До начала учебного года всем ученикам школ и воспитанникам детских садов надо пройти медицинский осмотр

Здоровье Образование Общество

Атрымаць даведку да 1 верасня
Падрыхтаваць дзяцей да школы і дзіцячых садкоў – гэта не толькі купіць адзенне, абутак і канцылярскія вырабы, але і прайсці медыцынскі агляд. Так, з гэтага года ў нашым раёне новаўвядзенне: перад пачаткам навучальнага года кожнае дзіця павінна прайсці ў раённай паліклініцы медкамісію.
“Раней ўрачы выязджалі самі па школах і дзіцячых садах, але ж не заўсёды атрымлівалася зрабіць гэта ў верасні, – тлумачыць сітуацыю дзіцячы педыятр раёна Л. В. Суханава. – А ўрокі фізічнай культуры пачынаюцца ўжо на першым тыдні вучобы. Мы падтрымалі ініцыятыву іншых раёнаў вобласці і запрашаем усіх бацькоў прывесці сваіх дзяцей на медыцынскі агляд у райбальніцу. Прычым, не варта гэта адкладваць на апошнія дні летніх канікулаў, каб не ствараць ля кабінетаў урачоў вялікія чэргі”.
Пра гэта новаўвядзенне даўно ведаюць у школах раёна, класныя кіраўнікі давялі інфармацыю да ведама бацькоў. І з вёсак раёна нямала дзяцей прыехалі на медагляд у ліпені. А вось шумілінцы пакуль не спяшаюцца ісці ў бальніцу, хаця гэта можна было зрабіць яшчэ ў чэрвені – медыцынская даведка лічыцца сапраўднай паўгода.
Як запэўніла Лідзія Валянцінаўна, прайсці дзіцяці медыцынскі агляд рэальна за дзень. Для вучняў пачатковых класаў хопіць і паўдня, а вось старшакласнікам трэба будзе наведаць значна больш урачэбных кабінетаў. Абавязковая ўмова для ўсіх школьнікаў – здача аналізаў, даведкі аб якіх будуць гатовы толькі на наступны дзень. Усе дзеці павінны прайсці агляд педыятра, праверыць зрок. Дарэчы, са жніўня ў райбальніцы працуе і ЛОР-урач.
Пра медыцынскі агляд ведаюць усе, але ж абавязкова знойдуцца некалькі чалавек, якія яго не паспеюць прайсці да верасня. “Сітуацыя будзе адслежвацца настаўнікамі і медработнікамі, – кажа Л. В. Суханава. – Такіх дзяцей у першыя дні вучобы ўсё роўна адправяць у бальніцу, бо без медыцынскай даведкі да заняткаў школьнікі не дапускаюцца”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №62 ад 07.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *