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны – Ганна Лук’янаўна Цвяткова і Надзежда Лук’янаўна Быкава. Яны родныя сёстры, да таго ж – суседкі. Таксама на Ленінскай жывуць былыя малалетнія вязні  – Кавалёва Марыя Аляксееўна, Сафонава Раіса Антонаўна, Станавенка Эмілія Адольфаўна, Каразееў Эдуард Іванавіч.
Быў ваенкамат, стала лясніцтва
У будынку сённяшняга лясніцтва ў 60-я гады размяшчаўся ваенкамат. І многія сталыя шумілінцы памятаюць, як адсюль праводзілі сваіх сыноў у армію.
Надрукавана ў №38 ад 15.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *