Пристегните ремень – сохраните жизнь

Бяспека

Не накінуць рэмень,  а прышпіліць
За сем месяцаў бягучага года аддзяленнем ДАІ РАУС да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі з непрышпіленымі рамянямі бяспекі прыцягнута 89 вадзіцеляў індывідуальных і дзяржаўных транспартных сродкаў. За здзяйсненне гэтага ж правапарушэння паўторна на працягу года да адказнасці прыцягнута 28 вадзіцеляў.
Прымяненне рамянёў бяспекі – гэта патрабаванне Правілаў дарожнага руху.  Тых, хто не выконвае гэта патрабаванне, чакае штраф да пяці базавых велічынь. Варта яшчэ правільна прышпіліць рэмень бяспекі, каб ён туга прылягаў да цела. Далонь на ўзроўні грудзей павінна праходзіць пад ім з цяжкасцю. А некаторыя пасажыры толькі накідваюць рэмень бяспекі, забываючы, што не замацаваны ў замку-фіксатары рэмень не выратуе ў выпадку аварыі. Больш таго, пры сутыкненні машын металічная частка рамяня можа хлыстом ударыць пасажыра прама ў скроню. Як бачна, плата за ігнараванне правіламі дарожнага руху вельмі высокая – здароўе і жыццё. Вучоныя разлічылі, што калі ўсе вадзіцелі і пасажыры стануць карыстацца рамянямі бяспекі, то колькасць смяротных зыходаў пры ДТЗ можа скараціцца  да 45%.
Існуе шэраг перасцярог пры выкарыстанні рамянёў бяспекі. Напрыклад, калі паяснічная лямка рамяня размешчана на целе вельмі высока, то гэта павялічвае верагоднасць траўміравання ўнутраных органаў. Перакручаная лямка ўвогуле не выконвае абаронныя функцыі. У выніку дарожна-транспартнага здарэння яна можа глыбока ўрэзацца ў цела.
Плечавая лямка рамяня павінна зручна ляжаць на грудной клетцы і не датыкацца да шыі. Вельмі небяспечна прапускаць плечавую лямку пад рукой. Пры гэтым вялікая верагоднасць моцнага ўдару галавой аб пярэднюю панэль. Лямка, якая праходзіць пад рукой, можа стаць прычынай траўміравання ўнутраных органаў. Помніце, што рэбры могуць вытрымаць значна меншую нагрузку, чым плечавы пояс. Правільнае палажэнне плечавой лямкі адносна цела робіць бяспечную перадачу высокіх нагрузак рамяня на найбольш моцныя косці шкілета.
Некаторыя лічаць, што цяжарным жанчынам не варта карыстацца рамянямі бяспекі. Але гэтая думка памылковая. Спецыялісты вядучых аўтамабільных фірм рэкамендуюць заўсёды, незалежна ад тэрміну цяжарнасці, карыстацца рамянямі бяспекі.
Вельмі зношаная або надарваная лямка рамяня можа не вытрымаць нагрузку пры дарожна-транспартным здарэнні і парвацца. Таму зношаныя або пашкоджаныя дэталі неабходна тэрмінова замяніць. Прычым, не рэкамендуецца самастойна дэманціраваць  рамяні бяспекі або ўносіць у іх канструкцыю нейкія змяненні.
Ні ў якім разе нельга прышпільваць адразу двух пасажыраў рамянём бяспекі. У выпадку ДТЗ атрымаюць траўмы абодва.
І апошняе. Дзеці, малодшыя 12 гадоў, павінны перавозіцца на заднім сядзенні. Калі аўтамабіль аснашчаны франтальнай падушкай для пярэдняга пасажыра, катэгарычна забараняецца ўстанаўліваць на гэта сядзенне дзіцячыя крэслы, у якіх дзіця размешчана тварам назад. У выпадку, калі спрацуе  франтальная падушка бяспекі, дзіця можа атрымаць сур’ёзныя траўмы або загінуць.
Н. ГОЛУБ, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы ДАІ РАУС.
Надрукавана ў №68 ад 28.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *