Надо ли бежать в банкомат снимать деньги в день зарплаты ?

Грамадства Эканоміка

Выбірайце тэрмінал
Сучасныя тэхналогіі, якія імкліва ўвайшлі ў наша жыццё, значна паляпшаюць яго, робяць больш зручнымі многія паслугі. Адна з такіх тэхналогій – банкаўскія пластыкавыя карткі, якія занялі сваё месца ў нашых кашальках і кішэнях. Але часам людзям патрэбныя і наяўныя грошы…
“Чаму па суботах і нядзелях часта не працуюць банкаматы ў Шуміліне?” – патэлефанавала ў рэдакцыю жыхарка райцэнтра. Высветліць праблемнае пытанне мы вырашылі ў кампетэнтных крыніцах – банкаўскіх установах райцэнтра.
“Адразу заўважу, што такія выпадкі здараюцца вельмі рэдка, калі ў пятніцу адбываюцца масавыя выплаты зарплаты, – заявіў дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №225 філіяла №200 ВАУ ААТ “Беларусбанк” А. В. Паўлючэнка. – Замест таго, каб карыстацца карткай пры разліках, людзі кідаюцца здымаць грошы ў банкамат. У час масавых выплат зарплаты на рахункі жыхароў раёна пералічваецца ў пятніцу да 1,5 мільярда рублёў. А банкамат, нават самымі буйнымі купюрамі, змяшчае ў некалькі разоў менш. А каб яго загрузіць, трэба заказаць інкасатараў з Віцебска. Таму часам грошай і не хапае. Пры гэтым людзі здымаюць грошы і ідуць да касіра ў банк плаціць тыя ж камунальныя паслугі. А чаму не скарыстацца карткай?”.
Асноўная прычына ў псіхалогіі людзей. Не жадаюць яны прызвычайвацца да сучасных тэхналогій. А без гэтага нікуды не дзецца. Існуе дзяржаўная праграма развіцця безнаяўных плацяжоў у Беларусі, згодна з ёй сфера разлікаў пластыкавай карткай будзе пашырацца, а наяўныя грошы паступова выводзіцца з карыстання, расказаў Аляксандр Васільевіч. Ужо цяпер тэрміналамі для пластыкавых картак абсталяваныя ўсе магазіны, кафэ, аўтастанцыя, каса чыгуначнага вакзала, нават цырульні. Пашыраецца SMS- і Інтэрнэт-банкінг. Праз інфакіёск можна аплаціць усе віды камунальных паслуг, ахову, дзіцячы сад, заплаціць падаткі, нават папоўніць дэпазіт.
Аб’ёмы безнаяўных плацяжоў растуць пастаянна. Напрыклад, калі ў 2006 годзе штомесяц па безнаяўных разліках праходзіла 35-40 мільёнаў рублёў, то сёлета – да  2 мільярдаў. Актыўна пайшлі на пластыкавыя карткі пенсіянеры, якія хутка зразумелі, што не трэба стаяць ў чарзе за пенсіяй, а можна прыйсці і спакойна зняць грошы ў зручны час, ці разлічвацца карткай ў магазінах. Сярод гандлёвых прадпрыемстваў актыўна выкарыстоўваюць безнаяўныя разлікі ўніверсам “Цэнтральны”, “Алімп”, “Юбілейны”, “Тамара-гандаль” у Шуміліне, “Карына-гандаль”  у Обалі. Нават сталовая  ў мікрараёне СШ №2 штомесяц корміць на 2 мільёны безнаяўных рублёў.
Зразумела, што грошы наяўныя патрабуюцца на рынку, яшчэ дзе. Але калі б больш карысталіся безнаяўнымі разлікамі і не здымалі грошы ажыятажна ў дзень зарплаты, то праблем з наяўнасцю ў банкаматах не было б. А банк імкнецца задаволіць патрэбы людзей і  максімальна папярэдзіць дэфіцыт наяўнасці, заўважыў А. В. Паўлючэнка.
Кіраўнік РКЦ №4 ВАУ ААТ “Белаграпрамбанк” Н. С. Крыўко паведаміла, што пастаянна кантралюецца аб’ём і тэрміны выплаты зарплаты на прадпрыемствах-кліентах банка і карэкціруецца загрузка банкамата. Супрацоўнікі банка сочаць за работай банкамата і калі грошы заканчваюцца, то аператыўна іх загружаюць, у тым ліку і ў суботу. Дарэчы, калі ў банкамаце закончыліся грошы, то можна зайсці ў банк і атрымаць іх у касе нават у суботу, патлумачыла Наталля Сяргееўна.
Ёсць у райцэнтры шмат філіялаў віцебскіх прадпрыемстваў, якія абслугоўваюцца іншымі банкамі, не прадстаўленымі ў Шуміліне. Вось тут угадаць, колькі і калі будуць здымаць іх кліенты, цяжка, таму і падчас уплывае на перабоі ў рабоце банкаматаў. Але банк імкнецца не дапускаць падобных пралікаў у рабоце, дадала кіраўнік РКЦ. Яна звярнула ўвагу на тое, што амаль паўсюдна можна разлічыцца карткай і  заклікала шырэй яе выкарыстоўваць.
Сучасныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў наша жыццё і ўсталяваліся тут назаўсёды. Так, усяго дзясятак гадоў таму мабільны тэлефон быў рэдкасцю. Яшчэ менш часу прайшло з таго моманту, калі звычайнай стала пластыкавая картка, а тэхналогіі развіваюцца, ні на хвіліну не прыпыняецца прагрэс. У планах ужо ўвесці разлікі нават за паездку ў гарадскім аўтобусе і дызелі праз мабільны тэлефон, ці (фантастыка?!) адбітак пальца. Але гэта не фантастыка, такія тэхналогіі ўжо выкарыстоўваюцца ў многіх краінах Еўропы, пачаліся эксперыменты па іх масавым ужыванні ў Расіі, вядуцца распрацоўкі і ў нашай краіне.
Так што не спяшайцеся здымаць грошы ў банкамаце, а падумайце, можа магчыма абысціся і пластыкавай карткай.
“Грашовае” пытанне вывучаў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №62 ад 07.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *