Что такое коммерческое жильё?

Общество Экономика

Камерцыйнае жыллё
У нашым жыцці з’явілася новае паняцце – камерцыйнае жыллё. Дакладней, яно не новае, бо многія грама-дзяне ператварылі ўласныя кватэры і дамы ў крыніцу даходу і здаюць іх тым, хто мае патрэбу. Новым з’яўляецца тое, што да камерцыйнага выкарыстання жылых памяшканняў перайшла дзяржава, дзяржаўныя арганізацыі. Перыядычна на старонках раённай газеты з’яўляюцца аб’явы пра наяўнасць такога жылля ў Шуміліне і сельскіх населеных пунктах.
Адразу ўзнікае шмат пытанняў. Што гэта такое? Хто мае права на атрыманне такога жылля? Як за яго разлічвацца? Паняцце “жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання “ было ўведзена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2011 года №512 “Аб некаторых пытаннях выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду”.
Як патлумачыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёў, указ дазваляе мясцовым выканаўчым і распарадчым органам ствараць фонд камерцыйнага жылля з ліку камунальнага. Пра наяўнасць такога памяшкання паведамляецца ў аб’яве і на працягу 15 дзён прымаюцца заявы ад грамадзян, якія жадаюць зняць такое памяшканне. Прэтэндаваць на яго могуць як грамадзяне, што стаяць на ўліку маючых патрэбу ў жыллі, так і тыя, хто такой патрэбы не мае. Пры вынясенні рашэння прыярытэт маюць спачатку асобы, што стаяць на ўліку. Калі такіх асоб некалькі, то першым будзе той, хто падаў заяву раней. Такі ж парадак і пры выдзяленні камерцыйнага жылля тым, хто не стаіць ў жыллёвай чарзе – першынства па часу падачы заявы.
Асаблівасцю платы за камерцыйнае жыллё з’яўляецца наяўнасць штомесячнай вызначанай платы звыш аплаты звычайных камунальных паслуг. Вядома, што сабекошт камунальных паслуг не пакрываецца той платай, што аплачваюць грамадзяне.  Камерцыйнае жыллё дазваляе атрымаць грошы, за кошт якіх можна будзе рабіць рамонт жылых дамоў, інжынерных сетак, праводзіць мадэрнізацыю ЖКГ.
Васіль Сцяпанавіч расказаў, што патрэба ў такім жыллі вельмі высокая. Цяпер свабоднага камерцыйнага жылля ў Шуміліне няма – усё здадзена. Знаходзяць свайго спажыўца і камерцыйныя кватэры на вёсцы.
Дагавор найму жылога памяшкання заключаецца тэрмінам да 5 гадоў. Пасля заканчэння дагавору наймальнік і члены яго сям’і могуць быць выселены без прадастаўлення іншага жылога памяшкання. Высяленне прадугледжана і пры ўзнікненні доўгу па плацяжах на працягу двух месяцаў  без паважлівых прычын.  Наймальнік, які належным чынам выконваў свае абавязкі, па заканчэнні тэрміну дагавору мае перавагу пры заключэнні дагавора на новы тэрмін. Дарэчы, наяўнасць дагавору найму камерцыйнага жылля дае права застацца на ўліку як маючаму патрэбу ў жыллі.
Для даведкі. Вопыт замежных краін паказвае, што там больш за палову ўсяго жыллёвага фонду складае арэнднае жыллё. Банкі даюць льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля не асобным грамадзянам, а фірмам, якія здаюць яго ў арэнду. У арандаваным жыллі людзі жывуць многія гады. Разам з тым, калі ўзнікае неабходнасць пераехаць, то не трэба думаць, як прадаць дом ці кватэру, як набыць жыллё на новым месцы. Гэта акалічнасць робіць працоўныя рэсурсы больш мабільнымі.
Таму будаўніцтва камерцыйнага жылля мэтазгодна і ў Беларусі. У 2013 годзе 5 камерцыйных дамоў пабудуюць у Мінску (да 2015 года – 3 тысячы кватэр).  5 дамоў будзе ўзведзена ў наступным го-дзе і ў Віцебску. Новая форма выкарыстання жылля паступова набірае абароты. Актыўна пачынаюць будаваць арэнднае жыллё і камерцыйныя арганізацыі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №100 ад 18.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *