Криминал. Происшествия

Происшествия

Экскаватар
Экскаватар, які работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм пакінулі на ноч на ворыўным полі ля вёскі Мазекі, абрабавалі. З трактара прапалі два акумулятары, паліўная помпа, стартэр і генератар. Злачынцы вышукваюцца.
Веласіпед
Раённая газета пісала аб тым, што месяц таму  ля магазіна “Эканом” у Шуміліне прапаў веласіпед. Нядаўна асоба злачынцы была ўстаноўлена – гэта жыхар в. Каравайніца.
Дзякуй суседзям
Гаспадароў з Шуміліна, якія жывуць па вуліцы Кароткіна, можна сказаць, выратавалі суседзі. Калі  б яны своечасова не патэлефанавалі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях, жыхары кватэры задыхнуліся б у дыму. Гаспадыню кватэры і яе пляменніцу выратавальнікі выцягнулі з палаючай кватэры. Праўда, маёмасць гаспадароў значна пашкоджана агнём, але гэта нішто ў параўнанні з чалавечым жыццём.
Хата і лазня
У вёсцы Макракі загарэўся жылы дом. Знішчаны дах, дахавае перакрыццё, пашкоджаны сцены і дамашняя маёмасць.
На наступны дзень у гэтага ж гаспадара з Макракоў згарэла лазня. Прычыны двух загадкавых пажараў высвятляе міліцыя.
Выратавалі гаспадара
У адным з дамоў у в. Прыазёрная загарэлася веранда, якая практычна поўнасцю была знішчана, агонь перакінуўся і на дом. З агню выратавальнікі выцягнулі гаспадара. Прычыны пажару высвятляюцца.
У кювеце
Жыхар Віцебска ў стане алкагольнага ап’янення ехаў па аўтадарозе Шуміліна-Башні на аўтамабілі “Фольксваген-Шаран”. Не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Пра дарожна-транспартнае здарэнне ў міліцыю мужчына не паведаміў і з’ехаў з месца ДТЗ.  На віцябляніна складзены адміністрацыйны пратакол.
Без тэхагляду
Супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі затрыманы жыхар а.-г. Слабада, які нецвярозы ехаў на асабістым аўто “Нісан-прэм’ера”. Тэхагляд на машыну пры гэтым не быў пройдзены. Вяскоўцу пагражае пазбаўленне ва-дзіцельскіх правоў на тры гады і немалы штраф.
Пешаходы
У сувязі з тым, што ў кожным раёне вобласці будзе праводзіцца маніторынг па выкарыстанні святловяртальных элементаў у цёмны час сутак, супрацоўнікамі ДАІ праведзены спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Пешаход”.
За мінулы тыдзень у раёне Правілы дарожнага руху парушылі 16 пешаходаў, прычым, чатыры з іх былі нецвярозыя, адзначаюць супрацоўнікі ДАІ. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тры веласіпедысты і адзін возчык – за тое, што конскія калёсы не былі абсталяваны катафотамі.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана щ №86 ад 30.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *