Новое в законодательстве. Государственные пособия на детей

Закон Общество Семья

Дзяржаўныя дапамогі на дзяцей
Са студзеня 2013 года ўступіў у сілу новы Закон ад 29.12.2012 года № 7-3 “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”. Новы дакумент змяніў парадак назначэння дапамог на дзяцей да 3-х год.
Цяпер прадугледжана дыферэнцыраванае павышэнне памеру дапамог па догляду за дзіцяці ва ўзросце да 3-х год у залежнасці ад чарговасці нараджэння дзіцяці ў сям’і, зыходзячы з сярэднямесячнай зарплаты работнікаў у рэспубліцы.
Дапамогі ўстаноўлены на кожнае дзіця ў наступных памерах:
на першае дзіця — 35%,  на другое і наступных — 45%  сярэднямесячнай зарплаты.
Адменена норма выплаты дапамогі ў памеры 50% пры афармленні дзіцяці ў дашкольныя ўстановы. Яны будуць выплачвацца ў поўным памеры.
Пашыраны пералік відаў занятасці, пры якіх дапамогі выплачваюцца ў памеры 50%:
— асобам, якія працуюць больш чым на 0,5 стаўкі (не лічачы работы на даму);
— асобам, якія працуюць па грамадзянска-прававых дагаворах;
— індывідуальным прадпрымальнікам;
— прыватным натарыусам;
— асобам, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць;
— асобам, якія працуюць на ўмовах няпоўнага рабочага часу  (не больш паловы месячнай нормы рабочага часу) і якія адначасова выконваюць работу на даму больш чым у аднаго  ці некалькіх наймальнікаў;
— асобам, якія выконваюць работу на даму больш чым у аднаго наймальніка.
З-за таго, што новым законам адным катэгорыям сямей размеры дапамог павышаюцца, а другім зніжаюцца, асобам, якія стаяць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама даплата да сум за студзень 2013 года да памераў, вызначаных новым законам, у лютым 2013, а ўтрыманне сум дапамог за студзень 2013 года (пры зніжэнні дапамогі), рабіць не будуць.
Змяняецца сістэма падтрымкі сямей з дзецьмі старэй за 3 гады. Адмяняюцца дапамогі, назначаныя з улікам даходаў сям’і. Комплексная сацыяльная падтрымка малазабяспечаных катэгорый грамадзян будзе ажыццяўляцца сістэмай адраснай сацыяльнай дапамогі, замацаванай ва Указе Прэзідэнта № 41 ад 19.01.2012 года.
Цяпер дапамогі на дзяцей старэй за 3 гады ўстанаўліваюцца незалежна ад даходу сям’і толькі для сацыяльна слабых катэгорый сямей, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць самастойна забяспечыць матэрыяльнае ўтрыманне сям’і. Даныя дапамогі будуць прызначацца сем’ям, у якіх:
— выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 год;
— выхоўваецца дзіця ва ўзросце да 18 год, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека;
— бацька (айчым), усынавіцель з’яўляюцца ваеннаслужачым, што праходзіць тэрміновую ваенную службу;
— абодва бацькі (маці (мачаха), бацька (айчым) у поўнай сям’і альбо адзіны бацька ў няпоўнай сям’і, усынавіцель) з’яўляюцца інвалідамі 1 і 2 групы, а таксама адзін з бацькоў у поўнай сям’і з’яўляецца інвалідам 1 групы, а другі даглядае яго і атрымлівае прадугледжаную заканадаўствам дапамогу.
Дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сямей прызначаецца на кожнае дзіця ў памеры 50% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, а на дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 год — у памеры 70% найбольшай велічыні пражытачнага мінімуму.
Новым дакументам адмяняецца сістэма надбавак да дзяржаўных дапамог. Раней гэта былі надбаўкі да дапамог:
на дзяцей, народжаных па-за шлюбам, на дзяцей, усыноўленых адзінокімі асобамі;
на дзяцей, выхоўваемых адным бацькам, які скасаваў шлюб і не ўступіў у новы ў выпадку, калі другі бацька ўхіляецца ад выплаты аліментаў; на дзяцей, што знаходзяцца пад апекай ці папячыцельствам, у выпадках, калі бацькі ўхіляюцца ад выплаты аліментаў, у іншых выпадках, калі спагнанне аліментаў немагчыма;
на дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 год, выхоўваемых у сям’і;
на дзяцей ваеннаслужачых, што праходзяць тэрміновую ваенную службу, дзяцей курсантаў устаноў адукацыі, дзяцей ваеннаабавязаных, прызываемых на ваенныя ці спецыяльныя зборы, дзяцей рэзервістаў на час праходжання імі заняткаў і вучэбных збораў.
Зноў прызначаныя ў студзені 2013 года дапамогі будуць выплачвацца па нормах новага Закона № 7-З.
С. ВАЛЕКАВА, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *