Цэнтрвыбаркам Беларусі завяршыў рэгістрацыю кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі

Актуалии Власть

Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршыла сёння рэгістрацыю кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, прызнаўшы правамоцным іх вылучэнне ва ўсіх абласцях і ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Характарызуючы ў цэлым склад зарэгістраваных кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына сёння ў размове з журналістамі адзначыла, што сярод іх нямала вядомых асоб.
Так, на тое, каб прадстаўляць у верхняй палаце парламента інтарэсы сталіцы прэтэндуюць цяперашні старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў, старшыня Прэзідыума НАН Анатоль Русецкі, старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, старшыня савета дырэктараў холдынга «Амкадор» Аляксандр Шакуцін.
Кандыдатамі ў члены Савета Рэспублікі зарэгістраваны старшыні аблвыканкамаў: Брэсцкага — Канстанцін Сумар, Віцебскага — Аляксандр Косінец, Гомельскага — Уладзімір Дворнік, Мінскага — Барыс Батура, Магілёўскага — Пётр Руднік.
Упершыню на пасаду сенатара вылучаны першы сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ігар Бузоўскі і першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Юрый Аляксей.
Усяго на пасаду сенатара прэтэндуюць 56 чалавек. Сярод іх прадстаўнікі розных іншых сфер дзейнасці: дзяржаўныя служачыя, прамыслоўцы, урачы, журналісты, бізнесмены.
Парадак фарміравання верхняй палаты беларускага парламента спалучае элементы выбарнасці і прызначальнасці. Па восем членаў выбіраюцца ад кожнай вобласці і Мінска на пасяджэннях дэпутатаў Савета дэпутатаў базавага ўзроўню і на пасяджэнні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Яшчэ восем членаў Савета Рэспублікі назначае сваім указам Прэзідэнт.
Выбары ў Савет Рэспублікі павінны прайсці з 6 па 25 верасня ўключна. Вынікі будуць падведзены не пазней за 5 кастрычніка ўключна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *