Семинар-практикум по вопросам защиты прав и интересов детей прошёл в Шумилино

Актуалии Власть Общество

Правы дзяцей – найперш
8 лістапада ў вялікай зале пасяджэнняў райвыканкама прайшоў раённы семінар-практыкум на тэму: “Роля органаў кіравання і самакіравання тэрытарыяльнага ўзроўню па абароне правоў і інтарэсаў дзяцей”.  Удзел у рабоце прынялі кіраўнік раёна У. П. Куранны, старшыні сельвыканкамаў,  кіраўнікі ўсіх адукацыйных устаноў раёна, загадчыкі клубаў і бібліятэк, прадстаўнікі праваахоўных органаў, пажарнай службы і іншыя.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які вёў работу семінару,  абгрунтаваў неабходнасць такой формы работы, заўважыў, што па выкананні Дэкрэта №18 у нашым раёне яшчэ шмат праблем. Галоўнае, што недастаткова скаардынаваная работа паміж усімі суб’ектамі прафілактыкі. А задача, адзначыў Анатоль Мікалаевіч, ва ўсіх агульная – аздаравіць сітуацыю ў нядобранадзейных сем’ях і вярнуць туды дзяцей, не дапусціць схаванай нядобранадзейнасці, своечасова яе выяўляць, змагацца з нядбайнасцю і алкагалізмам бацькоў.
Пра нескаардынаванасць работы гаварыла і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Л. А. Грузневіч. Яна ўпэўнена, што і грамадскасць, мы з вамі, не павінны заставацца ў баку ад праблем адзін аднаго: суседзі, калегі, аднавяскоўцы могуць дапамагчы, своечасова прыцягнуць увагу адпаведных службаў. З кожнай сям’ёй варта працаваць індывідуальна, упэўнена Людміла Аляксееўна. Таксама спецыяліст выказала думку, што да такіх сем’яў варта прыгледзецца яшчэ тады, калі жанчына становіцца на ўлік па цяжарнасці ў жаночую кансультацыю, як робіцца гэта ў Пастаўскім раёне. Часта з-пад кантролю выбіваюцца і маладыя людзі, што паспяхова паступілі вучыцца пасля школы, але на заняткі па нейкіх прычынах ездзіць перасталі. У падобных выпадках незаменнай будзе пільнасць старшыняў сельвыканкамаў, мясцовых педагогаў, аднавяскоўцаў.
Старшыня райвыканкама, прымаючы актыўны ўдзел у абмеркаванні праблемы, выказаў думку, што па-за ўвагай  сацыяльных службаў застаюцца і дзеці, якія не наведваюць дзіцячы сад. Уладзімір Пятровіч адзначыў таксама, што ўсе мы часта абыякава ставімся да чужых праблем, не абцяжарваем сябе клопатам пра дзяцей, якім патрэбна дапамога. Многія адказныя асобы фармальна падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў.
Трэба, каб дзеці былі занятыя кожную хвіліну, каб ім было куды пайсці, каб ім было цікава. Гэта клопат школ, пазашкольных устаноў, клубаў і бібліятэк. Забаўляльныя ўстановы патрэбны і ў райцэнтры. Адной “Кляксы” ў гарадскім парку недастаткова – перакананы кіраўнік раёна.
Медыцына, культура, праваахоўныя органы, пажарная і сацыяльная службы – на мерапрыемстве прагучала шмат прапаноў па канкрэтным узаемадзеянні паміж сабой гэтых службаў для зніжэння і выкаранення сямейнай нядбайнасці.
Да слова. У нашым раёне зарэгістравана 114 абавязаных асоб. З іх працуюць 84. 16 знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, 14 – у ЛПП, 6 – у вышуку. Імі вяртаецца толькі 55% затрачаных дзяржавай сродкаў на выхаванне іх дзяцей. За гэты год ад бацькоў было забрана 11 дзяцей. Шэсць за гэты ж перыяд вернуты ў біялагічныя сем’і ў сувязі з аздараўленнем сітуацыі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №90 ад 13.11.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *