Где учат на механизатора?

Вопрос-Ответ Сельское хозяйство

Дзе вывучыцца на механізатара?
На  прыём да начальніка дзяржтэхнагляду С. М. Пантаплёва звярнулася больш за 30 чалавек.
Тэмы, што хвалююць уладальнікаў трактароў, прычэпаў і самаходнай тэхнікі, розныя.  Многа было такіх пытанняў, якія задавалі некалькі чалавек з розных населеных пунктаў раёна. Як, напрыклад, пра рэгістрацыю самаробнай тэхнікі. З гэтым пытаннем патэлефанавалі з Шуміліна, з аграгарадкоў Мішневічы і Мікіціха. Мужчыны расказалі, што ў 80-90-я гады яны змайстравалі для ўласных патрэб трактары – перабралі шмат якую
тэхніку, рухавікі і жыццёва важныя вузлы купілі “нулёвыя”, ну, а каркас трактара ў тыя часы знайсці не было праблемай. Але ж своечасова не зарэгістравалі тэхніку, маўляў, тады і не патрабаваў такога ніхто. А што  рабіць цяпер, калі на трактары нават на агарод, які за домам, нельга выехаць?
“Сапраўды, рэгістрацыя самаробнай тэхнікі – гэта праблема, бо на руках у людзей няма  патрэбных дакументаў, – гаворыць Сяргей Мікалаевіч. – Зараз патрабаванні да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху сталі больш жорсткімі.  А ўвогуле рэгістрацыяй самаробнай тэхнікі займаюцца прадпрыемствы Віцебска і Полацка,  якія маюць ліцэнзію на  зборку самаробных трактароў і агрэгатаў”.
Дваіх састарэлых гаспадароў – з Мікалаёва і Шуміліна – цікавіла пытанне, якія дакументы трэба афармляць і колькі плаціць, каб падарыць дзецям уласны трактар.  С. М. Пантаплёў патлумачыў, што ў такім разе лепш за ўсё аформіць дагавор дарэння ў дзяржтэхнаглядзе. Аплата тут будзе мінімальная,   трэба толькі заплаціць за рэгістрацыю і зняцце з ўліку.
Адзін з жыхароў раёна хацеў памяняць пасведчанне трактарыста-машыніста старога ўзору на новае. Ён завітаў на прыём, каб запытацца, куды ў такім разе трэба ехаць. Яму патлумачылі, што робіцца ўсё ў райцэнтры, трэба толькі  нанова здаць экзамен у вучэбна-вытворчым камбінаце. Прычым, экзамен складаецца з дзвюх частак – тэарэтычнай і практычнай.
Двое мужчын прыйшлі на прыём з просьбай зняць з уліку трактары. Два званкі былі наконт вяртання правоў  грамадзянам, якія былі іх пазбаўлены на тры гады за тое, што селі за руль у стане алкагольнага ап’янення.
Адна з жанчын райцэнтра хвалявалася за свайго сына: якім чынам старшакласніку атрымаць правы трактарыста-машыніста, каб у далейшым здаць на катэгорыю В (легкавы аўтамабіль). С. М. Пантаплёў патлумачыў, што бясплатныя групы навучання такога кшталту створаны толькі пры СШ №2 і Обальскай школе. А калі хлопец вучыцца ў СШ №1, то трэба звяртацца ў вучэбна-вытворчы камбінат. Але ж там набіраюць платныя групы. Бясплатна вучацца толькі па накіраванні ад сельгаспрадпрыемстваў ці на перападрыхтоўцы. Пасля таго, як будзе пасведчанне трактарыста-машыніста, у абласным ДАІ можна атрымаць правы на скутар (без экзаменаў). А вадзіцельскае пасведчанне на легкавы аўтамабіль хлопец мае права атрымаць толькі з 18 гадоў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *