В Шумилино прошли торжества по случаю 95-й годовщины Октябрьской революции

Актуалии Общество

Гэта наша гісторыя
7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – некалі святочная дата для дзясяткаў краін свету. Сёння нават у Расіі гэтая дата перайшла ў лік памятных, як святочная яна адзначаецца толькі ў нашай краіне і Кыргыстане. Не сціхаюць спрэчкі пра змест і значэнне гістарычнай падзеі, якая адбылася 95 год таму ў Расіі. Але ніхто не спрачаецца з тым, што кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года паўплывала на агульны ход сусветнай гісторыі.
6 лістапада дэлегацыі арганізацый і прадпрыемстваў Шуміліна сабраліся на цэнтральнай плошчы, каб ускласці кветкі да помніка У. І. Леніну – правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі, першаму кіраўніку савецкай дзяржавы, якая ўзнікла ў вы-ніку рэвалюцыйных падзей.
Далей калона на чале з кіраўніцтвам раёна адправілася да брацкіх могілак, дзе адбыўся ўрачысты мітынг. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў нагадаў пра значэнне рэвалюцыі, як асновы для стварэння справядлівай дзяржавы, дзяржавы працоўных,  дзяржавы сацыяльнай роўнасці. Подзвіг воінаў, якія пахаваны на могілках, быў прысвечаны абароне тых ідэй, што былі ў аснове Кастрычніцкай рэвалюцыі.
На мітынгу выступілі старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў В. І. Жандараў, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава.
Прысутныя ўшанавалі памяць воінаў, загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, хвілінай маўчання. Старшыня райвыканкама У. П. Куранны, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, прадстаўнікі арганізацый райцэнтра, прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да помніка.
Урачыстасці прадоўжыліся ў Шумілінскім ГДК. З прамовай выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, Ірына Мікалаеўна расказала пра тыя станоўчыя змены, якія прынесла Кастрычніцкая рэвалюцыя рабочым і сялянам, прыгнечаным класам і народам, нагадала пра такія сацыяльныя заваяванні, як бясплатная адукацыя, медыцына, жыллё і іншае, што стала магчымым у выніку сацыялістычнай рэвалюцыі.
“Але не ўсё было лёгка і гладка, былі і памылкі. Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла многа гора і смярцей: мільёны людзей сталі ахвярамі Грамадзянскай вайны, наступных рэпрэсій, – нагадала Ірына Мікалаеўна. – Ясна адно – гэта наша гісторыя і змяніць яе немагчыма. Да гісторыі мы абавязаны адносіцца з павагай, бо яе тварылі нашы продкі”.
І. М. Новікава расказала пра асноўныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў бягучым годзе, павіншавала ўсіх з 95-й гадавінай Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Калектыў гарадскога Дома культуры падрыхтаваў святочную праграму “Назад у мінулае”. Гледачы “на крылах самалёта” здзейснілі рэйс 60-90: на сцэне гучалі найбольш папулярныя і любімыя песні і мелодыі 60-90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №89 ад 09.11.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *