В Шумилино прошло заседание общественного пункта охраны порядка

Власть Общество

Ці дапамогуць душавыратавальныя гутаркі?
На чарговае пасяджэнне грамадскага пункта аховы парадку, што прайшло на мінулым тыдні, былі запрошаны парушальнікі грамадскага парадку,  правілаў дарожнага руху, абавязаныя асобы і іншыя.
Смешна і сумна слухаць недарэчныя, часта бессэнсоўныя тлумачэнні дарослых людзей. Відавочная галоўная прычына ўсіх здарэнняў – алкагольнае ап’яненне парушальнікаў. Прычым, набор выпадкаў практычна аднолькавы кожнае пасяджэнне.
Два падобныя выпадкі: ехалі за рулём у п’яным выглядзе, затрыманы ДАІ, штраф 20 і 30 базавых велічынь (2 і 3 мільёны рублёў), пазбаўлены правоў на тры гады, а значыць, перавод на работу з меншай зарплатай. Што прымусіла сталых людзей так рызыкаваць і прыйсці да такога фіналу? Адказ на дне шклянкі.
Яшчэ адзін наведвальнік, можна сказаць, “штатны”, бо кожны раз у п’яным выглядзе ўчыняе скандалы дома, і жонка “здае” яго ў міліцыю. Ён зноў і зноў тлумачыць свае паводзіны занадта актыўным характарам.
Сталы мужчына, пенсіянер, трапіў у поле міліцыі, калі п’яны ішоў па вуліцы. Запэўнівае, што гэта быў адзіны выпадак, але не верыцца, хутчэй за ўсё такое адбываецца часта, а вось трапіў адзін раз.
Узнікаюць сумненні ў магчымасці перавыхавання дарослых людзей са сфарміраванымі паводзінамі ў выніку душавыратавальнымі гутаркамі. Магчыма, трэба проста выкарыстоўваць закон: трапіў з правапарушэннем – адказвай па закону, атрымлівай штраф ці іншае пакаранне.
На пасяджэнне назіральнай камісіі райвыканкама запрашаюцца і асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, і знаходзяцца пад наглядам. Некаторыя з запрошаных шчыра звярталіся за дапамогай, бо не ведаюць, як  выйсці з замкнутага кола: каб уладкавацца на работу, патрэбны дакументы, каб атрымаць дакументы, патрэбна жыллё, каб атрымаць жыллё, патрэбна работа.  Многія згубілі падчас знаходжання ў месцах пазбаўлення волі і сям’ю, і жыллё. Такім асобам у камісіі прапаноўваюць рэальныя выхады з сітуацыі, дапамагаюць уладкавацца на работу, атрымаць дакументы.
А ёсць катэгорыя людзей, якія не жадаюць працаваць, бо іх задавальняе існуючая сітуацыя. Яны маюць нейкі дах над галавой, выпадковыя заробкі, даходы сужыцеляў. Яны часам нават не ўтойваюць свайго нежадання мяняць што-небудзь у жыцці. З такімі асобамі вядзецца жорсткая размова, даюцца строгія тэрміны, яны ставяцца на кантроль. Бо для многіх вынікам можа стаць перасяленне за краты.
Але асноўная задача камісіі – дапамагчы  выправіцца, уладкавацца на работу, даць яшчэ адзін шанс выйсці на нармальны жыццёвы шлях, стаць паўнавартасным членам грамадства.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана щ №86 ад 30.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *