Воспитывать собственным примером

Общество Семья

Прасіце прабачэння самі
Вельмі часта даводзіцца назіраць карціну, калі “старанныя” бацькі літаральна вытрасаюць са свайго малога словы прабачэння: “Папрасі прабачэння ў Сярожы: ты яго пабіў”, “Пакуль не папросіш выбачэння, гуляць не пойдзем”, “Скажы зараз жа: “Прабач мяне, мама, я больш так не буду” і г. д.
Добры намер, на першы погляд. Неабходна вучыць дзіцяці ветлівасці, прывіваць іншыя, вельмі важныя для жыцця якасці. Дзеці ж дзеляцца на дзве катэгорыі. Адны ўпруцца і на за што не папросяць гэтага самага прабачэння. І ніякія ўгаворы ці пагрозы не дапамогуць. А іншыя, наадварот, гатовы па дваццаць разоў за дзень выбачацца, з нагоды і без. Можна меркаваць, што ні адзін, ні другі варыянт істотнай карысці для станаўлення асобы дзіцяці не прыносіць. І ў першым, і ў другім выпадку прабачэння прасіць малы не ўмее, як і прызнаваць сваю віну і раскайвацца.
Тым часам навучыць дзіця прасіць прабачэння па-сапраўднаму, шчыра – вельмі важна. Без гэтага ўмення яму няпроста прыйдзецца ў дарослым жыцці, узнікнуць цяжкасці ва ўзаемаадносінах з людзьмі. Толькі навучыць, мне здаецца, не значыць з дня ў дзень паўтараць: “Папрасі прабачэння”, “Трэба прасіць прабачэння, калі вінаваты (выхаваны)”, “Ад цябе не адваліцца, калі скажаш “даруй”.
Самы надзейны спосаб – самому шчыра выбачацца перад дзіцём, калі павёў сябе несправядліва. Бацькі часта гэтым грэбуюць, лічаць, што дзіця яшчэ не дарасло да такога “гонару”, што гэтым “прабач” яны нейкім чынам скампраметуюць сваю бацькоўскую годнасць, страцяць у вачах сына ці дачкі аўтарытэт.
Але, па-мойму, толькі так можна выхаваць па-сапраўднаму неабыякавага чалавека, навучыць яго шчыраму “прабач”, навучыць прызнаваць свае памылкі, а значыць, у далейшым яму будзе лягчэй ісці па жыцці. Бо толькі тое, што  робяць мама і тата, па-сапраўднаму адкладваецца ў свядомасці дзіцяці як норма жыцця.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №96 ад 04.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *