Без человечности не будет вечности. Уровень культуры общества определяется отношением к старикам, детям и инвалидам.

Общество

“Нам хочацца жыць паўнацэнна”
Для інваліда па зроку схадзіць у магазін, зняць паказчыкі лічыльніка, пакарыстацца пандусам, памыць акно – сапраўднае выпрабаванне.
Пра гэта і наогул пра дзейнасць раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” гаварылі ў сераду 5 снежня на гадавым выніковым сходзе. У мерапрыемстве ўдзел узяў К. К. Ламчаноўскі, старшыня абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ”.
Раённая суполка налічвае сёння 52 чалавекі, расказала старшыня арганізацыі Г. Ф. Маркава. Гэта людзі, якія ахвотна і актыўна ўдзельнічаюць у сацыяльна-культурным жыцці раёна. Галіна Фёдараўна гаварыла, што інваліды па зроку своечасова праходзяць аздараўленне, забяспечваюцца сродкамі рэабілітацыі: кіямі, спецыяльнымі гадзіннікамі, танометрамі і тэрмометрамі.
Засталося выразнае адчуванне таго, што гэтыя людзі стараюцца жыць дружна, паўнацэнна і шчасліва. Яны не ўпускаюць шанс выехаць на экскурсію, у госці ў іншы раён, адзначыць юбілеі.
Але ж і болю, што накапіўся ў іх сэрцах, таксама нельга было не пачуць. Н. Р. Масько і Н. Р. Сіпко агучылі тыя праблемы, з якімі кожны, хто дрэнна бачыць, сутыкаецца літаральна штодня. У раёне рэалізуецца праграма па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, але ж на справе выходзіць, што  перад людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі – скрозь адны бар’еры. Прычым там, дзе, здаецца, і гаварыць няма пра што.
Ля ўніверсама “Цэнтральны” пандус ёсць, але подступ да гэтай зручнасці надзейна займае веласіпедная стаянка. Нараканні ж на гэты конт выклікаюць нязменнае раздражненне работнікаў магазіна. Гэтая ж рэакцыя і на просьбы людзей са слабым зрокам дапамагчы з пакупкамі. Кошт тавару на цэнніках указаны дробным шрыфтам, не разгледзець. “Не бачыце?! Насіце трое акуляраў ці ідзіце ў іншы магазін”, – менавіта так, як запэўніваюць жанчыны, з імі размаўляюць у галоўным магазіне райцэнтра. “Вось і ходзім у “Вежу” ці “Эканом”. Там да нас ставяцца ўважліва, дапамагаюць. Туды, дзе ўсё больш “рыкаюць”, стараемся не заходзіць”, – гаворыць Ніна Рыгораўна. Такое стаўленне да людзей, чые магчымасці абмежаваныя, проста шакіруе. І К. К. Лачманоўскі, узяўшы слова, пацвердзіў, што работнік магазіна абавязаны дапамагаць інваліду зрабіць пакупкі. У Віцебску, у іншых раёнах такіх пытанняў не ўзнікала.
Таксама Канстанцін Канстанцінавіч параіў актыўна супрацоўнічаць з моладдзю, БРСМ, шукаць спонсараў, якія матэрыяльна падтрымаюць.
Дзень дабра, любові і міласэрнасці
“Канешне, Міжнародны дзень інвалідаў – гэта не свята. Але мы сёння будзем радавацца, будзем спяваць і танцаваць”, – так аптымістычна дала старт мерапрыемству з нагоды дня інвалідаў старшыня раённага таварыства інвалідаў Л. М. Нагібава. Так і атрымалася. Работнікі Дома культуры, дзе праводзілася мерапрыемства, асабліва шчыра выконвалі свае нумары, а гледачы кожнага артыста праводзілі са сцэны шчодрымі апладысментамі і воклічам “Брава!”. Усе смяяліся, падпявалі, не забываючы падзяліцца адзін з адным навінамі, спытаць пра здароўе.
Першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч узнагародзіў актывістаў таварыства, пажадаў усім моцнага здароўя і аптымізму.
Святочны канцэрт працягваўся танцавальна-гульнявой праграмай, у фае былі наладжаны выставы раённай бібліятэкі і Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
У доме рамёстваў чакаюць дзяцей
– Бацькі надзвычай сціпла выкарыстоўваюць магчымасць паўдзельнічаць у нашым праекце, – падзялілася клопатам галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая.
– А вельмі шкада, бо мы гатовы прапанаваць шмат цікавага і працаваць на самых розных умовах.
Справа ў тым, што гэтай восенню стартаваў сумесны праект аддзела культуры і Чырвонага Крыжа пад назвай “Напоўнім любоўю сэрцы”. Ён накіраваны на дапамогу дзецям з 1, 2, 3 і 4 ступенямі страты здароўя. Малюнак, ткацтва, вязанне, батлейка, саломка – гэта далёка не поўны пералік заняткаў, якія дзіця можа наведваць у раённым Доме рамёстваў. Прычым, калі такой магчымасці няма, то майстры гатовы займацца з дзецьмі і дома. Прычым, не толькі самі заняткі праводзяцца бясплатна, але і даюцца ўсе расходныя матэрыялы для творчасці, і вырабы таксама дзеці могуць пакідаць сабе. Усё гэта магчыма пры фінансавай падтрымцы Чырвонага Крыжа.
Валянціна Георгіеўна расказала, што на снежань запланавана шмат навагодніх мерапрыемстваў. Тэатралізацыя, абавязковыя падарункі ад Дзеда Мароза кожнаму дзіцяці, чаяпіцце з прысмакамі, разнастайныя гульні і забавы будуць цікавыя дзецям, падораць ім навагодні настрой, дазволяць лішні раз парадавацца, пазнаёміцца з новымі людзьмі.
Удзел у рэалізацыі праекта прымаюць і вучні нядзельнай школы.
Майстры Дома рамёстваў шчыра чакаюць дзяцей, гатовы праводзіць заняткі і ў будні, і ў выхадныя. Больш падрабязна пра магчымасці праекта можна даведацца па тэлефонах: 4-19-45 і 4-19-03.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №97 ад 07.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *