Вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік правёў сустрэчу з чытачамі ў Шумілінскай дзіцячай бібліятэцы

Грамадства Культура Навіны

Даверліва,  на адным дыханні
Эпітэты, вынесеныя ў загаловак нататак, – не авансам, не таму, каб не пакрыўдзіць сталічнага пісьменніка. Тыя, хто прыйшоў 19 кастрычніка ў дзіцячую бібліятэку ў Шуміліне, па ўсім відаць, не пашкадавалі. А па запрашэнні дырэктара цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы  Іны Каралёвай у Шуміліна прыехаў дзіцячы пісьменнік і драматург Уладзімір Ягоўдзік. Праўда, пачынаў Уладзімір Іванавіч з “дарослай” прозы, на пачатку яго літаратурнага шляху выйшла некалькі кніг мастацкай прозы. А пасля пісьменнік памяняў курс. “Для дзяцей пісаць і проста, і складана, – прызнаўся шаноўны госць. – Для дзяцей трэба пісаць гэтак жа, як для дарослых, але лепш. Бо дзеці тонка адчуваюць фальш”.
Размова з вучнямі СШ № 1, якія прыйшлі на сустрэчу з пісьменнікам,  атрымалася даверлівай, прайшла на адным дыханні, жыва, дынамічна. Пісьменнік не цураўся  жартаў, расказваў розныя пацешкі, пра сваю шчырую любоў да птушак, звяроў, наогул да прыроды, і дзеці яму верылі. Яны захоплена, стаіўшы дыханне, слухалі чалавека, які піша для іх. Адзін хлопчык разгарнуў падручнік і сказаў: “А вось тут і ваша апавяданне”.
Да сустрэчы была наладжана выстава з кніжак пад назваю “Вандроўкі з Ягоўдзікам”, выпушчаных сталічным выдаўцом і пісьменнікам. Кніжкі вабілі кідкімі,  з густам аформленымі вокладкамі, стракацелі загалоўкамі “Рыжая акрабатка”, “Адмірал і яго каманда”, “У госці да мядзведзяў”, “Барабаншчыкі вясны”…
Пісьменнік вёў сустрэчу на беларускай мове,  выклікаў да сябе, нібыта настаўнік, вучняў і прасіў прачытаць верш па-беларуску. Наогул Уладзімір Ягоўдзік перакананы, што матчына мова не зачэзне, не знікне, у яе вялікая жыццёвая сіла. Як і ў самой прыроды, пра якую так  даверліва, з любоўю расказваў ён  юным чытачам, паказваў цікавыя сюжэты з дыскаў, захопленых з сабою ў вандроўку.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №84 ад 23.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *