Стартавала перадвыбарная агітацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Новости

Стартавала перадвыбарная агітацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
Паводле слоў сакратара ЦВК, ёсць кандыдаты ў дэпутаты, якія атрымалі пасведчанні аб рэгістрацыі ўжо ўчора, хоць, згодна з каляндарным планам падрыхтоўкі і правядзення выбараў у ніжнюю палату парламента, акруговыя выбарчыя камісіі могуць выдаваць іх у двухдзённы пасля рэгістрацыі тэрмін.
«Кандыдаты ў дэпутаты, якія маюць на руках пасведчанні, маглі пачынаць агітаваць за сябе літаральна на выхадзе з будынка, дзе праходзіла пасяджэнне акруговай камісіі», — сказаў Мікалай Лазавік. Ён дадаў, што ўчора рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты правялі практычна ўсе камісіі.
Выступаць з перадвыбарнымі праграмамі па дзяржаўным радыё і тэлебачанні прэтэндэнты на месца ў парламенце пачнуць 27 жніўня. У дзень рэгістрацыі для кожнага з іх шляхам жараб’ёўкі вызначылі дату і час выступленняў.
Сакратар Цэнтрвыбаркама нагадаў, што перадвыбарныя выступленні, як і ўдзел у тэле- і радыёдэбатах, — справа добраахвотная. «Калі які-небудзь кандыдат лічыць, што іншыя спосабы агітацыі, асабістыя сустрэчы, напрыклад, больш эфектыўныя, палічыць за лепшае выкарыстоўваць больш магчымасцей для непасрэдных размоў з выбаршчыкамі, то гэта яго права», — падкрэсліў Мікалай Лазавік.
Акрамя выступленняў у тэле- і радыёэфіры кандыдат у дэпутаты мае права апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў адной з рэспубліканскіх газет — «Звяздзе», «Народной газете», «Рэспубліцы», «Белорусской ниве». Прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла можа выбраць адпаведную абласную газету, або раённыя, гарадскія газеты, якія выдаюцца на тэрыторыі выбарчай акругі і з’яўляюцца дзяржаўнымі, ці часткова фінансуюцца з рэспубліканскага або мясцовага бюджэту, або адным з заснавальнікаў якіх выступаюць дзяржаўныя органы ці арганізацыі.
Тэкст перадвыбарнай праграмы, падпісаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, павінен быць прадстаўлены ў рэдакцыю газеты не пазней за 2 верасня 2012 года на папяровым і электронным носьбітах. Пры апублікаванні перадвыбарных праграм захоўваецца чарговасць іх паступлення, якая вызначаецца на падставе асобнай рэгістрацыі ў рэдакцыях газет з пазначэннем даты і часу паступлення кожнай праграмы.
Перадвыбарная агітацыя ў Беларусі прадоўжыцца да 22 верасня ўключна. Асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў назначаны на 23 верасня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *