Криминал

Происшествия

5 тысяч
У міліцыю звярнулася жыхарка райцэнтра: з яе кватэры прапалі грошы. Па гарачых слядах злачынца быў знойдзены. Ім аказаўся… родны брат пацярпелай, які напярэдадні быў у гасцях. Ён і прыбраў да рук пяць тысяч рублёў Расійскай Федэрацыі. Узбуджана крымінальная справа.
Банкаўская картка
Жыхар райцэнтра расказаў міліцыянерам, што ягоную банкаўскую картку ўкралі. У гэты ж дзень было ўстаноўлена, што гэтай банкаўскай карткай пакарысталіся пры разліку за купленыя прадукты ў магазіне “Скарб”. Асоба злачынцы высвятляецца.
Статыстыка
За студзень-верасень гэтага года ў раёне зарэгістравана 197 злачынстваў (летась было 253) – мінус 22,1% да ўзроўню мінулага года. Па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана 151 злачынства (летась 179). Прычым раскрывальнасць павялічылася з  63% да 72,8%.
Незаконнае спіртное
Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў канфіскавалі ў гэтым годзе 5266, 6 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці (летась было 4353,9 літра).  За незаконны выраб і продаж спіртнога складзена 19 адміністрацыйных пратаколаў (у мінулым годзе было 17).
Дзень не задаўся
Жыхар а.-г. Светласельскі пры руху заднім ходам на вуліцы Вакзальнай наехаў на аўтамабіль, які быў прыпаркаваны на абочыне. З месца ДТЗ вадзіцель з’ехаў. Але дзень для мужчыны яўна не задаўся: па неасцярожнасці ён яшчэ сарваў палівараздатачны кран на аўтазаправачнай станцыі ў Шуміліне. Вадзіцелю пагражае штраф і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на два гады.
1 чарка – 4 парушэнні
Жыхар Шуміліна, які сеў за руль БМВ у стане алкагольнага ап’янення, не размінуўся з агароджай на вуліцы Ленінскай, не спыніўся па патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі і пакінуў месца ДТЗ. На мужчыну складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў: за наезд на агароджу, за невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ, за тое, што сеў за руль нецвярозым і за стварэнне аварыйнай сітуацыі. За ўсё гэта пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады і штраф.
На чырвонае святло
Жыхар Верхнядзвінскага раёна, які ехаў на аўтамабілі ГАЗ, на перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Луначарскага парушыў Правілы дарожнага руху і праехаў на чырвонае святло святлафора. У выніку – сутыкнуўся з  аўтамабілем, якім кіраваў жыхар Шуміліна. Машыны пашкоджаны. На жыхара Верхнядзвінскага раёна складзены адміністрацыйны пратакол, накіраваны для разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
Дыстанцыя
Жыхарка Расійскай Федэрацыі, якая на аўтамабілі “Форд-Тонус” ехала  па аўтадарозе Віцебск-Полацк, не захавала патрэбную дыстанцыю да аўто, што рухаўся наперадзе. У выніку расіянка наехала на легкавушку, якой кіраваў жыхар Віцебска.  Жанчына прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла Зуйкова.
Надрукавана ў №82 ад 16.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *