В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

Навошта ўводзіць  у зман?
Праведзена пазапланавая праверка  КУСГП “Астроўшчына” Полацкага раёна. Устаноўлена, што загадчыкі чатырох ферм  прадпрыемства хітравалі, ашуквалі статыстычныя органы, паказваючы ў справаздачах замест паморку жывёлы факты продажу яе работнікам гаспадаркі ў лік заработнай платы або матэрыяльнай дапамогі. На самой жа справе ніякі маладняк буйной рагатай жывёлы людзям не прадаваўся. Загадчыкі ферм стараліся пазбегнуць дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.
Было складзена такім чынам 30 фіктыўных актаў, згодна з якімі быццам бы было прададзена работнікам прадпрыемства 30 галоў маладняку жывёлы агульнай вагой больш за адну тону на суму амаль 9 мільёнаў рублёў (з гэтай сумы ў лік матэрыяльнай дапамогі  – 5,9 мільёна). Па матэрыялах праверкі ўзбуджаны дзве крымінальныя справы.
Схема хітрая, але яе “раскусілі”
Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю ўсё часцей сутыкаюцца з самымі вытанчанымі схемамі нядобрасумленных здзелак. Нядаўна выяўлены хітрыкі, на якія ішлі падрадчыкі-будаўнікі пры  маўклівай згодзе тэхнічнага нагляду. Пры будаўніцтве першай чаргі райбальніцы ў Шаркоўшчыне кошт выкананых работ толькі па ўстаноўцы агароджы, якая акальцоўвае  тэрыторыю бальніцы,  завышаны на 152,6 млн. рублёў. Будаўнікі пайшлі на хітрыкі з заменай параметраў пліт агароджы, у выніку бюджэт страціў 45 млн. рублёў. Была выяўлена і другая, не менш прадуманая  схема, ад  рэалізацыі якой кошт вырабаў павялічыўся на суму 87,7 мільёна рублёў. Была і трэцяя схема, якая датычылася пакрыцця падлогі ў радзільным аддзяленні.
Выяўлены злоўжыванні пры будаўніцтве аб’екта, які належыць Дэпартаменту выканання пакарання Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Аб’ект узводзіўся за межамі горада, таму рабочым належала кампенсацыя за раз’язны характар работы. Аднак на будаўніцтва прыцягваліся асуджаныя, якія, вядома ж, не атрымлівалі кампенсацыю, хаця яна прад’яўлялася да аплаты. Такім чынам з бюджэту пералічана  па гэтым артыкуле (раз’язны характар работы) 25 мільёнаў рублёў.  Узнікае пытанне: чаму ж не кантралявалі гэтыя пытанні УКБ аблвыканкама і сама падрадная арганізацыя?
Кантроль і аналіз
У лістападзе 2012 года  праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў 19 гандлёвых кропках г. Віцебска, Лёзненскага і Ушацкага раёнаў. І хаця на спажывецкім рынку вобласці захоўваецца стабільная сітуацыя, усё ж не выкараняюцца такія факты, як продаж тавараў з прайшоўшым тэрмінам прыгоднасці, не захоўваецца асартыментны мінімум, не заўсёды маюцца цэннікі, а калі і маюцца, то напісаны дробнымі літарамі і лічбамі. У Лёзненскім і Ушацкім раёнах не можа задаволіць спажыўцоў сістэма  завозу, у прыватнасці, малочнай прадукцыі. Такое здараецца з прычыны невыканання заявак і неарганізаванасці кіраўніцтва, як было дапушчана ва Ушацкім раёне, дзе не наладзілі дадатковы завоз малочнай прадукцыі з Лепеля. Нярэдка дапускаюць размяшчэнне прадуктаў прама на падлозе, без падтаварнікаў. У адным з магазінаў Лёзненскага раёна ў продажы была каўбаса паўвэнджаная “Кіеўская”, якая мела яўна нетаварны выгляд.
У магазіне ПГПУП “Кампанія АЗС”, г. Віцебск  адзін з прадаўцоў захоўваў уласныя грошы ў скрынцы стала, на якім быў размешчаны касавы апарат. У гандлёвай зале ў маразільніку разам з прыгоднай для ежы прадукцыі захоўва-ліся тавары з прайшоўшым тэрмінам прыгоднасці. Узнікае сумненне, што прадаўцы хацелі спісаць заляжалы тавар ці адправіць яго на перапрацоўку.
Па выніках праверак у лістападзе 2012 года  да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 28 чалавек, да дысцыплінарнай – 15. Выяўленыя хібы ў рабоце сталі прадметам вострай размовы на пасяджэнні Лёзненскага райспажыўтаварыства.
Падрыхтаваў Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №100 ад 18.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *