Подведены итоги подворного обхода в Ловжанском сельсовете

Актуалии Власть Общество

Удзельнікі мерапрыемства на чале са старшынёй райвыканкама У. П. Куранным на ферме Брыцікі.

Чаго хочуць людзі і што могуць улады
На пачатку кастрычніка ў Лаўжанскім сельсавеце прайшоў падворны абход населеных пунктаў. У аўторак на гэтым тыдні былі падведзены вынікі сустрэч з насельніцтвам.
Падворныя абходы. Навошта яны, спытае нехта, што яны даюць? Думаецца, гэта, як ні якая іншая форма работы, спрыяе наладжванню дыялогу паміж насельніцтвам і ўладай, дапамагае ўбачыць і пачуць адзін аднаго, знайсці парытэт паміж тым, чаго хочуць людзі і што могуць улады.
Вядома, людзі хочуць жыць годна: піць чыстую ваду і есці свежы хлеб, хадзіць па добраўпарадкаванай вуліцы і атрымліваць даступныя паслугі.
І калі ў гэтым ланцугу нешта не спрацоўвае – не прыехала аўталаўка,  не гараць на вуліцы ліхтары, не працуе калонка – людзі звяртаюцца да старэйшыны, да старшыні сельвыканкама за дапамогай. І ў гэтым выпадку ўлады павінны дапамагаць рашаць праблемы, рабіць усе, каб яны не ўзнікалі зноў. Але ж і ўлады хочуць, каб чалавек сам больш клапаціўся пра свой дабрабыт, каб не баяўся малатка і сякеры, радлёўкі і грабляў.
Цікавая акалічнасць: падворныя абходы па населеных пунктах сельсаветаў завярнулі ўжо на другі круг. Кожны ведае, што і на ягоны двор зойдуць прадстаўнікі раённых службаў, уладных структур. Пра тое, калі дакладна будуць госці, заўсёды паведамляе раённая газета, загадзя папярэджвае і мясцовы сельвыканкам. Як людзі рыхтуюцца?
У Лаўжанскім цэнтры культуры і вольнага часу, дзе падводзіліся вынікі кастрычніцкага падворнага абходу па Лаўжанскім сельсавеце, глядзім “кіно”, якое здымаў прадстаўнік адной з груп райвыканкама. Большасць людзей, якія трапілі ў кадр, паважанага ўзросту, але яны не сядзяць без справы, пра што сведчаць спарадкаваныя агародчыкі, кветнікі ля дамоў, парадак у пакоях. І самі гэтыя людзі добразычлівыя, шмат жартуюць, ад “камісій” (так яны клічуць групы) просяць толькі здароўя. Расказваюць і пра праблемы, але без надрыву, без абвінавачванняў і пагроз “пра ўсё напісаць прэзідэнту”. А вось іншы кадр (на жаль, не адзінкавы): ля хаты павалілася агароджа, муж з жонкай у хаце, яшчэ не пенсіі, але нідзе не працуюць. Чаму? Ён прыкрываецца старэнькай мамкай, за якой прыстроіўся апекуном. Яна нічым не апраўдвае свайго свабоднага ад усялякіх абавязацельстваў жыцця. А што, хіба так не зручна? Затое яны адразу ідуць у наступ: патрэбна агароджа каля дома, хіба вы не бачыце, што павалілася, дом жа дзяржаўны, гаспадарка будавала?..
У другім, ужо шматкватэрным доме патрабуюць замазаць трэшчыну ля ўваходу ў пад’езд, у трэцім – падрамантаваць комін на даху…
Не так даўно вясковаму мужыку і ў галаву не прыйшло б звяртацца да ўлад з такімі дробязямі, узяў бы ў рукі вядро з растворам, замазаў бы тыя трэшчыны ля ўваходу і ў коміне. Зрабіў бы і новы плот, падумаў бы, што яму ж дзяржава хату пабудавала, дык што ж  сам агароджу не зробіць, парадак не навядзе! Нікому не прыйшло б у галаву і браць грошы ад дзяржавы за тое, што ён прынясе сваёй матулі вядро вады і зварыць суп. Лёгка паспелі б зрабіць гэта з раніцы, перад тым, як пайсці на трактар, на ферму… А сёння на сяле ўсё менш становіцца тых, хто хоча сесці за руль трактара ці пайсці даіць кароў.
Так, дзяржава павінна рабіць для людзей больш, даваць больш сацыяльных даброт, павышаць узровень жыцця, адзначыў на заключным мерапрыемстве па падворнаму абходу ў Лаўжанскім сельсавеце старшыня райвыканкама У. П. Куранны.  Але грошы на вырашэнне многіх неабходных пытанняў, падкрэсліў Уладзімір Пятровіч, закладваюцца тут – на палях і фермах, бюджэт пачынаецца з вытворчасці.
Таму абмеркаванне вынікаў падворнага абходу пачалося не з пленарнага пасяджэння, а з наведвання вытворчых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Удзельнікі мерапрыемства наведалі ферму Брыцікі КУСГП “Ульскі” і ферму Рашэтнікі ААТ “Лаўжанскае”.
Старшыня райвыканкама пахваліў спецыялістаў “Ульскага” за высокую гатоўнасць новага арачніка, але жорстка раскрытыкаваў за бязладдзе на прыфермскай тэрыторыі. Уладзімір Пятровіч паставіў задачу кожны дзень адвозіць ад фермы арганіку і ў самы бліжэйшы час з дапамогай ПМС прывесці ў парадак усю тэрыторыю.
Вялікую дапамогу “Ульскаму” па рамонту фермы ў Брыціках, побач з якой будуецца арачнік, аказвае Обальскі керамічны завод. Як паведаміў кіраўнік гаспадаркі Ю. А. Савіцкі, ОКЗ інвеставаў у будаўніцтва фермы 250 мільёнаў. 300 мільёнаў на Брыцікі паклала гаспадарка. Тым не менш работы тут не завершаны, не закончаны малочны блок, няма пакоя адпачынку, не абжагароджаны месцы выгулу для жывёлы, не выкананы многія іншыя работы, якія проста неабходна паспець зрабіць да маразоў.
Ферма “Рашэтнікі” ААТ “Лаўжанскае” ў параўнанні мае больш казырны выгляд. Тут нядрэнны пад’езд да фермы, даглядаецца тэрыторыя, зробленыя па тэхналогіі забетаніраваныя сянажныя траншэі, абгароджаны выгул для жывёлы, тут арганізавана дыферэнцыраванае кармленне кароў у залежнасці ад надояў, робіцца аналіз кармоў, праводзяцца іншыя мерапрыемствы. Як вынік тут нядрэнныя надоі, нядрэнная і зарплата.
У Рашэтніках завяршаецца будаўніцтва другога арачніка. Увядзенне ў строй двух арачнікаў дазволіць павялічыць на ферме пагалоўе жывёлы на 150 галоў, павысіць вытворчасць малака праз паўтара года ў два разы і давесці зарплату да 5-6 мільёнаў, падзяліўся перспектывамі дырэктар ААТ “Лаўжанскае” В. М. Долгі.
У. П. Куранны пры наведванні ферм і на пленарным пасяджэнні шмат увагі ўдзяліў тэхналагічным аспектам вытворчасці. Без гэтага няма заўтра, перакананы ён. Не патрабуйце ад людзей нічога звышнатуральнага, вучыў старшыня райвыканкама кіраўніцкі састаў раёна, дастаткова працаваць па 8 гадзін, але працаваць граматна, захоўваючы тэхналогіі, без прастояў і бясконцых перакураў. Тады будзе і плён.
На пленарным пасяджэнні выступіла старшыня Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў С. П. Кійко. Святлана Паўлаўна паведаміла, што падчас падворнага абходу паступіў 31 зварот, 6 пытанняў ужо вырашаны, 25 знаходзяцца на кантролі. Па кожнаму з іх далажылі кіраўнікі адпаведных раённых службаў, былі вызначаны тэрміны выканання. Так, напрыклад, па паштоваму аддзяленню ў Добрыне У. П. Куранны запатрабаваў вырашыць пытанне да 20 кастрычніка. І ў Добрыне, і ў Сіроціне павінны працаваць стацыянарныя паштовыя аддзяленні, а не паштовая машына, кадравыя пытанні павінен рашыць раённы вузел паштовай сувязі разам з мясцовымі сельвыканкамамі, падкрэсліў ён.
Кіраўнік раёна яшчэ раз звярнуў ўвагу, што трэба заахвочваць рупліўцаў як на вытворчасці, так і ў быце, але не трэба баяцца зрабіць заўвагу таму, хто не хоча прыбраць у сваім двары, ля сваіх дзявярэй у пад’ездзе, хто лічыць за цяжкасць напісаць заяву ў сельвыканкам і стаць на чаргу па дровы, але не ляніцца пісаць доўгія петыцыі ў вобласць і рэспубліку, што ў яго няма ні палена…
Фарміраваць свядомасць – справа не аднаго дня, але без гэтага няма руху наперад.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №83 ад 19.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *