Здоровье и компьютер.

Здоровье

Дзеці і камп’ютар
Часта бацькі цікавяцца: ці шкодны для дзяцей камп’ютар? Скажам адразу,  камп’ютар – вялізная заваёва чалавецтва, на яго ўскладаюцца вялікія надзеі ў трэцім тысячагоддзі.
Так што адмаўляцца ад яго  марна, ды і не трэба.  Калі ж гаворка ідзе пра дзяцей, бацькі павінны ўлічваць наступныя асаб-лівасці і абмежаванні.
Работа на камп’ютары можа прынесці вялікую карысць у працэсе навучання дзіцяці. У ім інфармацыя пададзена дынамічна, прыгожа, сцісла, выкарыстоўваецца мультыплікацыя, задзейнічаны многія асацыятыўныя сувязі. Усё гэта  аказвае станоўчы ўплыў на эмацыянальную і валявую сферы псіхікі, развівае ўвагу і дакладнасць. Мозг вызваляецца ад руціннай работы, якая аднімае шмат часу. І яшчэ – камп’ютар змяняе адносіны да сваіх памылак. Кантактуючы з ім,  дзіця лёгка выпраўляе памылкі, не збіваецца з правільнай дарогі. Менавіта так адносяцца да памылак творча адораныя і мэтанакіраваныя натуры.
Ёсць, аднак, у гэтым станоўчым і непажаданы момант. Набыўшы прывычку лёгка выпраўляць памылкі, дзіця можа перанесці гэтую лёгкасць у поўнай меры на само жыццё. Дзіця навучыцца беспадстаўна рызыкаваць і весці сябе безадказна.
Разгледзім уплыў лагічных і стратэгічных камп’ютарных гульняў на  дзіцячую псіхіку і на энцыклапедычнасць ведаў. Калі гульні пазнавальныя, калі яны выкарыстоўваюць нацыянальны каларыт, гістарычныя падзеі і звесткі – гэта можна толькі вітаць. Тым не менш адбываецца такая моцная канцэнтрацыя ўвагі, што дзіця можа ўвайсці ў своеасаблівы транс, яно губляе адчуванне рэальнага часу.  Узнікае праблема “завісання ў камп’ютары”, калі дзіця па некалькі гадзін не можа адарвацца ад экрана і, як вынік, – пагроза камп’ютарнай залежнасці.
Калі ж гульні нізкапробныя, сюжэты толькі пагоні і забойстваў, дзе ў ролі ахвяр выступаюць людзі,  можа рэзка знізіцца псіхалагічны бар’ер на падобныя ўчынкі. Ды і адносіны да насілля і гвалту  становяцца неўсвядомленымі. А гэта вельмі небяспечна ў рэальным жыцці.
Пры працяглым кантакце з камп’ютарам можа ўзнікнуць праблема адносін чалавека з людзьмі. Дзіцяці трэба набірацца вопыту зносін, прычым яны павінны быць працяглымі і разнастайнымі.  Зносіны для псіхікі – тое ж, што харчаванне для цела.  Для нармальнага развіцця чалавеку патрэбны бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны і мінералы, псіхіка ж мае патрэбу ў зносінах  з людзьмі рознага полу і ўзросту, розных сацыяльных груп і нацыянальнасцей. Ці многа дае для калорый і вітамінаў галоднаму чалавеку “смачная” тэлеперадача? У такім жа становішчы аказваецца псіхіка дзіцяці, які замкнуўся толькі на камп’ютары.
Існуюць санітарныя нормы пры рабоце з камп’ютарам, парушыўшы якія чалавек наносіць арганізму непапраўную шкоду. Пры працяглай рабоце на камп’ютары адбываюцца перагрузкі зроку, пазваноч-ніка, некаторых груп мышцаў спіны, чалавек стамляецца, знясільваецца яго нервовая сістэма. Каб пазбегнуць гэтага, трэба рабіць 10-15-хвілінныя перапынкі кожныя 45 хвілін работы (для вучняў старэйшых класаў), а для малодшых школьнікаў работа на камп’ютары не павінна перавышаць 30-40 хвілін.
Н. КЛІМЕНЦЬЕВА, педагог-псіхолаг.
Надрукавана ў №88 ад 06.11.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *