В Комитете госконтроля

У Камітэце дзяржкантролю

Пачынаецца другі этап
Завершаны першы этап уступнай кампаніі  – правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання. У бягучым годзе ў ЦТ прынялі ўдзел 39,4 тысячы абітурыентаў, што на 2,6 тысячы менш, чым у мінулагоднюю кампанію.
Распараджэннем старшыні дзяржаўнай камісіі па кантролю (старшыня – старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці В. М. Максімаў)  быў зацверджаны склад камісіі,  у якую ўвайшлі адказныя работнікі Камітэта дзяржкантролю, аблвыканкама, КДБ, гарвыканкама, міліцыі. У 8 пунктах ЦТ у кожнай аўдыторыі  быў наладжаны кантроль з прыцягненнем звыш 400 работнікаў дзяржустаноў і арганізацый. Трэба адзначыць, што за парушэнне парадку правядзення тэсціравання ў 2012 годзе выдалены 6 чалавек: за пранос у аўдыторыю мабільных тэлефонаў – 5 і 1 за выкарыстанне шпаргалкі (у 2011 г. было 4 чал., у 2010 г. – 7).
Пачынаецца другі этап уступнай кампаніі – прыём дакументаў, здача ўступных экзаменаў па асобных дысцыплінах і залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Звароты грамадзян па спрэчных і праблемных  пытаннях уступнай кампаніі прымаюцца камісіямі, якія створаны ў кожнай навучальнай установе. Старшынямі камісій з’яўляюцца члены дзяржаўнай камісіі па кантролю, намеснікамі – супрацоўнікі Ка-мітэта дзяржкантролю. Акрамя гэтага, звяртаецца ўвага  грамадзян на кантактныя тэлефоны “гарачых ліній” Камітэта дзяржкантролю: у Віцебску – (0212)36-44-95, 37-33-90; у Полацку – (0214) 42-87-02; у Оршы – (0216) 21-09-16.
Хітрыкі вакол субсідый
Для стабілізацыі ў сферы занятасці і спрыяння занятасці людзей дзяржава выдзяляе істотныя сродкі. Напрыклад, за 2011 год на гэтыя мэты ў Віцебскай вобласці было выкарыстана 20 мільярдаў рублёў, сёлета запланавана 30 мільярдаў.  Натуральна,  патрэбны пастаянны кантроль за эфектыўным выкарыстаннем сродкаў. Якраз з гэтым не ўсё так добра, як хацелася б.
У Дубровенскім раёне  сам райцэнтр на працягу шэрагу гадоў быў вельмі праблемным у плане занятасці.  Многія мерапрыемствы па актывізацыі адзначанай работы  насілі фармальны характар. У выніку  такіх адносін да праблемы мэтай рэгістрацыі некаторых грамадзян у якасці беспрацоўных было не працаўладкаванне, а атрыманне субсідый на прадпрымальніцтва. Прывядзём адзін, даволі характэрны прыклад. Мужчына, які звольніўся з пасады эканаміста сельгаспрадпрыемства, у канцы чэрвеня 2011 года зарэгістраваўся беспрацоўным. Здавалася б, ён гарэў жаданнем знайсці работу па спецыяльнасці. Каб жа так было! А тут і ў раёне трэба выконваць план па выдачы субсідый на прадпрымальніцтва.  Аператыўна (праз 10 дзён пасля візіту беспрацоўнага) ва ўпраўленні па працы прымаюць рашэнне  выдаць яму субсідыю ў суме 5,1 мільёна рублёў. Беспрацоўны падаў бізнэс-план, нібыта будзе займацца развозам тавараў на сваім аўто па вёсках раёна. Што ж, ідэю ўхвалілі, план зацвердзілі. У сваіх намерах ён указаў жаданне закупіць абсталяванне для аўталаўкі. Субсідыю беспрацоўны атрымаў без затрымак, у тым жа месяцы. На гэтую суму ён павінен быў купіць абсталяванне, запасныя часткі, ГЗМ, разлічыцца за афармленне дакументаў.
Але так не атрымалася. Беспрацоўны аказаўся хітрым і “прадпрымальным” чалавекам. Ён прынёс ва ўпраўленне па працы накладную з пячаткай ра-сійскай фірмы, нібыта закупіў у Расіі ў канцы верасня таго ж года 230 кг каўбасы і каўбасных вырабаў  амаль на 35 тысяч расійскіх рублёў. Ва ўпраўленні паверылі дакументу, хаця, як высветлілася, ніякай фірмы, якая прадала дубровенскаму прадпрымальніку каўбасу, няма і ў паміне. Ды і каўбасу, па ўсім відаць, ён не закупляў. Куды пусціў грошы, аднаму богу вядома. Больш таго, супрацоўнікамі Камітэта было ўстаноўлена, што хітрамудры прадпрымальнік у 2011 годзе гандляваў усяго па два дні ў верасні і кастрычніку. Пры гэтым прадаваў агародніну, а ніяк не мясную прадукцыю. Чаму пра ўсё гэта не стала вядома кіраўнікам упраўлення  па працы райвыканкама, таксама тайна.
Аднак вядома, што махляру давя-дзецца  вярнуць суму субсідыі і аплаціць штраф у такім жа памеры.
У цэлым у Дубровенскім раёне праверкай Камітэта дзяржкантролю адзначана нізкая эфектыўнасць  дзяржаўнай падтрымкі пры садзейнічанні беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. З 29 беспрацоўных, зарэгістраваных у 2009-2011 гг. ІП, сістэматычна ажыццяўлялі сваю дзейнасць усяго 10 чалавек. Адна з прычын нізкай эфектыўнасці субсідзіравання беспрацоўных – магчымасць атрымаць сродкі і не ажыццяўляць дзейнасць. Трэба сказаць, субсідыя  падлягае вяртанню, калі дзейнасць не ажыццяўляецца на працягу 12 месяцаў запар, г. зн. дастаткова “папрацаваць” некалькі дзён у год, каб субсідыя мела “статус” законнай.
Падрыхтаваў  Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №54 ад 10.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *