Тематическая встреча работников культуры прошла в преддверии Дня работников культуры

Культура Общество

Пра магію дрэва і творчы ўздым
Культура – асобны пласт жыцця чалавека, без якога жыццё наша збядняе. У культуру прыходзяць людзі сапраўды апантаныя, тыя, хто прысвячае сябе сцэне, хто мае артыстычныя задаткі, хто ўмее і любіць ствараць настрой кожнаму з нас. Такіх людзей у раёне шмат. І сёлетняе свята, прысвечанае Дню работнікаў культуры, праходзіла ў іншым фармаце, чым раней. Тым не менш, гэта ніяк не змяншае той ролі, якую адыгрывае культура ў нашым жыцці.
Многія сцвярджаюць, што чалавеку ў жыцці трэба тры рэчы: хлеб, жыллё і відовішча. З гэтым можна ў прынцыпе згадзіцца, хаця з духоўнага, акрамя відовішча, можна было б вылучыць іншыя кампаненты, скажам, літаратуру або музыку. Пра літаратуру гаворку весці не будзем. А вось музыкі, песень ды забаўных маналогаў  у той дзень хапала.
Відовішча, а калі быць больш дакладным, тэматычная сустрэча, прысвечаная Дню работнікаў культуры,   прайшла ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі. На яе запрашаліся не ўсе, хто працуе ў сферы культуры (гэтага не дазвалялі маштабы залы), запрасілі  тых, хто адслужыў на ніве культуры ўсё жыццё, у тым ліку і юбіляраў, і тых, хто на гэтую ніву ступіў нядаўна.
В. а. начальніка аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая, якая выступіла з віншавальным словам, выказала ўпэўненасць, што такі рэгламент сустрэч з нагоды прафесійнага свята прыжывецца і стане традыцыйным.  Галоўнае – заахвоціць, падтрымаць, надаць смеласці новаму парастку, і з яго вырасце, вобразна кажучы, прыстойнае дрэва, народзяцца новыя  імёны.   Звыш трох тысяч мерапрыемстваў правялі работнікі культуры раёна з пачатку года. Культура ў раёне ніколі не заставалася на задворках, яна заўсёды ў пошуку. Напрацовак шмат, нямала і творчых праектаў, а ўвасабляць у жыццё іх давядзецца і вопытным, і маладым, тым, хто толькі ўчора выйшаў з каледжа і ўніверсітэта.
Прыйшоў павіншаваць работнікаў культуры са святам намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. У руках яго Ганаровая грамата райвыканкама, якую ён  уручае метадысту раённага Дома рамёстваў Вользе Уладзіміраўне Лявонавай. Граматай упраўлення культуры аблвыканкама ўганараваны   харэограф народнага ансамбля народнай песні “Абалянка” Уладзімір Васільевіч Мулькоў. Пад шчырыя і шчодрыя апладысменты граматы аддзела культуры лепшым работнікам-юбілярам (гэтым шанаванням юбіляраў і была прысвечана асобная і самая, бадай, важная старонка свята) уручае В. Г. Навіцкая. Ад імя ўзнагароджаных   слова ў адказ сказала Л. І. Цыркунова. Ларыса Іванаўна ўзгадала той 1986-ы, калі перад ёй стаяў выбар   паехаць пасля заканчэння ўстановы ў Міёры або застацца ў родным Шуміліне. На той час у Шуміліне культура была кволай і мала хто верыў, што яна з часам ажывіцца. Пасля напружаных высілкаў з’яўляюцца і ўзорныя, і народныя калектывы. “Як кажуць, лёд неўзабаве скрануўся, – гаворыць Л. І. Цыркунова. – Зараз галоўнае, каб маладыя трымалі гэту марку, помнілі, як нялёгка  даліся заваёвы”.
Іх пяцёра перад прысутнымі – маладых і прыгожых, таленавітых і апантаных прафесіяй, якую абралі. Яны абяцаюць быць вартымі сваіх старэйшых калег па цэху, даюць клятву маладога спецыяліста, што не  ўдараць тварам у гразь.  Менавіта клятву – сапраўдную,  не дзеля “птушачкі” ці жарту. А клятву зачытвае ім старшыня ветэранскай арганізацыі работнікаў культуры Л. В. Голубева. Пасля клятвы  маладыя завязваюць чырвоныя стужкі на сімвалічным вясёлкавым дрэве – як магічным сімвале творчага ўздыму, гарэння і любві.
Дзве гэтыя сцэны – клятва маладых спецыялістаў  і магія чарадзейнага дрэва – ажывілі сцэнарый свята, надалі яму  не толькі забаўляльны, а і выхаваўчы характар. Пастараліся і самі артысты, якія песнямі, мініяцюрамі шанавалі ветэранаў. Не застаўся ўбаку і райкам прафсаюза работнікаў культуры. Яго старшыня А. М. Сініцкая ўручыла грамату і  каштоўны падарунак загадчыцы Мішкавіцкага сельскага клуба З. А. Касьянавай.
Сустрэча – гэта адчувалася па настроі – надала  запрошаным акрыленасці, энтузіязму, прынесла нямала ўсцешаных хвілін ад усведамлення таго, што праца культработніка – пачэсная і вельмі патрэбная людзям.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №82 ад 16.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *