С заседания ОПОПа

Актуалии Закон Общество

Як кропля, што камень точыць
Чарговае пасяджэнне грамадскага пункта аховы парадку (ГПАП) і пасяджэнне наглядальнай камісіі пры райвыканкаме прайшлі 19 снежня ў Шуміліне пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава. На пасяджэннях былі разгледжаны комплексныя планы работы гэтых фарміраванняў на будучы год. Планы насычаныя, рознабаковыя і галоўная іх накіраванасць – каардынацыя прафілактычнай работы дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, СМІ, грамадскіх арганізацый. Мэта ўсіх мерапрыемстваў – прадухіліць падзенне асоб, якія злоўжываюць алкаголем, схільныя да правапарушэнняў, абавязаных асоб, грамадзян, якія па розных абставінах трапілі ў “групу рызыкі”, у больш глыбокую бездань алкагалізму, злачынстваў, лайдацтва. Гэта і зразумела, бо гэтыя людзі жывуць побач, яны трапілі ў такое становішча па розных прычынах і далёка не ўсе згубленыя для грамадства, для дзяржавы. Некаторых яшчэ можна спыніць, можна дапамагчы сысці з крывой сцежкі. Зрабіць гэта магчыма толькі сумеснымі намаганнямі і сістэматычнай прафілактычнай работай.
***
Запрошана на пасяджэнне ГПАП было 24 чалавекі. Усіх без выключэння прывяла на пасяджэнне п’янка. Тое, што ўчынкі былі розныя – не прынцыпова, бо ўсе яны зводзіліся да аднаго: напіўся і пайшоў пракудзіць.  Калі слухаеш гэтых людзей, не разумееш, ці мелі яны розум, калі ўсё гэта ўчынялі, ці гарэлка ды “чарніла” адбіваюць усялякую магчымасць думаць?
Аднаму ў п’яным угары не спадабаліся ўшчуванні маці, і ён учыніў скандал. Сам ён упэўнены, што нічога страшнага ён не рабіў, так пачаў з ёй спрачацца. Але ж родная маці выклікала міліцыю не проста так, пэўна, была пагроза не толькі славесная з боку 50-гадовага сынка, які сядзіць на матчынай шыі і нідзе не працуе ўжо некалькі месяцаў.
Другі не разумее, за што яго выклікалі і, наогул, чаму яго забрала міліцыя: “Ішоў з паміну, на вуліцы было цёмна, заваліўся ў канаву. Прыехала міліцыя і забрала”. Зачытваюцца радкі з пратакола: “Знаходзіўся ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе”. – “Ды не, не ў грамадскім месцы. Я ў канаве быў”…
Трэцяму не спадабалася, што супрацоўнікі РАУС прымусова ўскрылі дзверы. А ён не пускаў міліцыю ў кватэру, дзе ўкрываў абавязаную асобу, што знаходзілася ў вышуку. Дарэчы, заяву аб вышуку гэтай жанчыны (як высветлілася, яго сужыцелькі) напісаў сам жа тры месяцы таму. Дык вось пасля візіту міліцыі мужык напіўся “для храбрасці” і ўчыніў скандал ў пракуратуры.
Чацвёрты, сталы мужчына, жыве з маці.  Не спадабалася, што яна пачала выгаворваць за п’янку, а яму дужа хацелася спаць. Выклікаў міліцыю, каб забралі і каб там выспацца. Выспаўся і заплаціў 400 тысяч за ілжывы выклік міліцыі (можна было ў “люксе” прыстойнага гатэля пераначаваць).
Яшчэ адна размова: “Ці ведаеш за што выклікалі? – Ведаю. Пілі каля вакзала, ды пад’ехала “Ахова” і забралі ў міліцыю”. – Дык якая выснова? – Трэба было да лазні адысці…”
Абнадзейвае ўсё ж, што некаторыя разумеюць ганебнасць выпадку, ім сорамна. Таму хочацца верыць, што больш такой ганьбы для сябе яны не дапусцяць.
***
Кантынгент, з якім працуе наглядальная камісія, іншага кшталту. Тут асобы, якія ўжо зрабілі злачынства і панеслі ці нясуць за гэта пакаранне, а таксама асобы, што стаяць на прафілактычным уліку (не аднойчы траплялі ў поле зроку супрацоўнікаў міліцыі, штрафаваліся і цяпер знаходзяцца ў кроку ад таго, каб пакаранне стала больш жорсткім).
З аднаго боку камісія імкнецца дапамагчы асобам, якія вярнуліся з “месцаў не вельмі далёкіх”, атрымаць дакументы, жыллё, знайсці работу, з другога боку – кантралюе іх паводзіны.
І зноў, колькі людзей – столькі характараў. Адны імкнуцца, каб атрымаць рэальную дапамогу: пашпарт, рэгістрацыю, па магчымасці жыллё. “А работу я сам знайду,” – запэўніваюць.
Іншыя з абыякавасцю ставяцца да свайго становішча: няма дакументаў – і няма, няма дзе жыць – недзе пераб’юся, няма работы – выпадковымі заробкамі абыдуся. А ёсць катэгорыя, што ўражвае нахабствам: “У калгасе працаваць не буду за тыя грашы, знайду работу”. Не працуюць месяцамі, усялякімі спосабамі імкнуцца адмовіцца ад прапаноў работы, цягнуць пакуль іх зноў не зловяць за руку на чарговым крадзяжы ці не ўчыняць нейкае іншае злачынства.
Можа ўзнікнуць пытанне пра эфектыўнасць работы камісіі. Але калі работа дасць эфект хаця б для аднаго-двух чалавек, якія задумаюцца пра свой лёс, паспрабуюць пачаць нармальна жыць, значыць трэба было працаваць. Прафілактычная работа як тая кропля, што камень точыць. Марудна, складана, але станоўчыя вынікі заўжды будуць.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №101 ад 21.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *