Призыв а армию по новым правилам

Актуалии Закон Общество

О. Г. Чернявский, военный комиссар района

Па новых правілах
Па ўсёй краіне праходзяць прызыўныя мерапрыемствы. Пра сёлетні прызыў гутарым з ваенным камісарам раёна падпалкоўнікам Алегам Генадзьевічам ЧАРНЯЎСКІМ.
– Можна сказаць, што пераважная большасць мерапрыемстваў па прызыве ўжо завершана. Прызыў пачаўся ў жніўні, прайшлі медкамісіі, прадстаўнікі вайсковых часцей адабралі для сябе навабранцаў. Адпраўка ў армію новага папаўнення пачнецца з 16 лістапада.
– Колькі нашых землякоў папоўняць рады Беларускай Арміі? Дзе будуць праходзіць тэрміновую вайсковую службу шумілінскія хлопцы?
– 31 прызыўнік папоўніць рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Нашы землякі будуць служыць у 103-й асобнай  мабільнай брыгадзе (Віцебск), 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе (Заслонава), асобным батальёне міліцыі (Віцебск), 14-м пагранічным атрадзе (Полацк),  15-м пагранічным атрадзе (Смаргонь). Яшчэ шасцёра хлопцаў будуць праходзіць службу ў рэзерве.
– Спыніцеся, калі ласка, больш падрабязна на службе ў рэзерве.
– У гэтым прызыве на службу ў рэзерве быў сапраўдны конкурс. Хадайніцтвы накіравалі як дзяржаўныя арганізацыі, так і прыватныя. Сярод прэтэндэнтаў былі прызыўнікі як з вышэйшай, так і з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Зразумела, камісія ўлічвала неабходнасць спецыялістаў у раёне.  Гэта быў адзін з асноўных крытэрыяў адбору. Так, напрыклад, былі задаволены хадайніцтвы ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, ПМК-70, раённага вузла электрычнай сувязі.
– Летам былі ўнесены змяненні ў Інструкцыю па патрабаваннях да стану здароўя грамадзян, якіх прызываюць на тэрміновую вайсковую службу ці службу ў рэзерве. Наколькі яны істотныя?
– Па-першае, паменшыўся спіс захворванняў, па якіх давалася адтэрміноўка. Па-другое, знікла так званая часовая адтэрміноўка. Цяпер камісія робіць толькі два заключэнні па стану здароўя — годны/нягодны да службы ў арміі. Гэта дазваляе пазбегнуць блытаніны, і прызыўнікам не трэба кожны прызыў праходзіць медыцынскія абследаванні. Зразумела, што дэсантнікам альбо пагранічнікам, напрыклад, можа стаць абсалютна здаровы хлопец. А калі ёсць пэўныя захворванні, можна, да прыкладу, служыць у радыётэхнічных ці інжынерных войсках, часцях матэрыяльнага забеспячэння. Тут няма вялікіх фізічных нагрузак.
— Алег Генадзьевіч, як змены паўплывалі на прызыў?
— Што тычыцца канкрэтна гэтага прызыву, то годнымі да службы ў арміі  прызналі дадаткова трох юнакоў, якім раней па медыцынскіх паказаннях даваліся адтэрміноўкі. Двое будуць служыць, яшчэ адзін атрымаў адтэрміноўку па сямейных абставінах.
А ўвогуле трэба адзначыць, што нашы прызыўнікі служаць і ў самых элітных войсках.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №85 ад 26.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *