Идеологов района принимала Шумилинская СШ №1

Актуалии Общество

Вучобу пачалі з Героя…
У актавай зале СШ № 1 г. п. Шуміліна прайшла чарговая семінарская вучоба ідэалагічнага актыву раёна. Вяла семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская.
Да таго, як характарызаваць сваю ўстанову, дырэктар СШ № 1 В. В. Мянькова запрасіла ідэолагаў у школьны музей на экскурсію: у школе акурат праходзіць Вахта памяці Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка, імя якога і носіць школа. Экскурсію вялі чатыры дзяўчынкі-старшакласніцы. Яны   падрабязна расказалі пра Героя-земляка, запрасілі гасцей азнаёміцца з экспанатамі музея.
Затым дырэктар В. В. Мянькова расказала пра школу. СШ №1 – самая буйная школа ў раёне, у ёй 43 вучэбныя кабінеты, прыстойная сталовая, буфет, спартыўная зала. У школе, дзякуючы бюджэту, спонсарам,   пазабюджэтнай дзейнасці  школы і за кошт другаснай занятасці вучняў абнаўляюцца мэбля класаў, набываецца халадзільнае абсталяванне, закупляюцца патрэбныя электрабытавыя прыборы, іншае абсталяванне, якое паляпшае ўмовы працы і адпачынку педагогаў і  вучобы школьнікаў. Прыклад СШ №1 паказвае па ландшафтнаму дызайну, па папулярызацыі прыгажосці. Школа выглядае дастойна ў конкурсах, на алімпіядах, наогул па якасных параметрах у вучобе. Дастаткова сказаць, што да 45% вучняў СШ № 1 займаюцца на 6-10 балаў, стала традыцыйнай творчая справаздача школы на раённай сцэне.
Аб прафарыентацыйнай рабоце, якая праводзіцца ў школе, расказала прысутным  намеснік дырэктара Л. Б. Сіліна. Было адзначана, што ў 9-х класах вывучвецца абавязковы курс “Асновы выбару прафесіі”. Частыя госці ў школе банкаўскія работнікі, РАУС, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, райспажыўтаварыства, якія гутараць з выпускнікамі,  нацэльваюць іх на свядомы і разважлівы выбар прафесіі.
Па другім пытанні, якое датычылася вынікаў агляду-конкурсу  на лепшую ферму па надоях малака і бытавых умовах жывёлаводаў, інфармацыю данесла С. Д. Вярцінская. Святлана Данілаўна адзначыла станоўчую работу ў гэтым плане на ферме Башні ААТ “АграБаравінка”, добрае слова было сказана ў адрас ферм Спаскае, Латкова ААТ “Лаўжанскае”, а вось у Шумілінскім райаграсэрвісе ў гэтым плане  не пастараліся. Тым не менш да канца кастрычніка на фермах павінен усюды быць належны парадак – такое патрабаванне кіраўніка раёна.
Аб выніках агляду-конкурсу на лепшую сельскую сям’ю-2012 расказала прысутным начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама М. Я. Ганчарова. Затым ідэалагічнаму актыву былі прапанаваны відэаролікі, адзнятыя тэлебачаннем у тэматычнай праграме “Вяскоўцы”. Былі прагледжаны сюжэты пра пчаляроў з ААТ “Лаўжанскае”, пра маладую сям’ю Броўкіных з аграгарадка Светласельскі, пра вырошчванне бульбы і наогул пра справы ў СФГ “Раднік”, пра обальскія балоты і разважанне жыхаркі в. Вішня Обальскага сельсавета пра тое, чаму з’язджае моладзь з вёскі.
Па рабоце інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у пярэдадзень сустрэч адказных работнікаў райвыканкама і райсавета ў працоўных калектывах і аб рабоце раённага аддзялення Беларускага Фонду міру інфармавала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л. В. Шаўцова. Пра арганізацыю падпіскі на перыядычныя выданні расказаў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А. У. Мазанкоў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №83 ад 19.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *