Защищать Родину

Молодёжь Общество

Прафесія — абараняць Радзіму
Ва ўсе часы абарона Айчыны з’яўляецца ганаровым і свяшчэнным абавязкам кожнага грамадзяніна сваёй краіны. Афіцэр — гэта цяжкая, але высакародная прафесія, паважаная ў грамадстве. Чалавек у ваеннай форме — гэта дзяржаўны чалавек, які забяспечвае адну з важных функцый дзяржавы — яе абарону. Сёння беларуская армія з’яўляецца гарантам незалежнасці, суверэнітэту і цэласнасці Рэспублікі Беларусь. А для маладых людзей служба ва Узброеных Сілах — магчымасць выканаць свой канстытуцыйны доўг і знайсці сваё прафесійнае прызванне.
Зараз прыярытэтным і найбольш перспектыўным накірункам будаўніцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь вызначана развіццё Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.  Таму і ваенная служба ў такіх войсках у якасці афіцэра найбольш прывабная, прэстыжная і перспектыўная.
Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны як від Узброеных Сіл прызначаны для прыкрыцця адміністрацыйных, прамысловых, эканамічных цэнтраў краіны, груповак войскаў  ад удараў праціўніка, агнявой падтрымкі і забеспячэння баявых дзеянняў іншых відаў і родаў войскаў. Для выканання гэтых задач кіраўніцтва краіны вядзе работу па закупцы новых узораў тэхнікі ў Расійскай Федэрацыі для пераўзбраення ВПС і войскаў СПА.
Афіцэрскаму складу дзяржава прадастаўляе шэраг ільгот і сацыяльных гарантый:
дадатковае грашовае ўзнагароджанне за класную кваліфікацыю, за асаблівыя ўмовы службы, надбаўкі за нясенне баявога дзяжурства па ахове Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы, за ажыццяўленне палётаў;
прадастаўленне акрамя асноўнага водпуску (30-45 сутак) сацыяльных водпускаў (да 10 сутак), а таксама дадатковага водпуску за нясенне баявога дзяжурства;
памер грашовага забеспячэння ваеннаслужачых вышэй за сярэднестатыстычны па краіне;
выплата штогадовай аднаразовай дапамогі на аздараўленне і аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў памеры 2,3 акладу грашовага забеспячэння;
льготныя крэдыты на будаўніцтва ці набыццё жылых памяшканняў, выплата грашовай кампенсацыі за паднаём жылля;
бясплатнае медыцынскае абслугоўванне ў ваенных медыцынскіх установах;
гранічны ўзрост знаходжання афіцэраў на ваеннай службе 45 год (да падпалкоўніка ўключна), пасля якога прызначаецца пенсія.
Для ВПС і войскаў СПА падрыхтоўку афіцэраў з вышэйшай ваеннай спецыяльнай адукацыяй для замяшчэння пярвічных афіцэрскіх пасад (з прысваеннем воінскага звання “лейтэнант”) рыхтуе Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь на факультэтах СПА і авіяцыйным факультэце з тэрмінам навучання 5 год па 10-ці спецыяльнасцях, а таксама Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж.
Асобы з ліку грамадзянскай моладзі, якія жадаюць стаць курсантамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь альбо іншых вышэйшых ваенных навучальных устаноў, падаюць заяву ў ваенны камісарыят раёна па месцы жыхарства да 1 красавіка 2013 года.
За больш падрабязнай інфармацыяй пра ваенныя ўстановы адукацыі, пра ўмовы і тэрміны прыёму можна звяртацца на сайт Міністэрства абароны www.mod.mil.by , на адзіны рэспубліканскі сайт “Абітурыент”, у ваенныя камісарыяты па месцы жыхарства ці ў бліжэйшыя воінскія часці.
Заклікаем вас зрабіць выбар будучай прафесіі на карысць афіцэра Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Мы будзем рады бачыць вас у радах афіцэрскага корпуса Узброеных Сіл!
В. РУДЗЬ, намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце вайсковай часці 44943 Баравуха-1.
Надрукавана ў №6 ад 22.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *